Потым адзі афіцэр з налётчыкаў у масках пaпpaciў перапісаць верш пра "Убей" i пра "пяро". Гаварыў, што ў Гародні былі на гэтым тыдні выступленьні расейскіх пісьменьнікаў адносна маёй справы. Чамусьці ўпэўнены я, што гэты баец ня здасьць. Яму самому існуючы рэжым устыў. Відаць па чалавеку.
Учора перад магчымым пракурорскім абходам прыйшла медсястра i дала якіхсьці балгарскіх таблетак.
25 студзеня (субота)
Ноч. Чытаю Хуана Мантальво (1833-1889), эквадорскага пісьменьніка, які змагаўся супраць дыктатара Гарсія Марэны. Даведаўшыся, што вораг забіты, Мантальво сказаў "Маё пяро яго забіла".
Тацьцянін дзень. Па дарозе з прагулкі якісьці прапаршчык прыпыніў ды спытаў, адкуль я ведаю нейкага Окунева. Правакацыя? Ці проста дурны выбрык хахлаватага вертухая?
Па тэлебачаньні - сэрыя фільмаў на тэму "зоны": "Халоднае лета 53-га", "Паўднёвы цэнтрал" (у нас, аднак, паўночны)... Моцна хачу спаць, засынаю за сталом, а гэтага рабіць нельга.
Хорхе Лyic Борхес дзесьці сказаў: "Словы - гэта сымбалі, якія пастулююць агульныя ўспаміны. Toe, пра што мне хочацца цяпер расказаць, стала толькі маім успамінам; хто яго падзяляў, ужо памерлі".
26 студзеня (нядзеля)
Ноч пад раніцу. Ізноў ня выспаўся з-за тэлевізара й нездаровых духаў у страўніку. Апошняе - ад нездаровай печані.
Сон... Хочацца толькі сну. На белых прасьцірадлах, каб накрахмаленыя, а зь лядоўні - халоднае піва, сокі, рыба... Няўжо заўтра я змагу ўбачыць свабоду, няўжо звольняць з-пад варты?
27 студзеня, трэцяя гадзіна ночы
Рэзка абвастрыўся грып. Ня сплю, бо для адпачынку не мая пара. Божа, як хочацца ўдыхнуць чыстага паветра вясны, кіслароду хвойных парод!.. П'ю асьпірын i вітаміны.
29 студзеня
Раніца. Ізноў стала дрэнна - слабасьць, кідае ў пот, cyxi кашаль. Пішу заявы на санчастку, ды безвынікова. Белага хлеба сёньня ня далі, маўляў, завод зламаўся i белыя булкі не пячэ. Быў на прагулцы. Якое сіняе неба, яснае, вецер волі. Выбіраю - супраціўленьне, выбіраю - жыць на разрыў... Нічога я не выбіраю - я выжываю, як магу.
30 студзеня (чацьвер)
Ноч. Учора выклікаў начальнік санчасткі - зрэагаваў на мае заявы. Праблему маю "вырашылі" - далі жменю асьпірыну. А на дварэ файна - сонечна, ветрана, сьвежа. I нешта распісаўся я па-расейску. Відаць, асяродзьдзе ўплывае.
1 лютага (субота)
Дні за днямі. Пакуль адбываў на верхніх нарах сваю норму сну - застудзіў вуха. Мароз да -8 °С. У грудзях хрыпы, кашаль. Дацягнуць бы да суда.
2 лютага (нядзеля)
Грамніцы - зімы палавіцы. Мент пaпpaciў, каб ня йшлі на прагулку. Мянтам ня хочацца мерзнуць. З 12-й аршанскай тубзоны прывезьлі літоўца Рымаса, дзе ён лячыўся ад сухотаў, якія набыў на нашым цэнтрале, чакаючы прысуду. Як казалі сядзельцы, з-за таго, што многа паліў i не хадзіў на прагулку. Рымас з галавы вельмі падобны на нашага Багдановіча. Чаму вярнулі - ніхто толкам ня ведае. I ці вылечыў ён там свае маладыя сухоты - таксама ня ведаем. У "хату" 117 заехаў дух распаду - туберкулёз. I цяпер кожны раз, калі мы пускаем па коле кубак з чыфірам, кожны з нас думае пра сябе: "Божа, збаў мяне ад заразы, дай выжыць". Наш саракашасьцігадовы "дзед" таксама моцна кашляе, i гэта нас, сядзельцаў, пачынае хваляваць. Урэшце мы патрабуем, каб яго адправілі на флюараграфію. "Дзеда" забіраюць, больш у нашай камеры ён не зьяўляецца.