Выбрать главу

На твары ўжочылі прастудныя болькі - загніваю. Ва ўмовах турмы раны ўвогуле дрэнна зажываюць. Мясцовая медыцына нічым не дапамагае, таму тут сапраўды можна жыўцом згнісьці.

Сьнілася Валя, балючае душы маёй. А калі падумаць, дык усе мае любові - гэта балючкі-калючкі, якія сядзяць пад сэрцам i не сьпяшаюцца выходзіць. Ну не магу я любіць лёгка.

3 лютага

Ноч, тры гадзіны новых сутак. Над парашай адхаркваю цьвёрдымі, як пластылін, цаглянага колеру згусткамі. Дальбог, падыхаю.

4 лютага (аўторак)

Сёньня спаўняецца 10 месяцаў з дня арышту. Сядзельцы чыталі мае вершы, паціскалі руку...

5 лютага (серада)

Сяджу, кашляю, меланхолю паводле Гарэцкага, думаю, як выжыць. Ужо пяць дзён у лютым. Апатыя, усе сілы арганізму скіраваныя на барацьбу з хваробай. Не перастае балець галава, слабасьць, дрэнны апетыт...

Няма ўжо на пасадзе генпракурора В. Капітана, а я ўсё сяджу.

Дзень. У аблсудзе. Пачалося судовае паседжаньне. Называюцца прысутныя ў зале сьведкі. Прыехала Галіна (Арганістка). Такая ж раскошная i ўсьмешлівая. Сёньня з расейскай перакладае грамадзянка Воранава. Гэтым разам "мужчынскае слова" даваў публічна. Ім i завяршылася судовая разборка дня.

6 лютага (чацьвер)

Братва адпраўляе на суд, дае наказы. Чыфірнулі i - "на выхад". Прывезьлі ў суд аднаго мяне. На дварэ адліга. Можа сёньня?

7 лютага (пятніца)

У клетцы суда. Зайшлі сьпецыялісты ці эксьперты, ня ведаю, як i назваць - Алег Лойка ды Міхась Тычына. Сыра на вуліцы, над вачыма штуршкамі боль, іскры-зорачкі.. Пачынаецца. Каравульныя чакаюць, што мяне сёньня адпусьцяць. Адвакат перадае верш "Жывём", прысьвечаны мне. Гляджу на дзяўчыну, здаецца, яна працуе ў "Віцебскім кур'еры". Сядзіць адна, без пярсьцёнкаў i макіяжу. Злавіла мой позірк i ўсьміхаецца. Прыемная, я мог бы даць ёй некалькі ўсьцешных імгненьняў...

Першы выступае М. Тычына. Пракурор чапляецца да розных дробязяў. "Стишок о нашем конокраде" таксама інкрымінуюць мне. Прафесар А. Лойка пачаў выступленьне па-расейску, але прысутныя ў зале папрасілі гаварыць па-беларуску, што ён i зрабіў. Вельмі экспрэсіўна паводзіў сябе Юрась Карпаў, за што судзьдзя папpaciў яго пакінуць памяшканьне.

I вось гэты доўгачаканы момант - мяне адпускаюць пад падпіску пра нявыезд. Свабода! Каравульныя адчыняюць клетку, віншуюць, відаць, i яны задаволены, бо ня трэба больш пільнаваць грамадзяніна, які ўсяго толькі нaпicaў "Убей президента" - верш наколькі вядомы, настолькі i слабы...

ЭПІЛОГ

10 лютага (панядзелак)

Тры дні на свабодзе! Сустрэчы, роспыты, што ды як. Першае інтэрв'ю - газэце "Имя". Цікавяцца вершамі і здароўем, але спачатку - вершамі. Маім першым суткам на волі можа пазайздросьціць любы злодзей у законе душ і вячэра ў рэстаране гатэлю "Эрыдан", выпіўка і стрункія грудзі маладой жанчыны ў раскошным салоне аўто па дарозе на Менск. У сталіцы мая спадарожніца ідзе за мною ў мой інтэрнацкі катушок на Сурганава, 45/3. Проста, бязь лішіях размоваў жанчына кладзецца са мною, праўда, прапануе, каб з гумкай. Але я не цярплю гэтага ў інтымнай справе, я люблю судакрананьне эпітэлію без пасярэднікаў. Гігіена, давер і шчырасьць... За 10 месяцаў у пакоі перасохлі ўсе мае расьліны ў вазонах, талькі кактус, калючы кактус дачакаўся мяне. Я падліў яму жыцьцядайнае вільгаці, і ён досыць хутка іноў выпаўніў бакі.

У рэдакцыі "НН" падаравалі раскошную ружу - кветку эратычную, нават сэксуальную.

14 лютага ў Віцебску быў працяг працэсу. Ініцыятарам літаратурна-прававой экспертызы выступіў пракурор. Дасьледаваньне вершу "Убей президента" праводзіў інстытут літаратуры пад кіраўніцтвам В. Каваленкі.

15 лютага схадзілі з Алесем Пушкіным у лазьню, дзе нас, голенькіх, пазнавалі, віншавалі з выхадам на волю. Наведалі маладзёжна-дзіцячы цэнтар "Маладзік", у памяшканьнях якога разгорнута выстава Алесевых твораў. Праз некалькі тыдняў некаторыя яго працы будуць зьнятыя распараджэньнем чыноўніка ўпраўленьня культуры. Вырвуць таксама старонку з кнігі водгукаў, на якой я напісаў Пушкіну свае пажаданьні:

Дружа Пушкін! Нас не закрыць! Нас не спужаць! Мы будзем жыць і маляваць, мы будзем любіць прыгожых жанчын, будзем зьдзяйсьняць Беларускі Чын!..