Выбрать главу

Два тыдні папраўляў здароўе ў 5-м сталічным шпіталі, у якім многа нашых сярод медыкаў. Глядзяць фільм "Обыкновенный президент", чытаюць "Менскую вясну" і мой "Верш".

4 сакавіка ў шпіталі мяне наведала Валя С. - самае прыгожае ў маім жыцьці каханьне. I гэта была наша апошняя сустрэча.

7 сакавіка пад шум дажджу сьнілася, што ў сваім ложку я знайшоў хлапца зь дзяўчынай. Кавалер пасьля работы засынае, а дзяўчына ідзе па патрэбе. Яна, як котка, сіксае проста на падлогу, ад чаго ў мяне ўзьнікае жаданьне авалодаць ёю. Кавалер прачынаецца. Потым сьніўся разьбіты шматкватэрны дом, я ступаю па руінах, хачу сабраць ацалелыя беларускія кніжкі, мініятурны калаўрот, нейкі антыкварыят. У разьбітым доме жывуць людзі. Зь цемры выплываюць інтэр'еры кватэраў: акуратна засланыя ложкі, чыстыя кухні. Усё належыць ім. I я тут лішні, чужак...

8 сакавіка, на дзень майго нараджэньня, прыязджала Арганістка. Дзьве начы мы зь ёю добра-ткі адшалелі. Днём хадзілі па крамах, куплялі арганіку, пераважна бялок, каб было чым аднаўляць раскіданыя пад коўдраю сілы.

23 сакавіка жорсткімі сутычкамі з міліцыяй мы адзначылі Дзень Волі. "Талерантныя" беларусы білі беларусаў у форме жорстка й фанатычна кулакамі, нагамі, палкамі, кавалкамі лёду. Чалавек трыццаць міліцыянераў падалі заявы на звальненьне.

30 сакавіка быў наш Вялікдзень. Надвор'е паправілася, прабліскваў блакіт неба. Глядзеў, як па азіміне трусяцца дзьве кнігаўкі, шчыкаючы зялёныя пёркі пшаніцы. Кнігаўка - самая прыгожая птушка нашага ландшафту, сымболь нашых балючых любовяў да Бацькаўшчыны, да жанчыны... Кнігаўка мая, дзе твае паплавы?

2 красавіка на подступах да расейскага пасольства некалькі соцень пераважна маладых людзей выказалі свой актыўны пратэст супраць анэксіі Беларусі пад выглядам так званага "дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі". Некалькі тысяч міліцыянераў, амап, сьпецназ і салдаты ўнутраных войскаў абаранялі пасольства ад гневу беларускай патрыятычнай моладзі. У выніку вулічных баёў дзесяткі дэманстрантаў былі затрыманыя. Я свае пяць сутак адбыў у сьпецразмеркавальніку, што на вуліцы Акрэсьціна. У камеры толькі й размоваў, што пра барыкады, тактыку вулічных баёў, нацыянальную рэвалюцыю, партызанскую вайну... Як сказаў адзін з сядзельцаў, палец ужо ляжыць на спускавым кручку.

13 чэрвеня 1997 году ў будынку Вярхоунага Суда па справе № 182 быў абвешчаны прысуд.

Прысуд

імем Рэспублікі Беларусь

13 чэрвеня 1997 г. Судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда ў складзе старшыні Гурко Л.М., народных засядальнікаў Прышчэпава і Ляхавай пры сакратары Давыдавай з удзелам пракурора Чэчкі, адвакатаў Паганяйлы Г.П., Лапашынава і Волкава, разгледзеўшы ў адкрытым судовым паседжаньні ў гор.Віцебску крымінальную справу па абвінавачваньні

Адамовіча Славаміра Генрыхавіча,

8 сакавіка 1962 г. нараджэньня,

ураджэнца ст. Унежма

Анежскага раёну

Архангельскай вобласьці,

беларуса, з вышэйшай адукацыяй,

грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, карэспандэнта

газэты "Наша Ніва", які

жыве ў г.Менску, вул. Сурганава, 45/3,

Установіла:

Падсудны Адамовіч С Г. 13 кастрычніка 1995 году ў г.Менску па месцы свайго пастаяннага жыхарства ў інтэрнаце ПТВ-24 (...) з мэтай публічнай зьнявагі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананьнем ускладзеных на яго абавязкаў, напісаў у непрыстойнай форме верш "Убей президента" і памножыў названы верш машынапісным спосабам і ажыцьцявіў яго распаўсюджаньне сярод грамадзянаў (...).

Сьведка Галаўко Г.Г. (...) засьведчыла, што з Адамовічам С.Г. знаходзілася ў сяброўскіх адносінах. Зь вершам "Убей президента" пазнаёмілася ў лістоўцы "Лукашенская правда" і зрабіла выснову, што размова ў ім ідзе пра Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь(...).

Ацэньваючы ў сукупнасьці ўсе доказы, палітычныя погляды падсудных, актыўнасьць распаўсюджаньня выданьняў судовая калегія лічыць, што ў вершах "Убей президента" і "Стишок о нашем конокраде" размова ідзе пра Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вершы напісаныя ў непрыстойнай форме, што зьневажае гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы (...).

Прысудзіла:

Адамовіча Славаміра Генрыхавіча па арт. 213 ч. 3 КК РБ апраўдаць.

Прызнаць Адамовіча С.Г., Плешчанку У.Р. і Хамайду Б.X. вінаватымі ў публічным зьневажаньні прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ускладзеных на яго абавязкаў. (...)

Па арт. 15 ч. 2,80 ч. 1 КК РБ прызначыць пакараньне 10 месяцаў пазбаўленьня волі. У сілу арт. 39 ч. 1 КК РБ канчаткова прызначыць пакараньне Адамовічу С.Г. шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім 10 месяцаў пазбаўленьня волі з адбыцьцём у ППК агульнага рэжыму.