Выбрать главу

Падмочаная столь у кабінеце сьледчага ў цэнтральным корпусе КДБ у Менску, куды мяне, рэдактара газэты "Наша Ніва", абавязалі зьявіцца як сьведку ў справе журналіста i паэта Славаміра Адамовіча, найлепшым чынам сьведчыць пра тое, што былая "савецкая інквізіцыя" сёньня ня ў форме. Праўда, варта было выйсці з кабінету i азірнуцца на дзьверы зь вялізнай табліцай "Идёт допрос" у тоўстай чорнай рамцы, як атмасфера камісара Цанавы адразу нагадала пра сябе. Упершыню са сталінскіх часоў "органы" пасадзілі за краты беларускага паэта. Упершыню з часоў царскай ахранкі ў рэдакцыі "Наша Ніва" быў праведзены ператрус.

АРЫШТ

Журналіст Адамовіч надрукаваў у "Нашай Нiве" некалькі сваіх артыкулаў. Перад гэтым у Віцебскай газэце "Выбар" зьявіўся ягоны новы верш "Убей президента!". Сьледчы паказаў мне гэты верш, які кваліфікуецца як заклік да тэракту. Што праўда, у тэксьце не канкрэтызуецца, якога прэзідэнта заклікае забіць Адамовіч, але ж сёньня ў Беларусі ўсе думаюць толыкі пра аднаго прэзідэнта, якому пастаянна пагражае небясьпека - гэтым разам у выглядзе верша...

Дарэчы, у часе ператрусў у рэдакцыі "Нашай Нівы" "оперы" з асаблівым энтузіязмам накінуліся на фатаграфіі былой жонкі Адамовіча, дзе яна зьнятая разам з А. Лукашэнкам. Мне падумалася - Ці ня гэта яны шукалі? Прэзідэнт сустракаецца з былой жонкай Адамовіча, Адамовіч піша верш "Убей президента!", пасьля чаго "органы" садзяць за краты Адамовіча, а здымак канфіскуюць у рэдакцыі...

Малады сьледчы Сакольчык слаба разьбіраецца ў справах беларускага адраджэньня i папpaciy мяне гаварыць па-расейску. Па чалавечы ён разумее - абвостранае грамадзянскае пачуцьцё ў атмасферы грамадзянскага бясьсільля штурхае паэта на рэзкія словы...

Kaлi толькі з паводзін гэтага сьледчага рабіць выснову пра стан сёньняшняга КДБ, то выснова такая - дэзарыентацыя. Я сказаў яму так: наша газэта ні ад каго нічога не хавае, наадварот, інфармацыя - гэта наш хлеб; мы працуем строга на падставе Канстытуцыіі Беларусі i выступаем супраць тых (у тым ліку i прэзідэнта), хто гэтую Канстытуцыю не паважае i парушае. "Правільно делаете", - сказаў сьледчы Сакольчык...

З Адамовіча - скандальнага "рэваншыста" i паэта - яны спрабуюць зрабіць бандыта. Сапраўдныя бандыты пры гэтым атрымліваюць карт-бланш на сваю дзейнасьць. Дзесятак "операў" занятыя вершамі.

Як вы ацэньваеце ягоную паэзію? - пытаецца ў мяне сьледчы. Каб доўга не тлумачыць, кажу, што гэта "поэт есенинского типа", гэта значыць, як паэта яго даўно вывучаюць у школах, а пра Ясеніна-чалавека напісана процьма кніг, але так ніхто толкам i не зразумеў, што гэта за "птушка". Я думаю, вы перабольшваеце, - робіць выснову сьледчы-літаратуразнавец...

Сьледчы Сакольчык прыслаў да мяне "дзяржаўнага" адваката, які адкрыта пpaciў грошай, намякаючы на тое, што абараняць можна з розным энтузіязмам.

Але "Наша Ніва" - гэта не дабрачынны фонд. Чаму, цікава, адвакат не зьвярнуўся ў Хельсінскі камітэт? Пасьля сьледчы прапаноўваў разьмясьціць у рэдакцыі маці Адамовіча, якую ён выклікаў зь вёскі. Тут ужо ня вытрымаў выдавец, які сказаў у трубку, што тут рэдакцыя газэты, а не гатэль КДБ; калі вы "разьмясьцілі" Адамовіча, разьмясьціце і ягоную маці. Сакольчык пасьля гэтага пакрыўдзіўся і наслаў на рэдакцыю вобыск.

ВОБЫСК

Генеральны пракурор Капітан даў санкцыю на ператрус рэдакцыі. Чатыры гадзіны "оперы" заганялі ў адзін пакой супрацоўнікаў і аўтараў газэты, якія ўсё падыходзілі і падыходзілі (працоуны дзень). Дэбісты нікога не выпускалі, не дазвалялі адказваць на тэлефонныя званкі. Хтосьці забег на хвілінку - i застаўся на чатыры гадзіны, хтосьці не патрапіў у паліклініку на працэдуры, хтосьці не забраў са школы дзіця. Праца рэдакцыі была выбіта з графіку. Але дзеля чаго гэта ўсё робіцца i чаму такімі метадамі - так нixто i не зразумеў. "Оперы" таксама растлумачыць не маглі.

Наогул ператрус у рэдакцыі 24-палоснага тыднёвіка - справа няпростая. Асабліва калі перабіраць тоўстыя архіўныя папкі. А ў тых папках чаго толькі няма!..

Ясна, што забралі ўсе рукапісы Адамовіча, але пасьля пачалі "браць на газэту". Апісалі i канфіскавалі беларускую газэту "Зважай", якая выходзіць у Канадзе, некалкі лістоў у рэдакцыю, згаданы вышэй фотаздымак i нават мой накід рэдакцыйнай калонкі ў нумар, які яшчэ ня выйшаў. Падумалася, вось ходзіш, мучаешся, нарэшце ў галаву прыйшла першая думка, сеў, занатаваў; тут налятае КДБ i думку тваю канфіскуе. Ну хто сказаў, што ў 37-м было інакш? Сёньня - тваю думку, заутра - цябе самога. I пры гэтым ніхто i ніколі толкам табе ня скажа - за што.

Сяргей Дубавец,

"Свабода", №30 за 26 красавіка 1996 году