Выбрать главу
З НОВЫХ ВЕРШАЎ
БЕЛЫ МАРШ
Марш-марш, нас тысячы, рукі ў замок, воляю трызьняны, мераем крок.
Юныя, моцныя цягліцы плеч. Мы паўнамоцныя, іншыя - прэч!
Воды расталыя, вецер з Дняпра, зь верай паўсталыя крыкнем: "Ура!"
Мокра на дворышчах, сьветла ў душы, ворагаў зборышчы сьмела крышы!
Гэй жа, зьвязовы, хутчэй запявай песьню маршовую за Родны край!

8 лютага 2000 году

* * *
Самае-самае ноччу, раніцай, днём i вечарам я сузіраю ў думках, а потым ствараю прыгожае, альбо, калі не ствараецца,
вяртаю сябе да памяці, да пошукаў самага-самага - нябачнага, невымоўнага, але якое заўсёды, усюды i скрозь, дзе белая Краіна мая ўзьвіваецца ў неба сьцягамі Волі.

20 чэрвеня 2000 году,

Нью-Ёрк

* * *
Не для гномікау партыі - для сябе здабываю свабоду. Каб жыла, як заўсёды, упартая, каб зьнішчала плебейства пароду. Свабода мая ня кніжная, ня тая, камі ўсё, што хочацца, можна, рабіцъ і пыжыцца, i лярвай у ложку варочацца. Свабода мая вызвольная ваўчыцай цяжка параненай выходзіцъ з лагва падпольнага і ўецца незаарканенай. Свабода мая Беларусская крывёю чыстай крывавіцца i стужкай вузенька-вузкаю сьцякае па белай правіцы...

2001 год