Выбрать главу
- Палкоўнік, трымайце, вось вам рука, рука не солдата - поэта. I вып’ем давайце за колер кукард, за бела-чырвоны. За гэта!

12 траўня 1996 году

Нядзеля, скончыў чытаць пра змрочную расейскую раку. Шкада Прохара, Ніны, сябе, „нявесты”, якая дзесьці там трахаецца налева й направа, бацькоў ужо немаладых...

Надвячорак, пятая гадзіна. Радыёперадача пра М. Стральцова, у якой бяруць удзел В. Карамазаў, С. Кавалёў, А Кудравец.

Вечар. Радыёперадача „Дрэва жыцьця”. Дыялог: А. Кудласевіч - В. Чаропка. Пра што яны там разважаюць, калі я ўжо сяджу? Ненавіджу разважаньні як духоўную нямогласьць!

13 траўня 96 году, панядзелак

Адпаведны дзень выбраў мой сусед, каб ускрыцца. Выдабыўшы з аднаразовай жылеткі лязо i намачыўшы левае запясьце, чалавек пачаў рэзаць сабе вены. Рэзаў хвілін пяць-сем, я ляжаў на нарах, уткнуўшыся фізіяноміяй у шурпатую сьцяну камеры. Потым чалавек захроп, потым заціх. З абмяклай скрываўленай рукі ў пластыкавы жбан спакойна падалі чырвоныя кроплі. Гэта быў мне сігнал, што пара ўстаць i паклікаць вертухая.

Суседа забралі хутка i вярнулі ў камеру толькі вечарам. Спалатнелы, з зашытымі жыламі, ён упаў на шконку i не ўставаў да раніцы. Яму па-ранейшаму сьвеціць 15 гадоў турмы альбо выключная мера сацыяльнай абароны - расстрэл.

Вяртаюся да ранішняй прагулянкі. Чую ў суседнім дворыку галасы дзьвюх жанчын. Як дзіка - жанчына за кратамі! Адна маладая, дробна цокаюць абцасікі. Бегае з кута ў кут. Што яна нарабіла? За што? А што ні было б - так шкада. I такі голас - малады жаночы голас! Ну й дзянёк, жаль i нянавісьць ціснуць на грудзі, а я любіць хачу, ой як любіць!

14 траўня

Гадавы юбілей акупацыйнага „рэферэндуму”. Ноччу закінулі ў камеру самага сапраўднага кітайца Ліня. Днём пасьля абеду прынесьлі перадачу ад маткі.

15.05.96 году

Учора зайшла дачка ад дзяўчат, а таксама газэты. Чакаю пісьма ад Галіны. У кабінеце сьледчага адбылася сустрэча з маці. Вывозілі ў паліклініку, што на вуліцы Макаёнка. Прасьвяцілі лёгкія, доктар сказаў, што карані маёй дыхалкі чыстыя. Пакуль „сьвяцілі” - заляцаўся да ёмкай такой медсястры гадоў пад трыццаць пяць. Потым сказаў нехта, што гэта жонка аднаго з кантралёраў.

Едзем назад, у „амерыканку”. Бачу, каштаны выплылі, а вішня адцьвіла... Раптам абганяе нас таксі. У салоне, відаць, сям’я: бацька, маці і дачка гадоў чатырох-пяці: глядзіць у тыльнае шкло, проста на мяне глядзіць. Павольна прыпадымаю закайданеныя рукі, каб можна было ўбачыць з вуліцы. Няхай глядзіць малая, няхай запамінае. Можа праз гады ўспомніць, у кожнага ж ёсьць свой самы першы дзіцячы ўспамін, першы зафіксаваны эпізод пачатку жыцьцёвай дарогі. Божа, як балюча, як неміласэрна паказваць мне, зьняволенаму, гэтага вольнага анёла. Ці ўсьведамляе, ці разумее бацька гэтай дзяучынкі, што Бог паслаў яму жывую радасьць, а мне - толькі мару, мару пра дачку.

17 траўня

Да абеду прайшоу судова-медыцынскую камісію. Правяралі мой псіхічны стан два мужычкі і смуглявая жанчына ў веку за 60, здаецца, жыдоўка. Пытаньні задаюць: калі былі б вы мастаком, то якім чынам адлюстравалі б на вашай карціне беднасьць, страх, шчасьце, радасьць? I каб yciм было зразумела, што гэта менавіта радасьць, шчасьце, страх, беднасьць?

Потым маладзейшы махаў перад носам аутаручкай, загадваў прыўставаць на пальцы й пяткі.

Ідучы з камісіі, стрэльнуў у кантралёра цыгарэтку.

Соты загінаецца, ляжыць вось, рот раскрыты. А на волі якое цудоўнае надвор’е! Учора балела галава, нудзіла. Потым кашаль, потым выпіў карвалолу i заснуў. Калі суд, калі?

Сёньня бралі кроў на СНІД. Чорная нейкая наша кровачка. Душна. Беларускае радыё запраўляе да ачмурэньня, а прадольны не выключае, падла, кажа, слухайце, што баця кажа.

18 траўня

Кітаец, паскуда, дастаў. Загазаваў усю камеру, чмякае ротам, як сьвшьня, і прыстае, каб тлумачыў яму расейскія словы. Вось дзе ўжо гнюс азіяцкі, вось бы таго Новікава-інтэрнацыяналіста з кітайцам у адну камеру, каб адчуў еднасьць народаў...

Прайшоў лівень з грымотамі. Пасьвяжэла.

18 траўня

Лявон Галубовіч чытае па радыё вершы. Той самы, што ўсё пытаўся, калі я сяду, і не зьбіраўся насіць перадачы. А цяпер Кудласевіч вядзе зь нейкім Гардуном псэудаінтэлектуальныя размовы пра гісторыю хрысьціянства.