29 траўня
Вырашыў: з пятага чэрвеня іду на сухую галадоўку, адмаўляюся ад прадуктовых перадач. Падонкі з дзяржрадыё азьвярэлі канчаткова. Раніцай якісь підар паліваў на С. Шушкевіча i яго каманду, вечарам - паўтор. Вечар, 20:00. А. Кудравец залівае пра М. Чаргінца i ягоны раман „За секунду до выстрела”, які я днямі якраз чытаў.
30 траўня
Устаў рана, бо выспаўся. Выкурыў цыгарэту. Галіна сёньня абараняе дыпломную работу. У сёньняшняй „Мінскай праўдзе” - інтэрв’ю з супрацоўнікам тутэйшай дзяржбясьпекі пра шантаж, пра тое, ці магчымы ён сёньня з боку сьпецслужбаў. Прынесьлі газэту „Свабода”, некалькі нумароў за мінулы 1995 год, некалькі – за сакавік гэтага.
Атрымаў перадачу ад маці: клінок сыру, кілбасу, масла, пакет сьмятаны, булачкі, цукеркі. Сустрэцца не дазволілі. Хочацца ў лазьню, каб выпарыцца.
31 траўня
Учора пад вечар зайшоў тэлевізар (трэці раз на імя Сотага-сьпецназа). З навінаў па ГРТ даведаліся, што 30-га ў Менску адбыліся новыя сутычкі з міліцыяй.
Сёньня аддаў заяву на імя начальніка „амерыканкі”, у якой паведамляю, што пачынаю сухую галадоўку i адмаўляюся ад прадуктовых перадачаў, калі ня будуць выкананыя мае патрабаваньні: сустрэча з журналістам; з Галінай; паскарэньне працэсу сьледства i суд яшчэ да восені.
Днём выклікалі да начальніка, пры нашай зь ім размове прысутнічаў нехта з Рэспубліканскай пракуратуры. „Хазяін” ахвяраваў паўпачкам цыгарэт, прызнаваўся, што ў час выбараў галасаваў за Зянона Пазьняка, які, маўляў, толькі i можа раскатурхаць наша сацыяльнае балота. Проста дзіва, які сьвядомы начальнік вертухайні.
Сёньня чамусьці ўвесь дзень на дварэ не змаўкае рэпрадуктар. Ізноў баліць галава, дрэнны стул. Кітайца ад нас перавялі.
1 чэрвеня
Вось i лета, якое я хутчэй за ўсё ня ўбачў.
„Мой справядлівы пратэст палічылі пасквілем, як падбухторвае да мецяжу, i засадзілі мяне на тры месяцы, ха-ха-ха! Яны зрабілі мне вялікую паслугу, мой дарагі. Ніводны мужчына ня можа лічыцца мужчынам, пакуль не пасядзіць у турме за свае перакананьні”. Р. Олдынгтон, „Усе людзі - ворагі”.
2 чэрвеня, нядзелька
Пранізьліва-сіняе неба ў вакне. Па ГРТ ідуць „Дні” Няўзорава. Дзікія рэпартажы пра „нашых”, якія „гасяць духаў” у Чачні. Пра пратэсты моладзі каля рэзыдэнцыі беларускага прэзыдэнта, якую Няўзораў называе „нацыстамі” Адсюль выснова: мы альбо яны, брыдзь расейская!
3 чэрвеня
Сьнілася: радыяцыя, акадэмічныя класы, падвалы, еўрапейцы, белая спрытная жанчына 55-ці, немка. Мне трэба ўцякаць. Потым вайна, неразьбярыха...
Цёпла на вуліцы, але нас там няма. Нас там няма.
5 чэрвеня 1996 году
Першы дзень сухой галадоўкі. Вечар, халаднавата i пух таполяў.
„Дайце мне іншага каня, перавяжыце мне раны”. Шэкспір, „Рычард Трэці”.
7 чэрвеня
Трэці дзень галадоўкі. Сьведкам майго кароткага дыялогу са сьледчым Сакольчыкам быў новы i зусім яшчэ малады адвакат. Калі я растлумачыў яму, што адмаўляюся ад ягоных паслугаў, ён i сам адмовіўся ад удзелу ў працэсе. Тады сьледчы прымусіў яго напісаць тлумачальную запіску.
9 чэрвеня, нядзеля
Пяты дзень галадоўкі. Ужо ні пісаць, ні чытаць не магу i не хачу. Арганізм слабее, у роце суха, язык белы. У вачах цямнее, пры рэзкіх рухах хістаюся. Дні праз два буду гатовы. Дай, Божа, сілы!
12 чэрвеня
Дзень незалежнасьці Pacei. Учора быў у начальніка, прысутнічаў пракурор Сухаверх. Угаворвалі спыніць галадоўку. Ненавіджу! I таму буду трымацца свайго...
18 чэрвеня
14-ы дзень галадоукі, 8 зь якіх - „сухія”. Сьледчы перадае справу ў суд. Я падпісаў, а таксама Haпicaў заяву, што згодны атрымаць юрыдычную дапамогу ад адваката Гары Паганяйлы.
Была маці, перадала мёд, цукеркі, хатні сыр. Гаварылі пра справы радні. 30 траўня маці была ў Менску, але да мяне ў „амерыканку” ня трапіла, бо трапіла пад міліцэйскі разгон каля ГУМу. Нейкія маладыя жанчыны з Фронту ледзь выбавілі яе з бойкі.
На старым хутары пасадзілі ячмень i пшаніцу. Учора, 17-га, работнік гарадской пракуратуры Васіль Барысаў задаў мне сваё галоўнае пытаньне: „Как вы понимаете слово „убить”?”
19.06.1996 году
Ужо каторы дзень знаходжуся ў шпіталі КДБ, што на вуліцы Макаёнка ў Менску. Доктар просіць, каб ужо пачаць есьці. Буду трымацца да 22-га. Даюць посны грэчневы ўзвар. Адзін раз была мінералка. 15-ы дзень галадоўкі.
Першыя двое сутак у шшталі ляжаў пад кропельніцай, прыкаваны за руку й нагу да шпітальнага ложка. Цяпер на дзень кайданы здымаюць, але на ноч руку прыкайданьваюць. Доктара завуць Алег Міхайлавіч, нармальны чалавек, прыносіць мне газэты.