Выбрать главу

А дзесятай раніцы прыйшлі адвакат Гары Пятровіч і сьледчы, які ўсё лыбіцца, сука, яму сьмешна. Адыходзячы, заявіў, што, каб я не пайшоў на мяжу, то, можа, справа да суда i не дайшла б. Дамовіліся з адвакатам, што да азнаямленьня з матэрыяламі справы падключуся з наступнага тыдня. Вось прынесьлі пайку, ды ня мне. Шклянка вадкасьці, кавалак хлебу. А сьледчы межаў цынізму ня мае. Наконт майго знаходжаньня ў рэанімацыі заявіў, што мяне проста не было куды пакласьці ў іншым месцы. Вакно ў палаце прыадчынена, бачу зеляніну, прайшоў дождж Хочацца волі i яды, сапраўднай мужчынскай яды.

20 чэрвеня

Чацьвер, халодны i вятрысты дзень. Ходзяць густыя сінія хмары. Вярнуўся з адпачынку начальнік шпіталю, зайшоў, пацікавіўся, як я. Кажуць, што ня ўсё ў мяне добра з ныркай. Магчыма, перавядуць у іншае месца для абсьледаваньня. Усё магчыма.

Насупраць шпіталю - новы дом з чырвонай цэглы, заселены міліцэйскім начальствам. Будуецца i другі чырвонацагляны, у якім трохпакаёўка мае 102 квадратныя метры карыснай плошчы, 2 санвузлы, паркетную падлогу, лоджыю (веранду).

21 чэрвеня

5-я сталічная клінічная бальніца. Праверка нырак у ізатопным кабінеце. Укол у правую руку.

Вечар. Год назад у парку Горкага я чытаў вершы. Аўдыторыя была – пераважна моладзь. Яна наша, i мы для яе.

Дзесьці ў нашай старане высьпяваюць чарніцы, парэчкі, вішня. Водар сена i гародаў. Хочацца ў мох фізіяноміяй, волі!!! Па тэлевізары гляджу разам з кантралёрамі фільм „Гу-га”. Сюжэт - жыцьцё i сьмерць штрафнікоў у штрафных батальёнах.

Дажыць да панядзелку!

22 чэрвеня

Сёньня моладзь праводзщь антыфашысцкія мітынг i шэсьце. Прайшла чутка, што будуць ісьці сюды, на Макаёнка, мяне вызваляць. Таму сёньня днём у палаце мяне вартуюць аж тры кантралёры. На калідоры таўкуцца ціхачы ў штацкім, на вуліцы - людзі ў ваеннай форме. Колькіа ж праблемаў можа стварыць рэжыму ўсяго адзін чалавек! А каб сотня-другая!?

Пратэлефанавалі, што ў шпіталь прыедзе сам Мацкевіч, кіраўнік КДБ.

Пацяплела, церусіць дожджык. Глядзім фільм „Заўтра была вайна”. Гадзіне а трэцяй дня ўзмоцненую ахову зьнялі. Відаць, мітынг закончыўся. Вечарам на зьмену прыйшоў моцна п’яны вертухай, другі таксама быў пад мухай.

23 чэрвеня, нядзеля

Ем мёд з сырам. Пачаў есьці. Жыву! Каторы дзень у ложку, у белым. Вечарамі - клізмы, таблетка вітамінаў, душ. Уколы антыбіётыкаў скончыліся. Чацьвёртая гадзіна дня. Нейкая дзеўчынёха спрабавала прарвацца да мяне, але не ўдалося. Перадала праз доктара, што спачувае. Калі адкінуць закулісныя інтрыгі, то астатнія нармальныя людз ўспрымаюць мяне так, як я i хачу, каб ўспрымалі.

Вечар. Прыязджала Ганна Матусэвіч з Койданава. Перадала ліст i прадукты: трускалкі, цукеркі, латышcкі хлеб, кілбасу вэнджаную. Haпicaў ей тут жа адказ.

Кавалак чорнага хлеба, нашага хлеба з нашага жыта давай пераломім на дзьве палавіны - табе i мне - i абмочым у мёдзе яшчэ не загуслым, яшчэ з пахам воску i нашых прастораў.
Давай падсілкуемся, дружа, насыцім давай нашы целы высокай энэргіяй пушчы i гарызанталямі поля.
Пасьля столькіх дзён паміраньня пахнуць дажджом навальнічным рамонкі i мята ў букеце, які нам прынесла інкогніта жанчына з газэты „Имя”.
* * *
Такая ціхая i сьціплая, на шыі крыжык залаты, вяртаеш ты мяне, асіплага, зноў да жыцьця i пекнаты.

24 чэрвеня, панядзелак

Яшчэ тыдзень да поўнай рэабілітацыі. „Фізкультурнік” (вертухай, які завочна вучыцца ў інстытуце фізкультуры) дугу гне. Але: любі бліжняга, будзь мудры, як зьмей. Дожджык. Цёпла. Нешта адваката няма. У абед прыйшоў у форме намесьнік начальніка ізалятара, пpaciў pacьпicку, што я спыніў галадоўку. Адказаў, што, магчыма, пасьля сустрэчы з адвакатам. Дактары занепакоеныя маім сэрцам. П’ю глюканат кальцыя з гуманітарнай дапамогі. Даюць грэчку, аднаўляюся. Чытаю трылер пра ваўкалакаў. Кнігу даў мне мой целаахоўнік.

25 чэрвеня