Выбрать главу

Важныя звесткі па арганізацыі турніраў прыносіць багата ілюстраваная “Турнірная кніга” караля Рэнэ Анжуйскага (1409—1470). Яна абапіраецца на правілах, пашыраных над Рэйнам, у Фландрыі і Бургундыі.36 Кніга сведчыць, што вялікая роля ў працэдуры арганізацыі турніраў належала герольдам. Сеньёр, які вырашаў арганізаваць ігрышчы, у прысутнасці вялікай колькасці рыцараў уручаў свайму гербаваму каралю ці іншаму вядомаму герольду меч. Гербавы кароль прымаў яго, трымаючы за клінок і ўкленчыўшы. Адначасова арганізатар прапаноўваў спіс патэнцыяльных суддзяў, які ў ідэале складаўся з васьмі кандыдатур. Гэты спіс перадаваўся, разам з мячом, іншаму сеньёру, якому арганізатар пасылаў выклік. Калі выклік прымаўся, то выклікаемы ўладар прымаў меч з рук укленчанага гербавага караля, беручы яго за рукаяць. Пасля гэтага гербовы кароль прад’яўляў гербы кандыдатаў у суддзі, з якіх выклікаемы сеньёр павінен быў выбраць чатырох.

Пасля гэтага гербовы кароль, прымацаваўшы на спецыяльны кавалак тканіны на правым плячы выявы абодвух сен’ёраў на конях і ў баявым рыштунку, накіроўваўся да суддзяў і перадаваў ім запрашэнні. Калі яны прымаліся, то суддзі дамаўляліся пра месца, час і ўмовы турніра. Абвяшчэнне пра пачатак турніра рабілася пры дварах абодвух сен’ёраў, а таксама праз памочнікаў гербавага караля – персевантаў, якія рассылаліся ў розныя месцы краю.

Удзельнікі турніра павінны былі з’явіцца да месца турніра за чатыры дні да яго правядзення. Важнай часткай турнірных урачыстасцяў з’яўляўся ўрачысты ўезд у горад ці замак. Першы вечар адводзіўся звычайна святочнай вячэры і танцам. На наступны дзень разглядаліся кандыдатуры на ўдзел у турніры. Для гэтага на ўсеагульны агляд выстаўляліся іх шлемы, якім спадарожнічалі сцягі прэтэндэнтаў. Суддзі рабілі абход, прычым герольды выкрыквалі імёны ўладальнікаў кожнага шлема. Калі нехта з прысутных паведамляў пра кандыдата нешта, што кідала цень на яго добрае імя, то шлем скідваўся на зямлю, а яго ўладальнік адхіляўся ад ўдзелу ў гульнях. Адхіленне суправаджалася насмешкамі, абразамі і нават пабоямі незадачлівага рыцара, які ў выніку мог быць пасаджаны, разам з сядлом, на агароджу рысталішча, дзе ён знаходзіўся ажно да канца турніра. Пасля агляду шлемы вярталіся ўладальнікам, а вечарам наладжваліся танцы.

На наступны дзень удзеньнікі, без зброі, прыязджалі на рысталішча. Там яны прысягалі выконваць правілы турніра. Вечар трэцяга дня таксама адводзіўся танцам.

Наступны дзень пачынаўся з запаўнення трыбун і апранання рыцараў у даспехі. Спецыяльна выбраны ганаровы рыцар, які меў права ў любы момант спыніць турнір, без шлема займаў месца на рысталішча паміж нацягнутымі канатамі. Супрацілеглыя каманды рыцараў станавіліся па абодвух баках канатаў. Удзельнікам зноў нагадвалі правілы, а герольды прадстаўлялі іх гледачам і адзін аднаму. Сігналам да сутычкі служылі гучныя заклікі, пасля якіх спецыяльныя людзі перасякалі сякерамі нацягнутыя ўпоперак рысталішча канаты. Як ужо адзначалася, апроч рыцараў, на полі знаходзіліся іх слугі, конныя ці пешыя, задачай якіх было падтрымаць падаючага гаспадара, зноў пасадзіць яго на каня, ці адцягнуць яго ў больш бяспечнае месца. Калі гэта было немагчыма, то слугі абаранялі яго да канца турніра, адбіваючыся ад непрыяцеля палкамі і абломкамі коп’яў.

Бой заканчваўся, калі суддзі падавалі спецыяльны знак трубачам, пасля чаго апошнія трубілі адбой. Па знаку трубы ўдзельнікі павінны былі пакінуць рысталішча. Вечар пасля турніра праводзіўся за святочнай вячэрай, уручэннем прызоў і танцамі.37

Вячэры ў піры наогул былі важнай часткай турнірных урачыстасцяў. Тут рыцары частавалі адзін аднаго, альбо наадварот, працягвалў спаборніцтва, праўда ўжо ў форме жартаў і кпінаў. Адно такое здарэнне адбылося на Венскім кангрэсе 1515 г., дзе сабраліся прадстаўнўкі германскіх земляў, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Кангрэс суправаджаўся пышнымі турнірнымі гульнямі. Не абыйшлося на з’ездзе і без узаемных і далёка не бяскрыўдных жартаў. Так, немцы здзекліва пацяшаліся над беднасцю зброі палякаў і маларосласцю іх коней. Для большай абразы яны прывялі неяк да палякаў старога і змучанага фрыза (элітная парода цяжкіх рыцарскіх коней) і прапанавалі купіць яго за 100 залатых. Палякі, вырашыўшы адказаць жартам на жарт, купілі каня і запрасілі немцаў на абед. Яны прыгатавалі фрыза і падалі як аляніну, папрасіўшы прабачэння, што не змаглі знайсці іншага мяса. “Весела засядаюць немцы, частыя келіхі ўзмацняюць іх весялосць і добры апетыт; напрыканцы ж бяседы прыносяць ім на агромным падносе конскую галаву і ногі з капытамі. Зразумелі немцы, што з’елі ўласнага каня, але перавялі гэта ў жарт, рыхтуючыся новай штукай адказаць тым на тое.38