Выбрать главу

Працэдура ўзнагароды пераможцаў была кульмінацыйным і доўгачаканым момантам турнірных урачыстасцяў, тым больш што прыз мог часам мець вельмі вялікую матэрыяльную каштоўснасць. Як адзначалася вышэй, першапачаткова пераможца забіраў сабе каня і зброю пераможанага рыцара. У далейшым прызы вызначаліся арганізатарамі турніра, але і пасля гэтага яны маглі быць не менш, а нават больш каштоўнымі, чым проста рыштунак праціўніка. Так, у 1263 г., падчас турніру, арганізаваным у Нордхаўзене марграфам Генрыхам Дастойным, першы прыз складаў сярэбраны даспех масай 20 фунтаў, меч з залатой рукаяццю, залаты рыцарскі пас і такія самыя шпоры, а таксама баявы конь з рыштункам, інкруставаным серабром. У якасці другога прыза былі вызначаны меч, пас, шпоры і конь, у якасці трэцяга – цяжкі залаты вянец.

Існавалі і іншыя віды прызоў. Вельмі цанілася т.зв. “кольчая ўзнагарода” (Stecherdank), якая прысуджалася за перамогу ў сутыкненні гештэх. Рыцар, які найдаўжэй пратрымаўся на рысталішчы і захаваў некранутым аздобу на сваім шлеме, атрымоўваў т.зв. Zierdank. Спецыяльны прыз (Weiteldank) выдзеляўся таму з удзельнікаў, які прыбываў з нальбольш аддаленых краёў. Існавалі спецыяльныя ўзнагароды за самы трапны ўдар кап’ём, за найбольшую колькасць скрышаных коп’яў і г.д. У якасці прызоў маглі выступаць зброя, залатыя вянцы, ланцугі і пярсцёнкі, у рэшце рэшт розныя памятныя знакі – жаночыя вуалі, шалікі, стужкі і інш.

Пераможцаў вызначалі суддзі, якія прытрымліваліся пэўных крытэрыяў. Спецыяльныя балы прысуджаліся за скрышэнне коп’яў, траплянне ў шчыт праціўніка, калі гэта прымушала апошняга адкінуць яго, выбіванне суперніка з сядла. Кап’ё трэба было скіроўваць у шлем, шчыт ці нагруднік праціўніка. Штрафныя балы чакалі тых, хто наносіў удары ніжэй нагрудніка, у бар’eр, дакранаўся кап’ём зямлі, раніў непрыяцельскага каня. Пры змаганні на мячах падчас пешых турніраў перамога прысуджалася таму з удзельнікаў, хто наносіў пяць удараў і не выпускаў зброю з рук. Узнагароджанне адбывалася ў два этапы. Адразу пасля турніру, яшчэ ў шранках, уручаўся т.зв. малы dank, а пасля вячэры – галоўная ўзнагарода. Узнагарода магла ўручацца як спецыяльна выбранай т.зв. каралевай любові, так і дамамі, якія былі ганаровымі суддямі.39

Такім чынам, турніры ў Еўропе прайшлі даволі складаны эвалюцыйны шлях. Узнікшы як трэніровачна-паказальныя гульні, набліжаныя да баявой практыкі, яны паступова набывалі ўсё больш выразны элемент відовішчнасці, дзе тэатралізаваны бок і рытуалы набывалі не меншае, а часам і большае значэнне, чым дэманстраванне вайсковых навыкаў. Тым не менш, турнірныя практыкаванні да самага канца перыяду сярэднявечча захоўвалі прыкладное значэнне, пра што сведчыць узнікненне новых відаў рыцарскіх забаў, абумоўленых новымі спосабамі вядзення вайны і эвалюцыяй баявога рыштунка

Далучэнне да еўрапейскіх турнірных традыцый

Вялікага княства Літоўскага

Далучэнне Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскіх турнірных традыцый адбылося, як можна меркаваць, досыць позна – не раней за канец ХІV ст. Гэты працэс быў звязаны з хрышчэннем Літвы па каталіцкаму ўзору, што абумовіла вестэрнізацыю самых розных бакоў жыцця тагачаснага грамадства. Гэта не азначае, канешне, што на землях гэтай дзяржавы дагэтуль не існавала практыкі трэніровачных баёў і вайсковых практыкаванняў, якія з’яўляліся, як ужо адзначалася, правобразам рыцарскіх турніраў. У гэтым сэнсе прыцягвае ўвагу падзея, якая адбылася яшчэ ў 1253 г., у часы барацьбы Міндоўга за ўладу ў Літве. Не жадаючы ўступаць у адкрыты бой з жамойтамі і яцвягамі сваіх палітычных праціўнікаў Таўцівіла і Выкінта, якім аказаў таксама дапамогу галіцкі князь Данііл, Міндоўг замкнуўся ў градзе Варута. Назаўтра з града выехалі нанятыя Міндоўгам “немцы з самастрэламі і наехалі на іх русь з полаўцамі са стрэламі і яцвягі з суліцамі і ганяліся па полі падобна гульні (игре), адтуль жа вярнуліся ў Жамойць”.40 Вядомы беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў, разглядаючы гэтую падзею, трактаваў яе як трэніровачныя практыкаванні амаль турнірнага характару: “было праведзена спаборніцтва паміж саюзнымі атрадамі, вучэбны бой, дзе апранутыя ў даспехі немцы супрацьстаялі рускаму і яцвяжскаму узбраенню і іншай тактыцы”.41 Пры ўсёй спрэчнасці гэтага выказвання (летапісец толькі параўноўвае згаданае сутыкненне з гульёй, напэўна каб падкрэсліць не зацяты характар змагання), яно сведчыць, што ў той час вайсковыя гульні былі не навінкай на усходнееўрапейскіх землях.