Выбрать главу

Вайсковыя практыкаванні стралкоў, напэўна нечым падобныя на падзеі 1253 г., маляўніча апісаў паэт-лацініст пачатку ХVІ ст. Мікола Гусоўскі, аднак прымяняльна да перыяду панавання вялікага князя літоўскага Вітаўта (1392—1430), які славіўся сваёй ваяўнічасцю далёка за межамі дзяржавы:

“Кожны дзядзінец пры замках, груды між балотаў – Гэта пляцы і пляцы для вайсковых заняткаў. Мірны перыяд між войнамі быў перадышкай Каб адпачыць, падвучыцца і, страты пакрыўшы, Рушыць у новы паход. На такіх табарышчах Толькі і чуеш, як стрэлы спяваюць, а лукі Суха на згібах скрыпяць, нібы хваляцца ўголас: Бачыш, якія нястомныя рукі, якая ў іх сіла! Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу, Шабляй і стрэламі цэляць у вешкі. Часамі Хтосьці падкіне свой зношаны брыль ці кучомку – Некалькі стрэл упіваецца ў шапку на ўзлёце. Падае ўніз, і – пад ахі і рогат прысутных – Борзды наезнік падловіць падранка на піку”.42

Акрамя таго, паводле слоў Гусоўскага, баявая падрыхтоўка ўключала конныя гонкі, у тым ліку начныя, фарсіраванне рэк і г.д. Пераможцы ўзнагароджваліся прызамі, а няспрытных чакалі насмешкі і пагарда. Разам з тым, гэта не былі турніры ў сціслым разуменні гэтага слова, бо, па першае, яны не прадугледжвалі непасрэднага сутыкнення ўдзельнікаў паміж сабой, што імітавала б рэальны бой, а па другое – кола ўдзельнікаў у іх было практычна неабмежаванае, што надавала згаданым гульням амаль плебейскі характар.43

Заангажаванасць заходняга рыцарства ва ўсходнееўрапейскіх справах у ХІІІ ст. прыводзіла да таго, што прадстаўнікі зямель, якія ў далейшым увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, бывалі спарадычна далучаны да заходняй турнірнай традыцыі, якая міжволі знаходзіла тут сваё ўвасабленне. Так, у 1349 г. чарнігаўскі князь Расціслаў, якому дапамагаў польскі атрад ваяводы Ворша, аблажыў валынскі горад Яраслаў. У чаканні вынікаў аблогі, Расціслаў “стварыў гульню перад градам”, у якой, апроч палякаў і венграў, удзельнічалі і русічы. Сам князь Расціслаў таксама сутыкаўся на коп’ях з Воршам, але яму не пашанцавала. Пам ім зваліўся конь, а сам князь выляцеў з сядла і вывіхнуў сабе плячо.44

Цікавы факт, які можа служыць сведчаннем удзелу прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў вайсковых гульнях, праўда праводзімях па-за межамі гэтай дзяржавы, а менавіта ў Маскоўскім княстве, прыносіць Троіцкі летапіс пад 1390 г. У ім гаворыцца: “...той жа зімой пасля Раства Хрыстова на трэці дзень Асей (Осей) кармілічыч князя вялікага паколаты быў у Каламне ў ігрышчы (игрушке)”. Расійскі даследчык Пётр Васін лічыць, што “ігрышча” (игрушка) ў дадзеным выпадку азначае турнірную сутычку на коп’ях. У той жа час асобу Асея, загінуўшага падчас згаданай падзеі, ён атаесамляе з Аляксандрам Андрэевічам Асцеем, намеснікам маладога маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча ў Каламне. Згаданы Асцей з’яўляўся сынам Андрэя Альгердавіча Полацкага, разам з якім ён паступіў на службу да маскоўскага князя ў канцы 1370-х гг. Будучы адным з найбольш вопытных воінаў княскага атачэння (гэтага вымагаў статус “кармілічыча”, г.зн. выхавацеля маладога княжыча), Асцей дэманстраваў сваё майстэрства на вайсковых гульнях, адна з якіх скончылася для яго трагічна.45

Выдатныя якасці байцоў-“паядыншчыкаў” засведчылі прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага і на судовых паядынках, якія, як ужо адзначалася, былі добра вядомыя ў Маскоўскай дзяржаве яшчэ ў першай палове ХVІ ст. Сігізмунд Герберштэйн, які ў гэты час двойчы наведаў Маскву, адзначаў, што “Шмат годоў у паядынках з іншаземцамі: немцамі, палякамі, літвінамі – маскавіты часцей за ўсё цярпелі паражэнні. А зусім нядаўна адзін літвін дваццаці шасці гадоў ад нараджэння ўступіў у бой з нейкім маскавітам, які выйшаў пераможцам больш чым у дваццаці паядынках, і забіў яго. Гасудар раз’юшыўся ад гэтага і загадаў зараз жа паклікаць да сябе пераможцу, каб зірнуць на яго. Убачыўшы яго, ён плюнуў на зямлю і загадаў, каб у далейшым ніводнаму іншаземцу не вызначалі паядынка з ягонымі падданымі. Мноствам разнастайнай зброі маскавіты хутчэй абцяжарваюць сябе, чым узбройваюцца, іншаземцы ж уступаюць у бой, спадзяючыся больш на спрытнасць, чым на зброю. Яны перш за ўсё апасаюцца ўступаць у рукапашны бой, ведаючы, што маскавіты вельмі моцныя рукамі і (наогул) цялесна, і звычайна перамагаюць іх, стаміўшы ў рэшце рэшт толькі сваім мастацтвам і спрытнасцю.46