Выбрать главу

Адпраўным пунктам далучэння Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскай турнірнай практыкі ў класічным разуменні гэтага слова можа лічыцца 1385 г., калі ў замку ў Крэве была падпісана унія паміж гэтай дзяржавай і Польшчай. Паводле яе ўмоў, вялікі князь літоўскі Ягайла прыняў у наступным, 1386 годзе хрост па каталіцкаму ўзору пад імем Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў каралём Польшчы, абавязаўшыся далучыць да яе свае спадчынныя уладанні. Заключэнне Крэўскай уніі азнаменавала для Вялікага княства Літоўскага новы этап у плане знаёмства з рыцарскай культурай Захаду. У рамках знаходжання абедзьвюх дзяржаў – суб’ектаў уніі – пад уладай аднаго манарха ішло далучэнне ліцвінскай шляхты да рыцарскай культуры Польшчы, дзе турнірныя традыцыі мелі ўжо трывалыя карані. З гэтага часу і надалей на рыцарскіх забавах можна было стала сустрэць прадстаўнікоў Вялікага Княства, якія калі не бралі ў іх удзел, то хаця б выступалі ў якасці ганаровых гасцей.

Як сведчыць хроніка Яна Длугаша, пры двары Ягайлы турніры карысталіся вялікай папулярнасцю. Няма падстаў звязваць гэтую з’яву менавіта з роллю гэтага манарха ў развіцці рыцарскіх гульняў, тым больш што ён сам, асабліва на пачатку свайго каралявання, так сама як і літвіны пры ягоным двары, толькі далучаўся да традыцый еўрапейскага этыкету. Разам з тым “ліцвінскасць” новага польскага караля, як падаецца, спрыяла азнаямленню палітычнай эліты Вялікага княства Літоўскага з нюансамі забаў такога кшталту. Ужо ў 1386 г., калі адбываліся ўзвядзенне Ягайлы на польскі трон і ягоны шлюб з юнай каралевай Ядвігай, новаабраны кароль-ліцвін, “вярнуўшыся ж на замак Кракаўскі, на трэці дзень наладзіў урачыстыя святы вясельныя, якія трывалі некалькі дзён, на працягу якіх адбываліся пад апладысменты турніры капійнікаў і фехтавальшчыкаў, а таксама танцы”.47 Варта адзначыць, што на вясельных урачыстасцях прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі знаці Вялікага княства Літоўскага.

У 1401 г. у Кракаве мела месца вартая ўвагі падзея з удзелам князя Вітаўта (насіўшага таксама хрысціянскае імя Аляксандр), а менавіта зашлюбіны аўдавелага да таго часу Ягайлы з Ганнай, унучкай былога караля польскага Казіміра. Святкаванні былі “удастоеныя прысутнасцю вялікага князя літоўскага Аляксандра і яго жонкі Ганны, а таксама многіх князёў і графаў з розных краёў, якія з’ехаліся па запрашэнню. Калі ж абвясцілі на двары каралеўскім турніры, князі, графы і рыцары на працягу многіх дзён змагаліся паміж сабой на коп’ях і забаўляліся. Па заканчэнні ж вясельных урачыстасцяў як вялікаму князю літоўскаму Аляксандру і яго жонцы Ганне, так і астатнім князям, графам і гасцям кароль польскі Уладыслаў аказаў гонар цудоўнейшымі падарункамі”.48

На жаль, ў тэксце хронікі няма непасрэднага апісання змагання Вітаўта на рысталішчы, аднак яно выглядае цалкам праўдападобным. Пра тое, што змаганне асоб самага высокага рангу на турнірах і іх выкліканне на бой прадстаўнікамі менш тытулаванага рыцарства практыкавалася на польскім каралеўскім двары, сведчыць эпізод, які адбыўся за тры гады перад гэтым, у 1398 г., калі у Кракаў без запрашэння прыбыў венгерскі кароль Жыгімонт Люксембургскі. “З мэтай аказання яму найвялікшай пашаны кароль Уладыслаў абвясціў урачыстыя турніры, вызначыўшы ўзнагароды для пераможцы. Кароль венгерскі Жыгімонт, па прычыне каралеўскай годнасці і цудоўнага даспеху вызываны ўсімі рыцарамі, якія змагаліся ў шранках (так у польскай і літвінскай традыцыі называлі рысталішча – Ю.Б.), сутыкаўся [з імі] на коп’ях. Пасля атрымання ад караля польскага Уладыслава каралеўскіх дароў і пасылання наўзаем годнага рэверансу, [Жыгімонт] вярнуўся вясёлы ў Венгрыю”.49 Такім чынам, у абодвух выпадках мела месца ўзнагароджанне і Вітаўта, і Жыгімонта “дарамі”, прычым прынамсі ў другім выпадку яны напэўна мусілі выступаць як узнагарода за ўдзел у турніры.

З абсалютнай упэўненасцю можна гаварыць пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў турнірных забавах, якія мелі месца ў 1412 г. у Венгрыі, калі Жыгімонт Люксембургскі з’ехаўся ў Будзе з Ягайлам і з вялікай колькасцю іншых тытулаваных асоб, у тым ліку каралёў. “Назаўтра па свяце Божага Цела былі прызначаны спаборніцтвы рыцарам князёў Эрнеста і Альберта, Людвіка брэсцкага, Конрада Алясніцкага, Януша раціборскага, Яна любіньскага і Санды з Босніі. Сто рыцараў, якія змагаліся ў шранках на працягу двух дзен з раніцы да вечара, ушанавалі шматлікіх гледачоў. Было справай вядомай, што на тыя ігрышчы з’ехаліся рыцары наступных народнасцяў: грэкі, італьянцы, галы, палякі, чэхі, венгры, аўстрыйцы, рыцары з Мейсена і Надрэйніі (Рэйна), французы, ліцвіны, русіны, баснійцы, балгары, валохі, албанцы і рыцары з Рашкі (Сербіі)”. Хто менавіта і ў якой колькасці прадстаўляў на гэтай імпрэзе Вялікае княства Літоўскае, Длугаш не паведамляе, але з уласцівым яму патрыятызмам ён усхваляе ратныя учынкі паіменна пералічаных чатырнаццаці польскіх рыцараў, “якія першыя [ішлі] да атакі, апошнія пакідалі поле бою, а калі іншыя адпачывалі пасля бою, яны самі з сабой распачыналі спаборніцтва і бітву”.50