Выбрать главу

Згаданы турнір уяўляецца досыць паказальным не толькі таму, што на удзел у ім прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага недвусэнсоўна ўказвае хроніка, але і па прычыне аддаленасці месца яго правядзення ад межаў гэтай дзяржавы. Пералічаныя Длугашам ліцвіны і русіны апынуліся на рыцарскіх гульнях не як выпадковыя сведкі, а прыехалі сюды спецыяльна, пераадолеўшы значную адлегласць, што нейкім чынам указвае на рост сярод феадалаў Вялікага Княства цікавасці да рыцарскіх забаў і адпаведныя традыцыі, якія прынамсі знаходзіліся тут у стадыі фарміравання.

У ХV ст. правядзенне турнірных забаў пры двары Ягайлы фіксуецца на старонках хронік досыць рэгулярна, прычым абсалютна ўпэўнена можна сцвярджаць, што ўвагі храністаў удастойваліся толькі значнейшыя з такіх мерапрыемстваў. Нагодай для арганізацыі рыцарскіх гульняў маглі быць здарэнні самага рознага характару – каранацыі, шлюбы, нараджэнне і хрост дзяцей, прыём тытулаваных гасцей. Так, у 1410 г., калі Ягайла знаходзіўся ў Едльні (Радомскае ваяводства), да яго прыехаў стрыечны брат каралевы Ганны, цылейскі граф Герман. “У час ягонай прысутнасці кароль Уладыслаў, у адпаведнасці з годнасцю сваёй і каралеўства, загадаў наладзіць на двары рыцарскія ганітвы, вясёлыя забавы і танцы”.51

У 1423 г. “кароль польскі Уладыслаў пасля таго, як правёў у Кракаве ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі і наступныя дні, падчас якіх з нагоды прысутнасці князя цешынскага Баляслава адбываліся ўрачыстыя турніры і рыцарскія спаборніцтвы на коп’ях, скіраваўся да Новага Места”.52

У сярэдзіне дваццатых гадоў ХV ст. “віноўніцай” правядзення рыцарскіх гульняў у Кракаве неаднаразова рабілася чарговая жонка і зямлячка Ягайлы – Зоф’я Гальшанская. Падчас яе каранацыі ў 1424 г. узельнікі гэтай урачыстасці, па словах храніста Яна Длугаша, “панядзелак, аўторак, сераду, чацвер і пятніцу праводзілі на турнірах, а ночы на танцах”.53

У 1426 г. каранаваная літвінка зноў спрычынілася да правядзення турнірных гульняў, нарадзіўшы Ягайлу сына Казіміра. Пасля звыклых для такога моманту ўрачыстасцяў, кароль, “усцешаны народзінамі другога сына, наладзіў звыш таго ігрышчы, вызначыў узнагароды для рыцараў, якія прымалі ўдзел у змаганні, і падзяліў іх паміж удзельнікамі”.54

Не спынялася турнірная практыка і пры пераемніках Ягайлы – Уладзіславе і Казіміры Ягелонах. Так, на каранацыі Казіміра ў Кракаве ў 1447 г., на якой прысутнічалі літвіны, русіны і жамойты, “цэлы дзень прайшоў на піры ў замку і на рыцарскіх ганітвах”.55 Пры нараджэнні ў 1464 г. у згаданага манарха дачкі Зоф’і таксама “на ўшанаванне гэтай урачыстасці былі дадзены ігрышчы і вызначаныя ўзнагароды пераможцам параздаваныя былі”.56

Узгадкі пра правядзенне турніраў пры двары першах Ягелонаў у крыніцах ХV ст. з’яўляюцца, на жаль, надзвычай скупымі не не даюць поўнага ўяўлення пра віды рыцарскіх гульняў, якія практыкавалўся тут, а таксама асаблівасці іх арганізацыі. Тым не менш, нават на падставе гэтых урыўкавых звестак можна меркаваць, што тут праводзіліся турніры (групавыя баі рыцараў), конныя сутыкненні на коп’ях і пешыя баі, фіксуемыя ў крыніцах як “турніры фехтавальшчыкаў”. Рыцарскія гульні, як тое было прынята ў тагачаснай Еўропе, суправаджаліся танцамі, пірамі і іншымі “вясёлымі забавамі”. Таксама можна сцвярджаць, што далучэнне феадалаў Вялікага княства Літоўскага да польскай (і не толькі) турнірнай традыцыі мела месца ўжо ў канцы ХІV – першай палове ХV ст., хоць, напэўна і было абмежавана вузкім колам асоб, меўшых доступ да манаршых двароў, дзе гэтая традыцыя праяўлялася найбольш яскрава.

Сярод найбольш даступных літвінам цэнтраў правядзення турніраў першае месца займаў, несумненна, Кракаў. Аднак не трэба забывацца і пра тое, што з канца ХІV ст. выхадцы з Вялікага княства Літоўскага ўсё часцей сустракаюцца і ў іншых краях “лацінскай” Еўропы, у тым ліку ў такіх значных асяродках рыцарскай культуры, як Мальбарк, Рыга ці Прага. З’явіўшыся тут у якасці палітычных эмігрантаў, наёмнікаў-авантурыстаў ці афіцыйных прадстаўнікоў вялікага князя, яны несумненна мусілі сутыкацца і з такой праявай мясцовых традыцый, як турнірная практыка.