Выбрать главу

З сярэдзіны ХV ст. магчымасць выезду феадалаў Вялікага Княства Літоўскага для сталага азнаямлення з рыцарскай культурай Еўропы замацоўвалася юрыдычна. У 1457 г. кароль і вялікі князь Казімір у жалаванай грамаце літоўскаму, рускаму і жамойцкаму духавенству, дваранству, рыцарству, шляхце, баярам і месцічам абвяшчаў: “Таксама дазваляем, каб княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры дабраахвотна мелі б моц выехаць з нашых зямель княства вялікага, для лепшага шчасця набыцця, альбо ўчынкаў рыцарскіх, да кожных зямель, старон, толькі выключаючы староны непрыяцельскія”.57

Нельга сказаць, што рыцарства Вялікага Княства не скарыстала гэтую магчымасць. Скласці поўную карціну прысутнасці ўраджэнцаў гэтай дзяржавы пры дварах еўрапейскіх манархаў і можнаўладцаў немагчыма па прычыне крайней беднасці інфармацыі. Але можна сцвярджаць, што некаторыя феадалы не толькі здолелі наведаць замежныя краіны, але і дабіліся там пэўнага прызнання. Так, у 1467–1469 гг. вялікі поспех пры дварах еўрапейскіх манархаў меў Аляксандр Солтан, які, паводле асобных сведчанняў (на жаль, да канца не правераных) быў узнагароджаны каралём Англіі залатым ланцугом, а бургундскім герцагам Карлам Смелым – надзвычай прэстыжным ордэнам Залатога Руна.58 Пры бургундскім двары Солтан нават нібыта займаў пасаду шамбэляна, а значыць меў самае непасрэднае дачыненне да прыдворнага этыкета.

У канцы ХV ст. добра праявіў сябе на службе заходніх манархаў вядомы пераможца татараў у бітве пад Клецкам у 1506 г. Міхал Глінскі. Вядомы дыпламат пры двары германскага імператара Максімільяна І, падарожнік і аўтар нататкаў барон Сігізмунд Герберштэйн так характарызаваў ягоны побыт за мяжой: “Яшчэ юнаком накіраваўся ў Германію, праявіў храбрасць на службе ў Альбрэхта, герцага саксонскага, які вёў у той час вайну ў Фрыстландыі... Там ён засвоіў вытанчаныя манеры і рыцарскія звычаі, быў спрытны ў вайсковых практыкаваннях: турнирных сутычках на вострых и тупых коп’ях (rennen, stechen), барацьбе (ringen), скачках, а таксама і ў забавах, накшталт танцаў і ўсялякай куртуазіі, чым здабыў сабе асаблівую, больш чым у іншых, вядомасць”.59

Выдатнае здарэнне, якое ў значнай ступені спрычынілася да набыцця Мікалаем Радзівілам тытула князя Святой Рымскай імперыі, мела месца ў 1515 г. у Вене. Там быў наладжаны ўрачысты з’езд Максімільяна І Габсбурга, караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, венгерскага караля Уладыслава і чэшскага караля Людвіка. Пры ўездзе ў горад усеагульную ўвагу прыцягнулі Мікалай Радзівіл і Станіслаў Гаштаўт, якія “з вялікім коштам з Польшчы мелі больш за сотню спрактыкаваных ў музыцы юнакоў, па-маскоўску і па-татарску прыбраных, якія, з рознымі музычнымі інструментамі, з шаблямі і сагайдакамі, на крывых ботах перад імператарам у касцёле figura заўжды імшу і nieszpory спявалі, да вялікага здзіўлення іншаземных народаў, і немцаў, і італьянцаў, якія перад тым уважалі народ ў гэтых краях літоўскіх за грубы”.60 Не маглі не спадабацца такія касцюмаваныя забавы і самому Максімільяну І, які быў аматарам і тонкім знаўцам забаўных маскарадаў і манерыстычных відовішчаў.

Не абышлося на згаданым з’ездзе, вядома ж, і без турніраў. “Зрэшты падчас таго з’езду шмат было паміж тымі рознымі народамі выклікаў, сутычак, ганітваў на вастрыё і г.д.”61 Прымалі ў іх, напэўна, і прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага.

Новы ўсплеск турнірнай практыкі назіраўся ў ХVІ ст. пры кракаўскім і віленскім дварах апошніх Ягелонаў. Як і раней, нагодай для правядзення падобных мерапрыемстваў служылі любыя больш-менш вартыя ўвагі здарэнні – каранацыі, прыём высокапастаўленых асоб, хрэсьбіны, шлюбы, прычым не толькі каранаваных асоб, але і іх дваран. У такіх выпадках удзел у турнірах абавязкова браў жаніх ці яго прадстаўнікі. Сярод такіх асоб крыніцы неаднаразова згадваюць літвінаў, аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што безыменных прадстаўнікоў Вялікага Княства, не названых па тых ці іншых прычынах персанальна, таксама было на турнірах нямала. “Турніры і попісы рыцарскія” суправаджалі ў 1512 г. вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта І Старога (1467-1548, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1506) з Барбарай Заполяй. Калі ж гэты самы манарх у 1518 г. браў шлюб з прадстаўніцай славутага італьянскага рода Сфорца Бонай, часткай вясельных мерапрыемстваў таксама з’яўляўся турнір.62