Выбрать главу

Вялікай схільнасцю да турніраў вызначаўся сын Жыгімонта І Старога, Жыгімонт Аўгуст (1520-1572, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1548), якому было наканавана стаць апошнім манархам з дынастыі Ягелонаў. Ён ахвотна наладжваў турніры і сам прымаў у іх удзел. У 1539 г. у Кракаве адбылося святкаванне шлюбу Іллі Астрожскага, сына славутага гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна, з Беатай Касцельскай, на якім прысутнічаў каралевіч Жыгімонт. “На гэтым вяселлі каралевч з княжычам Іллёй ганіў на вастрыё ў гончай зброі. Потым ганілі венгры за тарчамі і досыць мужна па некалькі пар, а з іх адзін, апусціўшы кап’ё, таварыскага каня ў лоб трапіў і забіў”.63

Цікавы від турнірных забаў быў наладжаны ў 1552 г. для Жыгімонта Аўгуста, калі ён наведаў Гданьск разам са сваім дваром (быў там, у тым ліку, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, а таксама, верагодна, і іншыя літвіны). Гэтыя гульні ўяўлялі сабой “кіданне з коней глінянымі мячамі, выяджаючы адзін супраць аднаго з пуклерамі (від шчыта. – Ю.Б.)”. Тым самым дэманстравалася не тольки спрытнасць вершнікаў, але і хуткасць их коней.64

Вялікія святкаванні былі наладжаны ў Кракаве ў 1553 г. з нагоды шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай Аўстрыйскай, якія таксама суправаджаліся турнірамі. “Ганіў Жыгімонт Вольскі, мечнік, з Кежгайлам зацным шляхціцам літоўскім, у гончых на вастрыё і мужна сутыкаліся паміж сабой; ганіў Касмоўскі з канюшым князя прускага. Быў турнір конны, у якім было пар дванаццаць і чатыры за тарчамі і з пярсцёнкамі гроты ў коп’яў. Пасля гэтых на замку ганітваў былі зноў у месце на рынку ганітвы ў кольчых зброях у двор, дзе было кожнаму вольна (абы толькі захаваліся паводле артыкулаў, якія на варотах у замку прыбітыя былі) прыехаць і ганіць з тым, хто хто б сябе на пляцы ставіў так, што і другому з двума і з трыма ўдарыць прышлося раз за разам, чым на другі бок дабег. А так як у закрытых шлемах ганілі, меў кожны на шлеме знак нейкі. А кароль з каралевай і ўсімі гасцямі з ганку высокага, каторы для таго быў зроблены, глядзеў, маючы пры сабе тыя клейноты, якія ўдзельнікам выстаўлены былі. Паміж усімі, што ганіў, найвышэйшы dank атрымаў і першы клейнот узяў канюшы князя прускага, ... які на шлеме насіў чаравік жаночы. Другі клейнот узяў Касмоўскі, дваранін, асаблівы гоньца, які ў ганітве на замку, гонячы на вастрыё з тым жа канюшым, dank атрымаў. Іншыя ж госці, то нашыя палякі, но немцы, то прусакі, іншыя клейноты атрымалі: то есць вянкі з пярсцёнкамі, каторым(я) зараз з ганку кароль сам, як суддзя мужнасці кожнага, пасылаў з пахвалой”.65

Больш падрабязнае апісанне гэтых урачыстасцяў прыводзіць С.Арахоўскі. “Пасля прамоў і адказаў быў наладжаны абед, пад час якога – канцэрт, далей – ваенныя турніры; тыя на працягу некалькіх дзён трывалі, такое стаяла надвор’е, што ніколі дождж не перапыняў забаў. У турнірах Якуб Касмоўскі атрымаў над немцамі перамогу...

... Перанесліся турніры да замку, дзе выбраныя рыцары, дасведчаныя, пышныя каштоўнымі даспехамі і багатымі шатамі, змагаліся. Там ужо не постаць бітвы, але саму бітву бачылі. З апушчанымі прылбіцамі, у гончых зброях ляцелі адны насустрач другім, на небяспечнасці і раны ўзаемныя. А паколькі з-за апушчаных прылбіц я не мог гэтых рыцараў пазнаць, з пытання толькі я даведаўся, што Мікалай Мацэёўскі змагаўся са Станіславам Астрарогам Львоўчыкам, Альберт Чарнкоўскі са Станіславам Мышкоўскім, Кіліян Лукоўскі са Станіславам Ліпніцкім, Ян Тарло з Мікалаем Лігензам, Станіслаў Гарныш з Барталамеем Сікорскім, Марцін Машкоўскі са Станіславам Влодэкам, Мікалай Вільга з літвінам Янам Юрковічам, Крыштоф Алендзкі з Пятром Фрыкачам, Станіслаў Менжык з Мікалаем Патоцкім, Зыгмунт Зэбжыдоўскі з Мікалаем Ацескім. Гэтыя ўсе парамі крушылі коп’і, потым, сабраўшыся ў гуфы, ударылі паміж сабой з тарчамі і мячамі.

Тут храбрыя і бліскучыя рыцары няхай мне даруюць, калі іх усіх па імёнах не называю, бо як жа чалавек, далёкі ад двару, мог я ведаць усіх дваран. Няхай хвала, якая адтуль на іх агульную айчыну сыйшла, суцяшае ў гэтым абмінанні. Паказалі яны перад каралём і каралевай, перад эрцгерцагам аўстрыйскім, перад такой колькасцю розных народаў, напаўняўшых у той час цэлы Кракаў, князёў, правадыроў і паноў, якая была ў рыцарстве польскім адвага, спрыт і пышнасць.

Зрэшты ва ўсіх ганітвах такая была ў рыцарах нашых сціпласць, што хоць амаль ўсе дасведчаныя, спрытныя, спрактыкаваныя ў ганітвах, паказвалі цуды, разам згадзіліся, што dank турніраў належаў Мікалаю Мацеёўскаму; але ён адмовіўся ад гэтага гонару, сцвярджаючы, што быў толькі таваоышам той бітвы, але не пераможцам.