Выбрать главу

Назаўтра Зыгмунт Вольскі і літвін Станіслаў Кісгала, у прысутнасці караля і напаўняўшых замак гасцей, у цяжкой зброі распачалі бой, у якой палякі прызналі першынства за Вольскім, таму што Кісгалу разам з канём абваліў; наадварот, літвіны ўзносілі Кісгалу за тое, што ён магутным ударам кап’ё да рукаяці скрышыў і сам праз галаву конскую саскочыў, але абодвум няхай будзе хвала за тое, што кожны паводле сваіх сілаў учыніў.

Пасля розных спаборніцтваў на дзядзінцы замкавым у прысутнасці манархаў, кароль дзесятага дня па вяселлі, разам з каралевамі і сям’ёй сваёй на кані на рынак выехаў. Прыгатаваныя ўжо там былі сядзенні для манархаў і амфітэатр для гледачоў. Пачалі з ігрышчаў капійнікаў у гончых зброях, спосабам італьянскім. У гуфцах тых апынуліся: Станіслаў Мышкоўскі, Станіслаў Астрарог Львоўчык, Ян Костка, Мікалай Мялецкі, ваяводы Падольскага сын, нарэшце Ян Ляшчынскі. Магутныя тут былі сутычкі, якія зайшлі так далёка, што Станіслаў Астрарог, кап’ём праз зброю прашыты, цяжкую з таго атрымаў рану. Суддзі лагеру прысудзілі ўзнагароду Станіславу Мышкоўскаму; атрымаў ён у выніку каштоўны ланцуг залаты; іншыя атрымалі пярсцёнкі і вянкі. Бітва гэтая працягвалася б даўжэй, каб не князь прускі, які тры пары прусакаў са свайго двару вывеў. Яны на агромных коп’ях змагаліся паміж сабой з такім напорам, што часта мужы і коні падалі разам на зямлю амаль без душы. Бой гэты быў успрыняты з усеагульнымі апладысментамі. Князь прускі заслужыў прыхільнасць усіх, бо якая ж у яго пашана да караля, пана свайго, якая да ўсіх палякаў пачцівасць і гжэчнасць. Вечарам вярнуліся на замак для адпачынку пасля такой працы”.66

Прыведзеныя апісанні належаць да найбольш падрабязных і дакладных крыніц па гісторыі турнірнай практыкі пры ягелонским двары. З іх можна зразумець, што праграма мерапрыемстваў уключала конныя сутыкненні рэнэн, у тым ліку італьянскі, праводзімы праз бар’ер, гештэх, а таксама ўласна турнір – групавую сучычку, якая прадугледжвала дзве фазы – змаганне на коп’ях і на мячах. Абедзве крыніцы трохі разыходзяцца ў дэталях, аднак з апісання Гурніцкага, менш падрабязнага, але больш выверанага тэрміналагічна, выншкае, што спачатку праводзіліся сутыкненні на вострых коп’ях, за імі адбываліся турніры, а завяршалася праграма сутыкненнямі на тупых коп’ях. Калі турнірныя мерапрыемствы праходзілі менавіта ў такой паслядоўнасці, то тут мела месца пэўнае парушэнне еўрапейскай традыцыі, паводле якой турніры павінны былі адбывацца пасля парных сутыкненняў капійнікаў.

Крыніцы ХVІ ст. прыносяць звесткі пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага пераважна ў турнірах, праводзімых на тэрыторыі Польшчы. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо менавіта ў Кракаве праводзілі асноўны час вялікія князі літоўскія, яны ж каралі польскія. Там жа найчасцей знаходзіліся і асобы манаршага двару, найбольш набліжаныя да рыцарскага этыкету, там жа наладжваліся і найбольш пышныя ўрачыстасці. Праўда, калі па нейкіх прычынах ягелонскі двор пераязджаў у Вільню, то сюды ж перамяшчаўся і цэнтр культурнага жыцця.

Трэба, аднак, зазначыць, што ёсць падставы гаварыць аб практыцы правядзення турнірных забаў пры дварах не толькі манархаў, але і буйных феадалаў Вялікага Княства, якія практычна не апісваюцца ў тагачасных хроніках. На гэта ўскосна ўказваюць значныя запасы турнірнага ўзбраення ў рэзідэнцыях асобных магнатаў, у прыватнасці Радзівілаў. Больш таго, часам такое ўзбраенне высылалася з асноўнай рэзідэнцыі ў іншыя маёнткі. Напрошваецца думка, што пыхлівыя рыцары не жадалі адмаўляць сабе ў задавальненні папрактыкавацца ў баявых гульнях і ў сваіх другарадных сядзібах. Так, напрыклад два даспехі “штэхцойг” для сутыкненняў на тупых коп’ях былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.67

Калі больш падрабязна спыніцца на практыцы правядзення турніраў пры віленскім вялікакняскім двары, то ці не лепшыя свае часы яна зазнала падчас знаходжання тут Жыгімонта Аўгуста, які, як ужо адзначалася, вызначаўся надзвычайнай схільнасцю да рыцарскіх забаў і арганізоўваў іх пры любой нагодзе. Так, у сакавіку 1546 г. быў наладжаны турнір з нагоды побыту ў Вільні князя прускага. Шыкоўнае відовішча было арганізавана 22 лютага 1547 г. Яго турнірная праграма складалася з трох частак – турнір, гусарскія спаборніцтвы і, нарэшце, напэўна самы відовішчны пункт – здабыванне ўмацаваннага замку. Па сваёй завядзёнцы, прыняў у ім непасрэдны ўдзел і сам Жыгімонт, які сутыкаўся са сваім падчашым, панам Лігензам і дваранінам Фрыкачам. Пікантным момантам праграмы быў удзел у спаборніцтвах прастытуткі – нейкай Зоф’і Длугай (Доўгай). За шчодрую ўзнагароду з гаспадарскага скарбу яна дала сябе ўзброіць і сышлася ў “паядынках”, відавочна імітацыйных, з панамі Гербутам і Лашчам. Эратычная атмасфера, дамагчыся стварэння якой прагнуў Жыгімонт, была цалкам зразумелай на фоне яго рамана з князёўнай Барбарай Радзівіл, якая ўражвала сучаснікаў не толькі прыгажосцю, але і лёгкасцю сваіх паводзін..68 Такім чынам, праявы Рэнесансу, з яго куртуазнасцю, любоўю да жыцця, якая межавала з бессаромнасцю, з характэрнай для той эпохі насмешкай над традыцыямі, знайшла сваё адлюстраванне і ў турнірнай практыцы.