Выбрать главу

Акрамя турніраў, росквит пры віленскім двары перажывалі і іншыя свецкія забавы – піры, касцюмаваныя балі, фейерверкі, паляванні. Так, у лютым 1546 г. на вяселлі ў наваградскага ваяводы Кежгайлы быў наладжаны маскарад, на якім быў сам вялікі князь і восем ягоных дваран у масках. Яшчэ адзін падобны маскарад быі арганізаваны ў ліпені таго ж года віленскім ваяводам Глябовічам.

Наладжваў багатыя прыёмы і сам Жыгімонт. Так, у маі і жніўні 1546 г. ў новым палацы за Віліяй былі арганізаваны абеды, якія суправаджаліся спевамі і музыкай. Значная роля тут адводзілася прыдворнай капэле, якая складалася з пятнаццаці чалавек, пераважна італьянцаў, і ўзначальвалася Мацеям Чэмюркам. У 1547 г. у капэлу ўваходзіла 5 лютністаў, столькі ж трубачоў, 2 барабаншчыка і арфіст. Па прыкладу манарха сталі арганізоўвацца капэлы і пры дварах магнатаў Вялікага княства Літоўскага. З усёй краіны сцякаліся тады ў Вільню канатаходцы, фокуснікі, жанглёры, вандроўныя музыкі і камедыянты, блазны.

Подзвігі Жыгімонта на турнірах і паляванні закліканы былі ўвекавечыць мастакі, з якіх вялікі князь асабліва шанаваў Антонія Ведэ. У 1545 г. за карціну палявання на зуброў ён атрымаў 105 польскіх злотых, а ў 1546 г. за карціну, дзе быў адлюстраваны турнір – 16 коп літоўскіх грошаў.69

У 1562 г. у Вільні адбыўся шлюб фінляндскага княжыча Яна з каралеўнай польскай Катажынай Ягелонкай, на якім прысутнічаў кароль польскі і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. “Былі прадстаўлены гасподы (пастаялыя двары) князю Яго М[іласці], якія найсумленнейшым чынам паводле патрэбы ў віленскім месце маглі быць дадзены; усё ж, калі ўжо шлюб быў, тады княжычу Яго М[іласці] пакоі што найлепшыя на замку і з каралеўнай Яе М[іласці] прызначаны [былі]. Тыдзень цэлы тое вяселле трывала. Сутычкі на тупых и вострых коп’ях, турніры нямецкія і гусарскія, музыкі там жа і ўсялякія забавы і пачцівасці адбываліся, пры каторых турнірах такія лютыя сутыкненні бывалі, што [удзельнікі] самі сябе жорстка пакалечылі і коней пад самой пазабівалі; так сама і іншыя справы на вяселлі значылі нешта трывожнае і смутнае, як і на самой справе потым хутка выявілася”.70

Прыцягвае ўвагу надзвычай трагічныя вынікі згаданага турніра, якія настолькі ўразілі аўтара, што ён убычыў у іх нядобрыя знаменні. Аднак самі па сабе няшчасныя выпадкі, якія прыводзілі да калецтва і нават смерці ўдзельнікаў, былі звычайнай справай на турнірах нават у ХVІ ст. Гэта супярэчыць распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што ў гэты час рыцарскія баявыя гульні канчаткова ператварыліся ў цалкам бяспечныя тэатралізаваныя відовішчы. Так, напрыклад, Ілля Канстанцінавіч Астрожскі, выбіты з сядла Жыгімонтам Аўгустам на турніры, арганізаваным у 1539 г. з нагоды ўласнага вяселля, атрымаў такія сур’ёзныя пашкоджанні, што неўзабаве ад іх памёр.71 Цяжкую рану атрымаў адзін з удзельнікаў турніра 1553 г., пра які таксама ўжо ішла гаворка.

Трагічна скончыіся турнір, арганізаваны ў Кракаве ў 1574 г. з нагоды каранацыі Генрыха Валуа. Аднак спецыфіка гэтага здарэння заключалася ў тым, што тут меў месца не няшчасны выпадак, а свядомая помста, выкліканая парушэннем прынцыпа роўнасці ўдзельнікаў, якому пры правядзенні турніраў надавалася вялікае значэнне. “У той жа дзень французы непамернае дрэва з харугвай вынеслі на сярэдзіну замка на знак прысутнасці караля, на ўвесь жа дзядзінец навезлі шмат пяску, а тое каб рыцарства, маючы спраўляць там свае ганітвы, нават у выпадку падзення не калечылася. Уваткнулі кругам 24 кап’і; столькі ж, колькі рыцараў мелі сутыкацца; паміж тымі коп’ямі было адно Самуэля Збароўскага, на якім была тарча з надпісам, што калі б каторы небудзь (хто быў роўны з нараджэння і годнасці) жадаў сутыкнуцца з ім, то ён гатовы, і за здароўе караля скрышыць з тым кап’ё”.72 Нейкі Януш Харват, слуга графа Яна Тэнчынскага, кашталяна Вайніцкага, ужо напрыцемку ідучы там, вырваў кап’ё Самуэля і ўзяў з сабой, гаворачы, што сутыкнецца з Самуэлем. Самуэль абурыўся і, не лічачы Харвата роўным, выставіў замест сябе шляхціца Машчынскага, а сам выклікаў Тэнчынскага, нягледзячы на прабачэнні і апраўданні апошняга. Такім чынам, турнір набываў выразнае адценне дуэлі, таму не дзіўна, што Тэнчынскі згадзіўся на яго толькі ў прысутнасці секунданта. А тым часам адбылося сутыкненне Харвата з Машчынскім, які здолеў прабіць шчыт свайго праціўніка, але самога яго не закрануў. Харват жа, змерыўшыся ніжэй, прабіў сядло і параніў Машчынскага ў паясніцу, а пасля дабыў з-пад калена палаш, прымяніць які яму не далі венгры, якія ўмяшліся ў канфлікт і спынілі бойку.