Выбрать главу

Прымаючы пад увагу тую рызыку, з якой сутыкаліся ўдзельнікі рыцарскіх ігрышчаў, становіцца зразумелым сэнс цікавага рытуала, згаданага А.Гваньіні падчас апісання турнірных забаў з нагоды вяселля гетмана Яна Замойскага з Грызельдай, дачкой семіградскага ваяводы Крыштафа, якія адбываліся у 1583 г. у Кракаве: “Сядаючы на коней, усе адзін другога перапрашалі, дадаючы і тое, што калі б каторы ў выпадку няшчасця быў пакалечаны (альбо захавай Божа) і забіты, тады гэтыя грахі сабе сваечасова адпускалі”. Як паказалі вынікі турніра, падобные ўзаемныя рэверансы ягоных удзельнікаў былі не толькі данінай ветлівасці: “Было параненых некалькі ў тым ігрышчы, як Ян Груздзіцкі, катораму кап’ё праз руку прабегла, Казімерскі таксама ў плячо шкадліва быў паранены, пад Мілкоўскім каня паранілі, каня забілі пад Добкам, катораму зараз жа гетман каня свайго, добра прыбранага, на якім сам сядзеў, аддаць казаў”.73

Згаданы турнір можа лічыцца адным з найбольш цікавых відовішчаў такога кшталту і па шэрагу іншых аспектаў. Так, напрыклад, распавядаючы пра яго, Гваньіні прыводзіць адзінае апісанне пешага турніра на землях Рэчы Паспалітай у ХVІ ст.: “Прыйшлі наперад дзве роты пешыя, па старасвецку, у зупольныя, ясна лядраваныя кірысы прыбраныя, каторыя паміж сабой пеша дрэўцы крышылі, некаторыя тэж паміж сабой са зброяй у рукапашнай сыходзіліся, на што кароль з каралевай, і ўсе госці ў ноч шчасліва глядзелі”.74

На другі дзень адбываліся абед, вячэра, потым маскарадныя відовішчы, танцы. “На трэці дзень на рынку былі розныя ігрышчы і ганітвы: усе камяніцы каля касцёла П.Марыі ў рынку, для паноў і паняў зарэзерваваны былі, асабліва адна ў Яна Шпіглера, мешчаніна і райцы, у каторай кароль з каралевай сядзеў. Гэты, цешачыся з таго, што кароль дом ягоны наведаў, упамінак падараваў, які кароль узяць загадаўшы, годна ласкай сваёй узнагародзіў.

Былі два spectaculo на рынку, на адным было шмат паняў і паненак, на другім – суддзі і сам гетман. Там наперад сем пар з коп’ямі ўз’ехаўшы, за тарчамі на вастрыё досыць выбітна і мужна ганілі: а асабліва людзі гетмана з некаторымі дваранамі каралеўскімі: як наперад Вацлаў Падгарэцкі, Павел Рацка, Анджэй Груздзецкі, Якуб Янкоўскі, Стэфан Казімерскі, Станіслаў Горскі, Павел Пястоўскі, Мікалай Рагазінскі, Браніслаў Архоўскі, Марцін Берманскі, Якуб Мілкоўскі, Кшыштаф Праненскі, Ян Добэк, Станіслаў Цінінскі: гэтыя ўсе перад тым па жаўнерску служачы да Масквы, шмат і мужна з непрыяцелем чынілі, а потым прысталі да гетмана і мелі харугвы...75

Пасля завяршэння спаборніцтваў, пачаўся касцюмаваны парад, відавочна арганізаваны як манерыстычнае падражанне старажытнарымскім трыумфам. Гэтае маштабнае відовішча, цалкам лагічнае ў святле пераможнага завяршэння Лівонскай вайны, у якой выдатна зарэкамендаваў сябе сам віноўнік урачыстасцяў Ян Замойскі, было важнай часткай турнірнай праграмы. Персанажамі шэсця з’яўляліся героі антычнай міфалогіі, прадстаўнікі чатырох кантынентаў, экзатычных народнасцяў, алегарычныя постаці і г.д. Не была абдзелена ўвагай і тэма вайны з Масквой: “Князі Слуцкія з сукеніц выехалі разам, [...] на возе ўсю вікторыю маскоўскую паказалі. Ехалі трубачы, за імі, у пазалочаных даспехах, сто рыцараў на конях, потым вазы, на адным быў Полацк, потым Сокал, Веліж, Вялікія Лукі, на чатырох вазах везлі скарбы, тры скрыні [...]”. Такім чынам, урачыстасці 1583 г. уяўляюць выдатны прыклад ператварэння турнірных ігрышчаў у прыдворныя касцюмаваныя “карусельныя” спектаклі.76

Карціна рыцарскіх забаў, у якіх прымалі ўдзел феадалы Вялікага княства Літоўскага, была б няпоўнай без узгадкі пра т.зв. “скачкі за колцам”, вельмі папулярныя ў Еўропе ў другой палове ХVІ ст. Адна з такіх гульняў была праведзена 6 студзеня 1578 г. пад Варшавай, падчас вясельных урачыстасцяў падканцлера кароннага Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл. Захаваліся правілы гэтых практыкаванняў (“Артыкулы”), якія складаліся з чатырнаццаці пунктаў:

“1. Кожны, хто хацеў бы скакаць [за колцам], павінен быць у адпаведным для гэтага ўборы; зброяй, якая б магла б быць прычынай сваркі, ... [ён] не павінен быць забяспечаны.