Выбрать главу

Прыехаўшы на пляц, на вызначанае для скачак месца, [толькі адзін] раз яго аб’ехаўшы, павінен спакойна стаць на тым канцы, з каторага павінен пачаць скакаць.

Ніхто не павінен скакаць да таго, пакуль яму суддзі не загадаюць.

Хто колца возьме, за кожны раз напішуць яму 6 балаў.

Што ў верхні край колца ўдарыць – 3 балы.

Хто ў ніжні край трапіць – 2 балы.

Хто ў бок колца – левы ці правы – 1 бал.

Хто кап’ём пасуне шнур, на якім колца будзе вісець, губляе ўсе балы, калі б іх перад такой памылкай зарабіў.

А калі б іх не меў, а потым зарабіў роўную з кім-небудзь колькасць балаў, ужо будзе бліжэй да перамогі той, хто такой памылкі не зрабіў.

Калі б у каго выпала нага са стрэмені на скаку, губляе ўсе балы.

У каго адкрыецца галава, губляе ўсе балы.

У каго б кап’ё выпала з рук, альбо ў каго яно зламалася аб зямлю, ці дакранулася [да яе], губляе ўсё балы і потым нічога зусім да скачак не мае (напэўна, не мае права далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах – Ю.Б.)..

Калі б хто-небудзь, напалову перасекшы лінію, спыніў каня з-за няўдалага ўтрымання кап’я, у другі раз [ён] паправіцца не можа, і наогул, той раз ідзе яму на страту [добрага] імя.

Можна будзе таксама кожнаму скакаць з тым кап’ём, якое ён з сабой на пляц прынясе”.77

Напрыканцы разгляду турнірнай традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім можна ўзгадаць пра такі спецыфічны від вайсковых практыкаванняў, спалучаны з практычнымі патрэбамі, як паляванне на буйнога звера. Нездарма Мікола Гусоўскі, апісваючы сістэму падрыхтоўкі да вайны насельніцтва Вялікага Княства ў часы княжання Вітаўта, важнае месца ў гэтай сістэме адводзіць паляванню на зубра. Арганізаванае адпаведным чынам, яно давала магчымасць удасканаліць навыкі валодання усімі відамі зброі. Бягучая жывёла служыла кавалерыстам мішэнню для стральбы з лука і для кідання коп’яў, прычым стрэлы і коп’і пазначаліся спецыяльнымі меткамі з тым, каб у далейшым вызначыць трапнасць і сілу кідка таго ці іншага ўдзельніка палявання. З параненым і аслабленым зверам распраўляліся пры дапамозе зброі блізкага бою, прынцып валодання якой заключаецца ў тым, каб “трапіць і не быць патрапленым”.78 Дзеля гэтага, паводле апісання Гусоўскага, пешы фехтавальшчык хаваўся за дрэва, якое служыла аховай ад тараннага ўдару жывёлы, і выкарыстоўваў разнастайныя ўхіленні ад рагоў і шурпатага языка зубра, якім той мог падхапіць праціўніка і падцягнуць да сябе, адначасова імкнучыся нанесці клінком трапны і моцны ўдар.79

Падобную ж манеру развіцця навыкаў фехтавання ваярамі Вялікага княства Літоўскага апісвае і Герберштэйн: “[Жадаючым папаляваць на бізонаў трэба валодаць вялікай сілай, спрытам і хітрасцю.] Выбіраецца зручнае для палявання месца, дзе дрэвы [былі б аддзелены адно ад аднаго патрэбнымі прамежкамі і] мелі б ствалы не надта тоўстыя [каб іх можна было абысці кругом, але] і не маленькія [так каб за імі мог схавацца чалавек]. Ля гэтых дрэў па аднаму размяшчаюцца паляўнічыя, і калі падняты сабакамі, якія пераследуюць яго, бізон выганяецца на гэтае месца, то шмкліва кідаецца на таго з паляўнічых, які выступіць (з-за дрэва) першым. Хаваючыся за дрэвам, ён коле звера, як толькі можа, рагацінай, але бізон не падае нават і ад шматлікіх удараў, а ўсё больш і больш разпаляецца лютасцю, трасучы не толькі рагамі, але і языком, які ў яго настолькі шурпаты і цвёрды, што, ледзь зачапіўшы вопратку паляўнічага, ён ужо (можа) затрымаць і падцягнуць яго – і тады звер пакідае чалавека не раней, чым заб’е яго. Калі ж паляўнічы жадае адпачыць [стаміўшыся бегаць вакол дрэва і калоць звера], то кідае яму чырвоную шапку, на якую той з лютасцю накідваецца [з капытамі і рагамі]. Калі звер не дабіты і іншаму (паляўнічаму) трэба будзе ўступіць у такое змаганне [што бывае неабходным, калі яны хочуць вярнуцца цэлымі], то ён лёгка можа выклікаць на сябе звера, пракрычаўшы хоць раз гучным голасам: лю-лю-лю”.80

Паляванне на буйную жывёлу было вельмі папулярным сярод феадальнай арыстакратыі, у тым ліку сярод вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, прычым апошнія з гэтай мэтай спецыяльна выязджалі на землі Вялікага Княства. Так, напрыклад, паляванне з’яўлялася, разам з гульнёй у шахматы, любімай формай адпачынку Вітаўта.81 Ягайла, літвін па паходжанню, таксама надаваў шмат увагі “улюблёным забавам паляўнічым”, прычым нават будучы ўжо ў сталым веку. Хроніка Длугаша фіксуе падобныя забавы караля практычна падчас кожнага яго прыезда ў Літву – у 1411, 1415, 1417, 1418, 1423-1424, 1426 гг. і г.д.

У шэрагу выпадкаў падчас палявання назапашваліся вялікія запасы мяса для забеспячэння шматлюдных урачыстасцяў і нават для правядзення буйных ваенных кампаній. Так, Ягайла, палюючы на працягу васьмі дзён 1409 г. каля Белавежа, “здабыў шмат лясных звяроў і, засаліўшы іх у бочках, пераслаў іх па Нараву і Вісле ў Плоцк”. У далейшым гэтае мяса спажывалася літвінскім і польскім войскам падчас вайны з Тэўтонскім ордэнам 1410 г. У 1423 г. Ягайла выехаў на Літву, “дзе цэлую зіму правёў, забаўляючыся толькі ловамі і назапашваннем дзічыны ў такой колькасці, каб на прызначаную ўрачыстасць каранацыі [яго жонкі Зоф’і Гальшанскай] для запрошаных гасцей і прыбываючых асоб хапіла”. Мяса, здабытае Ягайлам у ходзе палявання у 1426 г., было засолена і разаслана каралеве Зоф’і, арцыбіскупам, біскупам, ваяводам і панам польскім, сілезскім князям, кракаўскай капітуле, магістрам і дактарам кракаўскай школы, райцам кракаўскага магістрата.82