Выбрать главу

Вялікую схільнасць да палявання выказваў Жыгімонт Аўгуст, які падчас свайго побыту ў Літве шмат часу аддаваў гэтай забаве. Так, у 1546 г. ён правёў на ловах ажно 223 дні! У студзені гэтага года ў Белавежскай пушчы была наладжана вялікая аблава на зуброў. У выніку яе толькі ў Кракаў было выслана 35 бочак дзічыны, а больш за дзесяць бочак атрымаў познаньскі кашталян.

Паляванне на буйнога звера, асабліва на зубра, не толькі дазваляла атрымаць навыкі абыходжання са зброяй і запасы мяса. Яно з’яўлялася і выдатным відовішчам, якое, раз-пораз, абстаўлялася з такой жа пышнасцю, як і турнірныя гульні. Для гледачоў узводзіліся спецыяльныя трыбуны, на якіх засядалі і асобы самага высокага рангу. Мікола Гусоўскі апісвае выпадак, калі спецыяльны памост, на якім сядзелі прадстаўнікі вялікакняжацкага двару, ледзь не быў знесены раз’юшаным зубрам, што магло б скончыцца калецтвам і нават смерцю членаў вялікакняскай сям’і.

У цэлым можна адзначыць, што баявыя практыкаванні, набліжаныя да еўрапейскіх турніраў, узніклі на землях, якія ўваходзілі ў розныя часы ў склад Вялікага княства Літоўскага, даволі рана. Аднак свайго піка турнірная практыка ў класічным разуменні гэтага слова дасягнула тут у ХV і асабліва ХVІ ст. Гэты працэс адбываўся ў рамках станаўлення прыдворнай традыцыі, агульнай з суседняй і саюзнай Польшчай, з якой Вялікае Княства знаходзілася ў дынастычнай і персанальнай уніі. Росквіт турніраў пры каралеўскім і вялікакняскім дварах Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемніках праявіўся не толькі ў рэгулярнасці правядзенні тут рыцарскіх забаў, але і ў іх асартыменце, які, прынамсі ў ХVІ ст., быў такі ж самы, як у краінах Заходняй Еўропы.

Турнірнае ўзбраенне і рыштунак

Першыя звесткі аб ужыванні спецыялізаванага турнірнага рыштунку ў Вялікім княстве Літоўскім досыць цмяныя і скупыя. Найбольш ранняя інфармацыя аб узбраенні, якое магчыма мела турнірнае прызначэнне, датуецца пачаткам ХV ст. Увагу ў гэтым сэнсе прыцягваюць рахункі Тэўтонскага ордэна, дзе пад 1401 г. ідзе гаворка пра выдаткаванне 15 прускіх скойцаў на “eichelin” і іншыя прылады для шлема (helm) вялікага князя літоўскага Вітаўта.83 На тое, што ў дадзеным выпадку меўся на ўвазе гаршчковы шлем, ускосна ўказвае сам тэрмін “helm”, які, на думку большасці даследчыкаў, ужываўся на землях Ордэна выключна ў дачыненні падобных нагалоўяў. Гэты тэзіс аспрэчвае, на карысть шырэйшага трактавання тэрміна “helm”, А.Навакоўскі, але затое ён трактуе “eichelin” як упрыгожанне ў выглядзе завершаных трэфамі выцягнутых плакетак, што абрамялі зрокавыя шчыліны, а часам і змяшчаліся ўздоўж вертыкальнага рабра гаршчковых шлемаў.84 Такім чынам, у любым выпадку ёсць сур’ёзныя падставы вызначаць вышэйзгаданы шлем Вітаўта як гаршчковы.

Гаршчковыя шлемы, якія атрымалі сваю назву з-за падабенства да гаршчка, перакуленага дагары дном, найбольшай папулярнасцю карысталіся ў Еўропе ў ХІІІ – ХІV ст. Аднак, насуперак вельмі распаўсюджанаму меркаванню, паводле якога такімі шлемамі заходняе рыцарства забяспечвалася ледзь не пагалоўна, яны з’яўляліся атрыбутамі толькі феалальнай знаці, эліты шляхецкага саслоўя. У выніку імкнення да ўдасканалення гаршчковых шлемаў падобныя нагалоўі зазналі шэраг мадыфікацый і да ХІV ст. быў сканструяваны т.зв. “вялікі шлем”. Верх нагалоўяў, першапачаткова пляскаты, набыў скругленую ці канічную форму. Маса шлема павялічвалася, дзякуючы чаму ён стаў празмерна цяжкі для галавы рыцара. Выйсце знайшлося ў падаўжэнні краёў звона, якімі шлем стаў апапірацца на плечы ваяра. Пярэдняя сценка, вертыкальная, ці слаба выгнутая, забяспечвалася вертыкальнай гранню.85

Аднак у другой палове XIV — пачатку XV ст. гаршчковыя шлемы паўсюль у Еўропе наогул выходзяць з баявога ўжытку і выкарыстоўваюцца толькі як турнірныя і цэрэманіяльныя. Для гэтага яны з левага боку ўзмацняліся дадатковай накладной пласцінай. Верх шлема упрыгожваўся спецыяльнымі клейнотамі – фігурамі геральдычнага і алегарычнага зместу. Трэба думаць, што менавіта такія ўпрыгожанні на шлеме Вітаўта маюцца на ўвазе пад іншымі прыладамі (ander gerethe) у згаданых рахунках Тэўтонскага ордэна.