Выбрать главу

Самі коп’і, ўжываныя для турнірных сутыкненняў “гештэх”, таксама мелі спецыфічную канструкцыю. Перш за ўсё, яны характарызаваліся адмысловымі каронападобнымі наканечнікамі з 3—4 кароткімі зубцамі. Дрэўка выраблялася з мяккіх парод дрэва, пераважна хвойных парод. Яго даўжыня даходзіла да 375 см, тады як дыяметр у самай тоўстай частцы – да 9,5 см, у асобных выпадках да 15 см. Для таго, каб коп’і лягчэй ламаліся, іх дрэўкі маглі рабіць рыфлёнымі і навах пустымі ўсярэдзіне ад наканечніка да рукаяці.

Я не спыняюся на конскім рыштунку, ужываным для сутыкненняў на тупых коп’ях, бо ён быў розны ў тых ці іншых відах “гештэха”. У той жа час лічу неабходным адзначыць, што паверх кольчага даспеха звычайна апраналася спадніца з тканіны, багата аздобленая і драпіраваная глубокімі складкамі. Менавіта яна ўзгадваецца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” як “хвалды”.89

У Еўропе бытавалі два варыянты кольчага даспеха – нямецкі і італьянскі, якія адрозніваліся ў дэталях. У дадзеным выданні разглядаецца толькі нямецкі варыянт, бо Вялікае княства Літоўскае, так сама як і суседняя Польшча, пераважна падпадалі ў ХV – ХVІ стст. пад уплыў менавіта нямецкай школы ўзбраення. У зборах польскіх музеяў захоўваецца некалькі кольчых даспехаў нямецкага тыпа, якія даюць выдатнае ўяўленне пра падобны рыштунак.90 Найбольшую ўвагу прыцягвае адзін з даспехаў, што захоўваецца ў Музеі Войска Польскага (інв. № 108х/1-7). Ён мае клеймы г.Нюрнберга і майстра Валянціна Себенбюргера. Вядомы польскі даследчык З.Жыгульскі датуе даспех прыблізна 1500 г. Аднак ягоны калега А.Сварычэўскі пераканаўча даводзіць, што ён мог быць выраблены Валянцінам Себенбюргерам (Сібенбургерам), які ў сярэдзіне ХVІ ст. працаваў у Кракаве, а ў 1560-1563 г. з’яўляўся надворным платнерам вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў Вільні.91 Адпаведна, згаданы даспех мог быць выраблены значна пазней за 1500 г. Прынамсі апісанні турніраў, праводзімых у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, сведчаць, што кольчыя даспехі ўжываліся тут нават у другой палове ХVІ ст. Так, напрыклад “зброі кольчыя для ганітвы 2” былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.92

“Гончая зброя”, ці “гончы даспех” была сканструявана на базе гатычнага даспеха другой паловы ХV ст. У якасці шлема яна прадугледжвала глухую саладу без заслоны, але з лобнай накладной пласцінай. Кіраса гончага даспеха таксама мела крук і контркрук. Да нагрудніка кірасы прыкручваўся масіўны падбароднік – “барт”, які закрываў ніжнюю частку твару. Знізу да нагрудніка мацавалася спаднічка з вельмі доўгімі ташкамі, якія амаль дасягалі каленяў. Менавіта яны ўзгадваюцца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г. як “ташкі гончыя”. Наспіннік кірасы меў глыбокія выцінкі ля шыі і пояса, а таксама каля рук, што надавала яму падабенства з літарай Х. Знізу да наспінніка мацавалася, як і ў кольчых даспехаў, падпорная пласціна.93

Наручы ў гончага даспеха адсутнічалі зусім. Правая баранілася надзвычай вялікім шчытком кап’я, які да таго ж меў спецыфічную форму, дазваляўшую яму пакрываць усю правую палову тулава. Левая палова наздзейна ахоўвалася спецыяльнай тарчай – т.зв. “рэнтарчай”. Яна выраблялася з дрэва, абцягвалася скурай і часта акоўвалася па краях жалезам. Спецыфічная форма тарчы дазваляла ёй пакрываць рыцара ад зрокавай шчыліны шлема да пояса ці нават да сярэдзіны сцягна. Для механізаваных відаў рэнэна выкарыстоўваліся спецыяльныя тарчы з некалькіх дэталяў, а таксама адмысловыя кірасы з пружынным механізмам. У “трапным рэнэне” такога механізма не прадугледжвалася, а тарча збівалася проста ўдалым ударам кап’я.

Гончы даспех можа лічыцца рэкардсменам па сваёй масіўнасці. Яго вага магла даходзіць да 85 кг! Робіцца зразумелым, чаму на турніры, арганізаваным у 1553 г. у Кракаве, літвіны патрабавалі прысудзіць перамогу свайму земляку Станіславу Кежгайлу. Падчас змагання “ў гончых на вастрыё”, ён быў абвалены праціўнікам разам з канём, але здолеў саскочыць на зямлю праз конскую галаву.94 Гэта быў сапраўды ўчынак, варты Геркулеса!

Дадатковую ахову ног удзельнікаў рэнэна ад удара аб бар’ер стваралі спецыяльныя набедраныя шчыткі ці т.зв. “дзільжэ”. Яны перакідаліся праз сядло на рамяні і таму могуль лічыцца не столькі ўзбраеннем рыцара, колькі рыштункам каня. Гончыя сёдлы, узгаданыя ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г., належалі да катэгорыі лёгкіх і не мелі пярэдніх і задніх лук.95