Выбрать главу
Ды жартаўнік забыць яго не мог I, больш таго, сава ж была жанчынай! Круцілася каля ягоных ног, Нібы спрыяла, каб герой наш мог З тых дотыкаў адчуць сябе мужчынам.
I ён адчуў... «Прыгожая!» — саве Ледзь выдыхнуў у дробненькае вушка, I ўжо тады не мех пусты ў траве — Убачыліся ўзбуджанай саве Крухмальныя прасціны і падушка.
I шлюб адбыўся і збярог курэй... Сава ж была галоўнаю савою, Таму спыніла свой драпежны рэй, I рэшта недаедзеных курэй Ёй склала пацеры на гурбе гною.
А людзі зразумелі, што заўжды З любою ўяўнай і няўяўнай сілай Дамовіцца, каб не было бяды, Магчыма назаўсёды, назаўжды Не стрэльбай, а прыгодай нейкай мілай.
Таму няхай жывуць жартаўнікі I ў Курасоўшчыне, і ў дальнім краі, Бо ў дні любыя і ва ўсе вякі Не на багоў, на Вас, жартаўнікі. На Вас адных — жыццё надзею мае...
Сава ж з вяскоўцам век свой прабылі. А ў блізкай блізкасці ці мелі сітрыту? Хто ведае, апроч самой зямлі I неба, што ва ўсе часы былі Хаўруснікамі пэўнымі нябыту.

АДАМ НЯДЗЕЛЬКА

Паэма

З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?

У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі
I драбяза гняце, і веліч — З чаго пачаць? Ва ўсім — туман. Пра тое думаў Караткевіч, Свой пачынаючы раман.
I мне таксама дбаць пра тое, З чаго пачаць... I я хачу Сваёй паэмкаю малою Цікавым стацца чытачу.
Чытач, цябе не дагукацца Па нашым часе, але ўсё ж Не проста так цікавым стацца, Як вераб'ю базарны грош,—
Хачу, каб ты ў маім героі Сябе пабачыў... I мяне Шчэ больш упэўніў, што дурное Як горб нябачны на спіне.
Хваробы гэтае сімптомы На кожнай вуліцы, Зірні — Ва ўладзе выпешчанай стомы Марнеюць душы дзень пры дні.
Дык вось, акрыўшыся цытатай, Займеўшы тэму не па блату, Ступлю два крокі і ў акно Зірну — надвор'е там якое?
Пачну з надвор'я, бо яно Заўсёды побач, пад рукою, I ахвяруе рытм настрою Майму галоўнаму герою —
У Мінску холадна было, У размаітасці наклеек Вітрынаў гастраномных шкло Блішчала незвычайна неяк.
Хоць незвычайнага ані: На шкло налеплены плакаты, Гарэў неон, і ў тым агні Стаялі слуцкія таматы.
Недэфіцытны неслі сцяг Алей, і маргарын заўсёдны, I крупаў застаялы пах, I селядцовы дух нязводны.
I ўсё ж, герой мой дарагі, Далёкі ад высноў цынічных, Прамовіў: «Выбар неблагі I выгляд у вітрын нязвычны...»
Лайдакаваты абармот Зусім на яву не зважае, Адно з кішэні бутэрброд Дастаў і зноўку прамаўляе:
«Які нязвычны рух таксі I незвычайны грук трамвайны, I бутэрброд, што сам ясі, Не проста смачны — незвычайны.
I манекены ў негліжэ, I літары СБ па пральні, І нават літары МЖ, I сам замок на прыбіральні.
Ах, Мінск! I што ні прамільгне — Ты ў кожнай рысе неаспрэчны, Не тое што абрыдлы мне Заштатны горад Маладзечна».
Сказаўшы гэта, поўны рот Перакрывіў — аж зніклі словы! Нібыта ў цемры бутэрброд Глынуў з мяшэчкам папяровым.
Ажно прыцішыўся вакзал, I толькі ветрычак пранізлы Пад палітончык падлязаў, Пад халасцяцкую бялізну.
I ён падумаў пра цяпло, А гэта значыць пра кілішак, У Мінску ж холадна было, Калі ён з электрычкі выйшаў.
Заўжды, калі бываў жадзён Раптоўпай кроплі пры нагодзе,— То стукаўся ў «Мядуху» ён Альбо ў «Каханую» заходзіў.
З уяўнай стомай на ілбе I з нейкім напускным сарказмам Ён адпаведнае сабе На халасцяцкія заказваў.
«Цяпер не той разгон піццю I мерка, нібы хвост авечы,— Сто грам на рукі, і.. адзью, I болей не нальюць за вечар.