Выбрать главу
Таму без клопатаў-турбот, Вядома, думаць ён гатовы, Што ёсць зямля, што ёсць народ, Што беларуская ёсць мова...»
Чытач, пакуль Нядзелька мой Дае мне водпаведзь такую, Я развітаюся з табой, Цябе ад лішняга ўратую.
Даруй, чытач, за страту часу I за ідэю выбачай: Адам — твой брат, ды за абразу Ты гэта, браце, не прымай.
I маладзечанцаў сардэчна Прашу прабачыць, што Адам З майго дазволу Маладзечну Ярлык заштатнасці надаў.
Ваш горад, зрэшты, выпадкова З'явіўся у радкі мае — Не дзеля нейкае высновы, А дзеля рыфмы аднае.

* * *

А ці многа ў нас цярпення? А ці мудрасці дасолі? Рэстаўрацыя сумлення Адбываецца паволі.
Што не хутка — дзякуй Богу! Маем час падумаць дбала, Каб на гэтую работу Нам хапіла матэр'ялу.

* * *

Калі дзяржава хлусіць — I чалавек тады Хлусіць, вядома ж, мусіць, Ды толькі не заўжды.
Маленькі і няшчасны. На свой падобны час, Памыліцца не раз ён, Падмане многа раз.
З'яднае і ўмацуе Уласнаю рукой Сваю хлусню малую З вялікаю хлуснёй...
I ўсё ж ён пераможа Падманны рух і спех I спыніцца, дай Божа, Таму што — чалавек!
Былой хлуслівай славе Сцягі не дасць узвіць I холадна дзяржаве У вочы паглядзіць.

* * *

Не хацеў бы я нічога, Толькі б раз убачыць Бога, Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць. Што ў іх — поспех? перамога? Ці звычайная знямога? Ад якой не варухнуцца, не ўздыхнуць.
Пацяшэнне з нашай волі? З хлеба нашага і солі? Ці спагада нашай долі існуе? — Нашай песні, нашай хаце, Нашай бедненькай зарплаце. Што адразу нам памерці не дае.
Разуменне нашых бедаў I няпэўных нашых ведаў I ні ў тым вось, і ні ў гэтым, і ні ў чым. Мы крычым, калі магчыма, Не магчыма — дык маўчым мы. Так да смерці то крычым, а то маўчым...
Хто ж у гэтым віпаваты: Нашы мамы, нашы таты? Самі мы? Ці ўсё яны — кіраўнікі? Вінен Бог адзін, няйначай, I таму яго не ўбачыш Ні ў бінокль, ні ў тэлескоп, ні з-пад рукі.
Ён высока, ён далёка, Ён схаваўся ад папрокаў — Душы нашыя пакінуў назаўжды. I ў краіне-агародзе Густа палыны ўзыходзяць, Сохнуць вёскі і буяюць гарады.
Лёс такі — адна дарога, Камянёў на ёй замнога, I ніяк з дарогі гэтай не звярнуць. I не хочацца нічога, Толькі б раз убачыць Бога, Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць.

ДЛЯ ЎСІХ

Такой трагедыі не ўбачыць грэку, Такіх дзівос і ў Бібліі нямаш... Будоўлі веку — у будоўлі здзеку Ператвараліся пад бравы марш.
Пераўтварэнняў тых было багата, Камю такую і не сніў чуму... У турмы — хаты, адвакаты ў каты! I зразумела мне цяпер, чаму
Ніхто не дапаможа Карабаху, I мёртвыя не ўстануць за жывых — Старая плаха стала вечным страхам Для ўнукаў і для праўнукаў. Для ўсіх.

* * *

Ах, тупасць... Плесень? Ці іржа? — Адно імкненне — Была б заглушана душа Хоць на імгненне.
За гэты міг усё зрабіць Дурніца рада — Вяроўкі віць, вучыць, як жыць, Пісаць даклады...

* * *

Вучыла дзяржава красці Не толькі — гайкі, цвікі (Што можна ў кішэню пакласці), А цэлыя цягнікі.
Настаўніцай клапатлівай Брала па сотні гадзін, I вучні яе надзіва Слухмяныя як адзін.

* * *

Саступі, дзяржава, чалавеку, У спакоі жыць дапамажы, Праз тваю жалезную апеку Пляма страху на яго душы.