Выбрать главу
Л а н ц э л о т Не трэба адчаю, прашу,— Мы будзем шчаслівыя, вер мне!
Э л ь з а Адкуль? Калі сее ў душу Бязвер'е атрутнае зерне.
Л а н ц э л о т Адкуль ты пытаеш? З нябёс! Там болей не будзе Дракона, I сонца асвеціць паш лёс Сваёй чысцінёй незамглёнай.
ЗОНГ МУЗЫКАНТА-МЕТАЛІСТА
Я — майстар музычных спраў. Сабою не буду хваліцца. Я доўга цябе чакаў I верыў — ты прыйдзеш, рыцар.
I зараз не я адзін. А просім мы ўсе з паклонам: Нянавісць сваю збудзі! Дракона забі! Дракона!
Мы сталі ніжэй травы. Цішэй за ваду мы сталі, Згубілі свае правы — Свабоду у нас укралі!
Таму — і не я адзін, А просім мы ўсе з паклонам: Нянавісць сваю збудзі! Дракона забі! Дракона!
Не грэбуй зброяй маёй. У струнах пявучых зроду Жыве пераможны бой — Вярні нам назад свабоду.
I помні — не я адзін, Прасілі мы ўсе з паклонам: Нянавісць сваю збудзі! Дракона забі! Дракона!
АДКАЗ ЛАНЦЭЛОТА МУЗЫКАНТУ
Што наканавана мне? Пра сябе падумаць? Не! Пра нябёсы лепей, што нясуць душы спакой.
Дай жа, Божа, сілу мне Пра сябе не думаць, не! Дай жа, Божа, сілу і вядзі мяне на бой!
ЗОНГ ЛАНЦЭЛОТА ПАСЛЯ БОЙКІ З ДРАКОНАМ
Я перамог. Дракон забіты. Нябыт сатрэ яго сляды. Непадуладная нябыту, Свабода вернецца сюды.
Я недарэмна ў бойку рушыў. Няхай памру ад цяжкіх ран,— Але выпростваюцца душы, Страх пакідае гараджан.
I з горкім каяннем на твары Праклёны шле сабе народ: «Навошта цешылі пачвару? Кармілі злыдня столькі год!
Якія подлыя ў нас душы I баязлівыя к таму ж! I гінуў смелы, гінуў дужы Праз баязлівасць нашых душ.
Пажыўшы ў гэткім перапудзе, Паразумнелі б камяні, А мы не камяні, мы — людзі! I нам без розуму ані!
I без Дракона, без прыгнёту Жыццё на новы пойдзе лад — Дык слава, слава Ланцэлоту! Асілку, рыцару — віват!»
Шкада, што гэтае прызнанне Я чую па дарозе ў рай... Бывай, жыццё, бывай, каханне, I, Эльза мілая, бывай.
Ты прысвяці сваю малітву Таму, хто ўсе шляхі схадзіў, Дракона выклікаў на бітву, Забіў яго і сам спачыў.
ГАРАДЖАНЕ СЛАВЯЦЬ БУРГАМІСТРА
Было жыццё, нібы турма. Было ярмо прыгону. I вось таго ярма — няма. Анафема — Дракону!
Мы не маглі, мы не маглі Спакойна спаць і есці. Нам дэмакратыю далі Чаканую нарэшце.
Які святочны краявід — Налева і направа. Дракону подламу — нябыт! А Бургамістру — слава!
Ён з намі быў, ён нас любіў I нават пад уціскам Не проста Бургамістрам быў, А антыдраканістам.
Не проста так у час бяды Прагнаў пачвару з трона, А назаўсёды, назаўжды Ён зваяваў Дракона.
Галовы страціла свае Пачвара-недарэка. Мы сёння славім не яе, Мы славім — чалавека.
ЗОНГ ЭЛЬЗЫ ПЕРАД ШЛЮБАМ
Усё — і спакой, і адчай — Табе ахвярую, мой Божа, А ты мне ўзамен абяцай, Што гэтьш няшчасным паможаш.
А ты мне зрабіць абяцай Відушчымі іхнія вочы I ўсе спадзяванні на рай Нічым у жыцці не азмрочыць.
Ты гордасці іх навучы I смеласці непераможнай. Любоў, як дачку, заручы Ты з горадам гэтым, мой Божа.
У душы глухія зірні, У сэрцы — таксама ж такія... Да роднае мовы вярні Ты гэтыя душы глухія.
Не проста ты мне абяцай, Што зробіш усё і паможаш, Прашу цябе — розуму дай, Вярні іх да памяці, Божа!
ГАРАДЖАНЕ СЛАВЯЦЬ ЛАНЦЭЛОТА
Мы будзем ведаць з году ў год, Таго забыць не зможам, Што толькі рыцар Ланцэлот Сапраўдны пераможац.