Выбрать главу
На вочы бачылі свае, Як мужна і натхнёна Галовы ўсе да аднае Ён пазбіваў з Дракона.
Мы б самі гора не звялі, Калі б не меч ягоны.— Мы па-ранейшаму жылі I славілі б Дракона.
I што хавацца нам. калі б Не уваскрос так быстра — Мы па-ранейшаму жылі б I славілі Бурмістра.
Ён уваскрос, ён уваскрос — Вярнулася свабода. Замілаваныя да слёз, Мы славім Ланцэлота.
Не толькі мы, а кожны звон Яму вітанне зложыць, Бо толькі ён, бо толькі ён Сапраўдны пераможац.
ЗАКЛЮЧНЫ ЗОНГ ЛАНЦЭЛОТА
Не трэба вар'яцтва! Вы чуеце?.. Не! О, тупасці вашай нішто не скране. Вы думаць не хочаце! Кожны — глухі! Вам слых не патрэбен і нават мазгі!
Так жыць немагчыма, як вы жывяцё... Жыццё без свабоды — ужо не жыццё! Вы тварам — героі, душою — рабы! Дзе пуга, дзе ганьба — там вашы гарбы!
Вы быдла! Не людзі! Ваш розум патух. Патрэбен вам хлеў і патрэбен пастух. Стапталі сябе і за вашай душой Ні веры сваёй і ні мовы сваёй.
Вам цёпла, вам добра ў адной чарадзе. Вы — маса, якую не ўбачыш нідзе... Пра што я? Каму я? Навошта? Хоць плач... О, Божа, даруй мне. О, Божа, прабач.

НА РАДЗІМЕ ЦІЛЯ УЛЕНШПІГЕЛЯ

Наведаўшы Бельгію, Вы зразумелі — гэта краіна, якая не экзатычна здзіўляе, а проста запамінаецца. Так запамінаецца турысту невядомае, што раней было вядома з чужых, а цяпер ужо і са сваіх уражанняў. Так запамінаецца паэту апошні сапраўды святочны момант перад з'яўленнем адзіна патрэбнай метафары. І, пэўна ж, так запамінаецца дзіцяці казка пра добрых, таемных чараўнікоў.

Зрок болей за пачуцці наталяецца паэзіяй чужых вуліц, дамоў, краявідаў. Пачуцці на чужыне спяць, сцвярджаеце Вы, а вочы стамляюцца. Іх стамляе архітэктурная панарама, што ўвесь час мяняецца. I такім, штокроку зменлівым, Вам убачыўся Брусель.

Здаецца, што бельгійская сталіца не мае аднолькавых будынкаў. Нібыта яна пазбаўлена хваробы стандартнага дойлідства і хаатычнай планіроўкі. Горад занадта эканомны і. быццам спружына, падціснуўся да апошняй магчымай рыскі, каб вызваліць месца вітрынам, рэкламам і аўтамабілям. Нават вадасцёкавыя трубы схаваліся ў сцепы, а Каралеўскі пляц такі маленькі, што аўтамабілям дазволена ездзіць па трамвайных пуцях.

Будаўнічыя альбо рэстаўрацыйныя пляцоўкі зусім мініяцюрныя. За невысокім драцяным плоцікам, што абвешаны папераджальнымі чырвонымі лямпачкамі, убачыце двух-трох рабочых у жоўтых каскетках, адзін экскаватар і чырвоную цэглу, складзеную ў грацыёзныя стаўбункі і загорнутую ад дажджу ў цэлафан.

Зрэшты, больш чым мільённы Брусель не такі ўжо й мініяцюрны і шмат у чым аднолькавы. Але ён так густа аздоблены рэкламнымі шчытамі, што вельмі лёгка падмануцца на «архітэктурнай» арыгінальнасці амаль кожнага дома.

Дзіўнае тое, што брусельская «арыгіналь-насць» ствараецца даволі неарыгінальнай у сваім шматлікім тыражыраванні рэкламай.

Мяркуйце самі.

Фірма Jupiter, шануючы дух камерцыі і свайго руплівага караля Гамбрынуса [5], паразвешвала па ўсім Бруселі і па ўсёй краіне шыльды са сваёй назвай. I дзе б Вы ні апынуліся, на які мур альбо дах ні зірнулі б, абавязкова прачытаеце — Jupiter. На вялізных блакітных шчытах убачыце ўзбуйнена прыгожага юнака, які з асалодай п'е піва з доўгай шклянкі, на якой таксама месціцца надакучлівая назва фірмы...

Без аніякага перабольшвання можна прыйсці да звышэмацыянальнай высновы, што рэклама — самая нахабная істота ў свеце. Рэклама баіцца застацца без увагі нават на адно імгненне, таму імкнецца захінуць сабой неба, зямлю і Ваш добры настрой. Яна кідаецца ў вочы і тады, калі яе не хочаш бачыць. Рэклама не любіць стандартных фарбаў, памераў, шрыфтоў, кампазіцыі. Яна заўсёды хоча быць незвычайнай, хоць мэту мае самую будзённую: знянацку захапіць пакупніка і завалодаць ягонымі грашыма. Рэклама ведае, што яна патрэбпа кожнай рэчы — ад парнаграфічнага альбомчыка да шкарпэтак, таму ўлада яе над чалавекам бязмежная. Яна падпарадкавала сабе свядомасць гандляроў і набыла характар татальнасці. Татальная рэклама самазадаволена выгульваецца па нязводнай пашы радыё і тэлебачання, часопісаў і газет, па ўсіх мурах і падмурках. Яе ласкава-драпежлівае аблічча вытыркаецца з-пад кожнага даху, памахвае сваім ліслівым хвастом з кожнай шыльды і вітрыны. Гэтая істота ўвасобіла ў сабе найвышэйшую ступень эгаізму, бо карыстаецца ў гутарцы з Вамі толькі займеннікам «я». Для маленькай Бельгіі і для Бруселя, што — памятаеце — нагадвае сціснутую спружыну, такая лексічная эканомнасць прымальная.

вернуться

5

Казачны фламандскі кароль, вынаходнік піва.