Выбрать главу

Татальная рэклама не мае і кроплі падабенства з рэкламай спакойнай, гутарковай. Той рэкламай, якой часам карыстаемся мы, калі даведваемся пра нейкую рэч, нібыта паміж іншым, за той жа ранішняй шклянкай чаю...

Не, ніякага спакою, ніякай гутарковасці, адзін толькі крык: «Я!»

Што Вас, наіўнага турыста, можа выратаваць ад гэтага крыку?

Перш за ўсё само брусельскае надвор'е — з пяці дзён тры абавязкова будзе ліць дождж. Тады адпначывайце сабе ў гатэлі альбо пе вылазьце на слоту з аўтобуса, і рэкламныя фарбы страцяць палову сваёй нахабнасці.

Дождж звычайна прыпадае на раніцы, а вечары у Бруселі надзіва цёплыя, спрыяльныя для шпацыру. Дык вось, калі Вы дазволілі сабе вячэрнюю праходку, тады пільнуйце свой абутак. Пад ногі будуць трапляцца чорныя цэлафанавыя мяшкі, пад самую гічку напакаваныя смеццем. Смецце і скрынкі з пабітым шклом (паколатае шкло бельгійцы не выкідваюць на агульны сметнік, складаюць асобна) з Бруселя вывозяць толькі тры разы на тыдзень. Таму па некалькі дзён чорныя мяхі ляжаць на вузенькіх тратуарах, замінаюць хадзе.

I яшчэ адна перашкода чакае Вас на брусельскіх тратуарах. Як і ў кожнай сталіцы, тут таксама шмат сабакароў. Вечарам яны выгульваюць сваіх хвастатых пестуноў, і тыя, ачмурэлыя ад гаспадарскай увагі і бензінавых пахаў, шчодра ўгнойваюць брук. Добра трэба глядзець на дол, каб, крый божа, не ўсунуцца ў «духмяную» пастку...

Нават самаму рамантычнаму паэту сучасны Брусель не ўявіцца рамантычным горадам.

Некалі ў паветры не таўкліся бензінавыя хмары, і можна ўявіць, як у тыя неаўтамабільныя часы Брусель уздымаўся ў неба. Чыстая сінява песціла царкву святога Аўгусціна і святую Капэлу, дзе пахаваны Брэйгель-Сялянскі, гатычны храм пад дзіўнай назвай Маленькі пясок і сабор святога Агудулы, на цяперашнім уваходзе якога маецца шыльдачка з сабакай, перакрэсленым чырвонай рыскай. Горад імкнуўся ў палёце-сненні да сваёй абсалютнай незалежнасці ад цяжару і бруду.

Сёння таго палёту не ўбачыце, бо старавечныя вуліцы і вулкі Бруселя невымерна пацяжэлі. Мільённатонны аўтамабільны баласт навекі прыціснуў бельгійскую сталіцу да асфальтавага долу. Кіламетровыя аўтамабільныя чэргі аблыталі горад карункамі гумавых колаў. Гэтыя «карункі» карыстаюцца большым попытам, чым сапраўдныя. Дарэчы, славутыя брусельскія карункі, нягледзячы на страту шы-рокага пакупніка, усё яшчэ дорага каштуюць. На маленькую кішэнную хустачку, аздобленую імі, трэба выдаткаваць каля 600 франкаў...

Уздоўж тратуараў цягнуцца суцэльныя аўтамабільныя платы. У любой частцы горада, на любой плошчы Вы пераадольваеце іх, як некалі ў дзяцінстве, праз выратавальныя шчыліны. У платах павінны быць шчыліны.

Гэта аксіёма, як і тое, што плот можна зрабіць і з такога прыдатнага матэрыялу, як легкавыя аўтамабілі.

Брусель перанасычаны аўтаплатамі. На іх не сушацца глечыкі і не апускаюць свае кароны сланечнікі. На іх набягаюць запрашальныя агні парнаграфічнага кінатэатра «Парыж», што ў цэнтры горада, і кладзецца пыл вуліцы Амерыканскай, на якой В. Арта ўпершыню ў Бруселі пабудаваў дом у стылі мадэрн. I кожнай раніцы Ваша здзіўленне люструецца ў гэтых шыкоўных платах, якія з абодвух бакоў шасэ дэ Монс шчыльна падступаюць да ўвахода гатэля, дзе Вы жывяце — гатэля пані Ван Беле.

I калі б Вам. як рэжысёру, прапапавалі б у Бруселі паставіць «Сляпых» Метэрлінка, то Вы нічога лепшага і арыгінальнага не вынайшлі б, як размясціць дзеючых асобаў п'есы на аўтамабілях... I вось яны, сляпыя, напалоханыя, што нечакапа знік святар, іхні павадыр, шукаюць яго, пад'язджаюць адно да другога, сутыкаючыся металічнымі і гумовымі бамперамі. I адчай у такім становішчы не паменшыцца, наадварот. праз нейкі момант набудзе межы агульначалавечай катастрофы. Бо, седзячы ў машыне, немагчыма да святара дакрануцца рукамі, каб зразумець, што ён памёр і што ў ягоны нерухомы аўтамабіль б'юцца ўсе астатнія.

На тратуарах каля кожнага аўтамабіля маецца лічыльнік: знак таго, што трэба плаціць, калі твая машына займае месца на вуліцы. Дарэчы, на брусельскіх тратуарах дарма шукаць хоць якое-небудзь кволае дрэўца. Дрэў няма, толькі пільныя лічылытікі.

Шафёр, што абслугоўвае Вашу групу, зычлівы таўстун Элі, тлумачыць — таго, хто хітруе, каб не карыстацца лічыльнікам, чакае штраф 750 франкаў. За гэтыя грошы можна набыць добрыя чаравікі.