Выбрать главу

У брусельскім метро малалюдна, у падземных трамвайчыках таксама. А тралейбусаў наогул няма. На думку бельгійцаў, грамадскі трапспарт не дае рэальнай свабоды і занадта дысцыплінуе рух; яны лічаць, што толькі той сапраўды свабодны, хто мае машыну.

Пад Льежам можна ўбачыць іранічны і даволі экстравагантны помнік свабодзе — з пастамента вытыркаецца задняя частка чорнага легкавіка. Аўтамабіль нібыта спікіраваў з нейкай паветранай шашы — радыятарам, пярэднімі коламі і ветравым шклом пратараніў бетонную пліту пастамента.

Цікава: які помнік свабодзе ўзвёў бы Ціль Уленшпігель? Няўжо ўзвалок бы на пастамент асла, на якім, не маючы аўтамабіля, бясконца вандраваў па роднай Фландрыі?

Чуючы ў сабе талент скульптара, Ціль паказаў бы свабоду праз вобраз прыгожай і сумнай дзяўчыны, і ўсе пазналі б у ёй Нэле.

Андрэ Маруа неяк заўважыў: «Наша планета занадта цесная для аўтамабіляў. У рэшце рэшт людзі будуць жыць, не пакідаючы месца, як расліны». Лёс ахвяруе такую перспектыву Бельгіі, краіне на аўтамабільных колах, кожны чацвёрты жыхар якой за рулём.

Ад Астэндэ да Намюра, ад Турнэ да Льежа Бельгія застаўлена кемпінгамі, заправачнымі станцыямі і прадстаўніцтвамі амаль усіх аўтакампаній свету. Зрэдчас прамільгне на шыльдзе і знаёмая назва «Лада».

Праз кожныя пяць-шэсць год без капіталнага рамонту бельгійцы мяняюць свае «помнікі свабодзе» на новыя. Каля Бруселя можна наведаць аўтамабільныя могілкі. На велізарным аўтасметніку гніюць металы, парахнее гума, буцвеюць фарбы. Але ўсёмагутны культ машыны і тут не складае свае крылы. Ён імкнецца ў вырай абсалютнай аўтамабілізацыі, да звыштэхнічнага цяпла, дзякуючы якому аўтамабілі будуць сыходзіць не з канвеераў, а вылуплівацца з яек.

Такое ўражанне, што бельгійцы ніколі не развітваюцца з аўтамабілем, які клопат ці справа ні выпадалі б. Нават на вуліцу дэ Маршэ — месца «чырвоных ліхтароў» — яны накіроўваюцца на машынах.

Гэтую вуліцу Вы наблізілі да сябе праз аб'ектыў звычайнай мужчынскай цікавасці, схільнай да эротыкі і раптоўнай уцехі.

За чыстымі шыбамі, асветленыя ружовым і блакітным агнём, чакаюць свайго грашовага выпадку брусельскія прастытуткі. Апрануты яны страката, але стыль адзін — абавязковыя чорныя панчошкі, астатняе ўсё белае, і нейкая празрыстая заслоначка на грудзях. Яны нібыта не заўважаюць вячэрняй вуліцы. Глядзяцца у люстэркі, падпілоўваюць кіпцікі, кураць.

На маруднай хуткасці чародкамі пасоўваюцца па вуліцы дэ Маршэ «мерседэсы» і «вольвы», «аудзі» і «таёты». Мужчыны, што кіруюць імі, маюць адзін клопат — убачыць нешта незвычайнае на вітрынах. А на вітрынах нічога незвычайнага. Тыя ж гуллівыя памахванні пальчыкам і затоены сум у вачах. Адбываецца будзённы спектакль, асноўная мэта якога дэманстраваць падноўленае парфумай жаночае хараство і імгненную згоду на каханне.

Машыны, не прыпыняючыся, праязджа-юць у канец вуліцы. Там робяць разварот і зноў сабе марудненька пасоўваюцца паўз вітрыны. Мужчыны, як на кірмашы, пільна прыглядваюц-ца да тавару, выбіраць не спяшаюцца. Апынуўшыся ў другім канцы вуліцы, зноў разварочваюць свае машыны. I гэтак па некалькі разоў. Мусіць жа, ёсць нейкая асалода шпацыраваць на аўтамабілях, здзекуючыся з прастытутак. Вы называеце гэта — аўтаананізмам.

I ўсё ж адной жанчыне пашанцавала. Вось яна пакінула сваё крэсла, прыадчыніла дзверы і дамаўляецца з юнаком... На апусцелай вітрыне Вы заўважаеце шыльдачку з цэнамі. Насупраць вады, піва, каньяку, музыкі і самога кахання — адпаведныя лічбы.

У такія гадзіны вуліца дэ Маршэ і суседнія вулачкі аддадзены мноству аўтамабіляў і жменьцы рэдкіх прахожых. У чадзе спаленага бензіну, выдаткі за які аўтакаханцам аплоціць не каса ўзаемадапамогі, а толькі зычлівы Эрат, патанае водар юрлівай парфумы. Змарнаванае паліва ападае густымі плямамі на «лёгкія» Бруселя. Так бельгійцы пазываюць 400 гектараў лесу, што на поўдзень ад сталіцы.

Грэх, набыты на вуліцы дэ Маршэ. лёгка пакідаецца ў любым касцёле альбо праваслаўнай царкве. Для грэшных душ іудзеяў і мусульман ёсць у Бруселі сінагогі і мячэці.

Калі плоць задаволена, а душа ачышчана, можна вяртацца дамоў. Машына застаецца на вуліцы, у чарадзе іншых, і начуе з люстэркамі і лапкамі «дворнікаў» на лабавым шкле.

Брусель заліты агнямі знізу, а пачынаючы з другога паверха і вышэй вокны закладзены густой цемрай. У кафэ, дзе столікаў больш, чым паведвальнікаў, працуюць тэлевізары і пабліскваюць каляровым тулавам гульнёвыя апараты.

А вось яшчэ адзін напамін пра вуліцу дэ Маршэ. Маладая прастытутка, якая, напэўна, яшчэ недасканала засвоіла ўсе адценні рамяства спакусы, абыякава пазірае на мужчыну. Ён нешта горача даводзіць ёй і паказвае на свой блакітны «форд». Гэтай дзяўчыне яшчэ рана на вітрыну. Яна прыгожая, але з цягам часу залатыя кропелькі маладосці павысыхаюць і на вячэрнюю вуліцу выхад будзе забаронены. Тады толькі на вітрыну, у мяккае крэсла, пад неонавае святло, якое робіць узрост няпэўным, а маршчыны нябачнымі...