Выбрать главу

Прастытуцыя — гэта вандроўка ад аднаго мужчынскага тэмпераменту да другога. Адначасова задавальненне чужой страсці і спасціжэнне яе як неабходнасці для свайго матэрыяльнага існавання. Прастытуцыя бачыць сны, у якіх лётаюць анёлы з доларавымі крылцамі. Гэта свядомасць, якая адлюстроўвае разбуральную энергію чалавецтва. У прасторы прастытуцыя пазначана пэўнымі вітрынамі, што асветлены неонавым агнём, у часе — усё той жа вандроўкай ад аднаго мужчынскага тэмпераменту да другога.

Афіцыйна прастытуцыя ў Бельгіі забаронена. Вы пра гэта згадаеце, праходзячы паўз Каралеўскі палац. Але дзяржаўныя вітрыны прастытуцыя змяніла на прыватныя і пачувае сябе там, як і належыць, у пэўна юрлівым спакоі.

Праз чыгунныя краты брамы на Вас з халаднаватай цікавасцю будуць пазіраць каралеўскія ахоўнікі. У вокнах палаца няма ніводнага агеньчыка — дакладная прыкмета таго, што кароль спіць. Салдаты адчуваюць сябе вольна. Яны навучаны вопытам ахоўніцкай службы, што гэты вячэрні час можна скарыстаць для ўласнага адпачынку. Пільнасць паслаблена, бо вакол кансерватыўна-заспакоены свет, і нават самы апошні вар'ят не зробіць замах на караля. Салдаты адчуваюць гэта, таму і пазіраюць на Вас з абыякавай цікавасцю.

На купале пацвельваецца з ветрам нацыянальны сцяг. Гледзячы на яго, Вы прыгадваеце радок Ахматавай з пецярбургскай аповесці «Дзевяцьсот трынаццаты год» — «...Над дворцом черно-желтый стяг». Гэты «черно-желтый стяг», імператарскі штандар, узнесены пад Зімнім палацам, некалі таксама сведчыў пра знаходжанне ў палацы манарха.

Калі ж кароль накідае свае апартаменты, то нехта з ахоўнікаў абавязкова здымае сцяг, каб брусельцы ведалі, што караля ў палацы няма.

У Бруселі шмат помнікаў каралям і герцагам. Помнікі медныя, таму ўсе яны ў ярка-зялёных плямінах і палосах.

Вось цікавае суседства — насупраць помніка Альберту I мармуровая выява каралевы Елізаветы. Кароль на кані. Адзін конскі капыт узнесепы над пастаментам у знак таго, што Альберт I памёр у паходзе.

Насупраць палаца правасуддзя — абеліск, якім ушанавана памяць бельгійскіх салдат, што загінулі ў першую і другую сусветныя войны. Падзеі 1914-1918 гг.. маюць асаблівае прадметнае ўвасабленне. На гарэльефе сярод салдат выяўлены і сабака. У старой бельгійскай арміі сабакі выкарыстоўваліся пры трапспарціроўцы цяжкіх кулямётаў.

Гэтая частка Бруселя забудоўвалася пры Людовіку XVI, калі архітэктура пасля пампезнага барока прыйшла да класіцызму, з яго імкненнем да антычнага святла.

Заўтра Вы зноў прыйдзеце на Каралеўскі пляц наведаць музей жывапісу, а зараз трэба вяртацца на вуліцу дэ Монс, дзе Вас чакае гатэль пані Ван Беле. Гатэль знаходзіцца ў арабскім квартале. З другога паверха добра відаць, як у кафэ насупраць каля гульнёвых апаратаў і вакол більярднага стала тоўпяцца арабы.

У сне Вы ўбачыце самыя нечаканыя спалучэнні шагалаўскіх фарбаў. Брэйгелеўскі святочны свет таксама прыйдзе да Вас у гэтым сне.

На рагу Каралеўскага пляца і вуліцы Рэгентаў у суладдзі з дамамі, што пабудаваны ў стылі Людовіка XVI, размешчаны музей старажытнага і сучаснага жывапісу. Менавіта тут класічны радок «...фламандской школы пестрый сор» адкрыецца для Вас ва ўсёй мастацкай і гістарычнай рэльефттасці. Вы ўбачыце самую паэтычную карціну Пітэра Брэйгеля-Сялянскага «Перапіс у Віфлееме». Пры усёй знешняй легкаважнасці цэнтральныя і прыватныя вобразы карціны падпарадкаваны руху вялікага жыццёвага маштаба. Як ні дзіўна, гэты маштаб выяўляецца самымі простымі, «нізкімі», рэчамі. Тут і свінні, якіх колюць, і сякера на снапах саломы, і двухколыя фуры, і бочкі, і глечыкі, і куры, і захоплены размаітай карнавальнасцю фламандскі люд, і Марыя з Іосіфам, знябожаныя, бо ўжо страцілі надзею займець месца ў гасцініцы. Біблейская легенда і фламандская рэчаіснасць сярэдзіны XVI стагоддзя паяднаны рэчамі звычайнага хатняга ўжытку. Вялікая гістарычная энергія назапашана ў іхняй прастаце. Спасцігнуць прастату, як найбольш дзейсную катэгорыю вечнасці, мэта любога мастацтва. I паэзіі таксама, якая можа сцвердзіць чыстым голасам паэткі, што хараство нараджаецца са смецця... «Калі б вы ведалі, з якога смецця растуць радкі...»

Мастацкая ўмоўнасць «Перапісу ў Віфлееме» мажорная, хоць постаці Іосіфа і Марыі прыціснуты грувасткім клопатам. Аднак іхні клопат не забыты мастаком. Яму нададзена адпаведная мера ўвагі, таму ў карціне няма адчаю, а ёсць узнёслае святло і святочнасць.