Выбрать главу

I ў другім палатне таксама.

«Падзенне Ікара» поўнае жыццёвага спакою і чалавечай руплівасці. У ім не адчуваецца страху, няма трывогі, бо ніхто не заўважыў Ікаравай смерці. Вядома, што ў творы гучыць нота прыхаванай трагічнасці. Мастак не мог абысці яе, пра што сцісла і выразна расказаў Яраслаў Івашкевіч у навеле «Ікар». I ўсё ж Брэйгель і ў гэтай карціне мажорны, бо ён фламандзец, з «сялянскім», крыху іранічным, поглядам на з'явы і чалавечы побыт.

Мінуўшы колькі залаў, Вы напаткаеце палотны Маркі Шагала, Музей мае дзве працы мастака — «Закаханыя на даху» (1927 г.) і «Жаба, якая хоча стаць такой вялікай, як вол» (таксама 1927 г.). Яны належаць да паслявіцебскага перыяду, якому ўласціва відавочна паслабленая трагічнасць прадметаў. Каб зразумець гэтую паслабленую трагічнасць, што ўрэшце набыла якасць казачна-мінорнага гучання, варта ўспомніць словы Р. Козінцава пра «ранняга Шагала»: «На палотнах ранняга Шагала (віцебскі перыяд) насценны гадзіннік, самавар, газавая лямпа — трагічныя».

Шагал у Брусельскім музеі мінорны, нібыта супрацьлегласць і ў часе, і ў стылістыцы Брэйгелю.

Фіялетавыя постаці закаханых, узнесеныя на дах, самотна знерухомелі над будзённасцю і пачуццёвай аднастайнасцю. Яны пакінулі зямлю і не дасягнулі неба. Яны на даху — няпэўным матэрыяльным прамежку паміж зямлёй і небам. Апрача суму, у карціне жыве шчымлівае пачуццё лагоды, бо каханне не зважае на няпэўную матэрыяльнасць.

На другім палатне яркія фарбы, створаныя дзіцячай свядомасцю мастака...

У вала зялёная пыса, жоўтае тулава, ружова-фіялетавы крыж. Пасвіцца вол на чырвонай пашы. Побач дрэўцы з чырвоным і сінім лісцем і ружовы з белымі беражкамі цэбар. А ў самым куце месціцца невыразная, як пляма, жаба... Такім вось фавістычным матывам Шагал сцвярджае сваю непарыўную залежнасць ад уласнай фантазіі. З-пад вонкавай стракатасці вынікае (ізноў-такі!) сумнае прадбачанне. Хіба дарасце жаба да памераў вала, калі мастак намаляваў яе знарок невыразна, па-дзіцячы?

Жывапіс, вольны ад вучнёўскага фатаграфавання, жывапіс паэтычнай фантазіі, як строгі настаўнік, выхоўвае гледача катэгарычнай перадумовай — не мастацтва павінна быць даступным для чалавека, а чалавек мастацтву.

Мяркуючы так, лягчэй зразумець неверагоднасць вобразнасці і тэхнікі Шагала.

Тэхніку мазка Шагал запазычыў у Маціса і іншых фавістаў, рытміку — у Апалінэра. Фавістычнае пісьмо, вядома, яно не чыстае ў Шагала, а з ценем пэўнай эклектычнасці,— падпарадкавалася «віцебскай тэме» і выявілася праз самыя фантастычныя кампазіцыйныя пабудовы. Шагал першы з мастакоў XX стагоддзя зрабіў паветра пачуццёва-прадметным. Не толькі анёлы, людзі таксама могуць існаваць па-над зямлёй. З вышыні ў нечаканай перспектыве можа ўбачыцца ўвесь свет і таксама віцебскія хаткі з крывымі аканіцамі і рэштай плота...

Прадмет у Шагала амаль заўсёды зпаходзіцца на мяжы знікпення. Ён дэфармаваны, часам уяўляецца разбураным. Здаецца, праз імгненне ён ператворыцца ў безаблічную пляму. I ўсё ж прадмет існуе, захоўвае свае пачатковыя, «спадчынныя» рысы. I таму ў шагалаўскай царкве мы пазнаем царкву, у чалавеку чалавека, у кветцы кветку.

«Сляпыя» ганяць мастака, што ён свядома, іншы раз да неназпавальнасці. дэфармуе прадмет. «Відушчыя» хваляць, што Шагал ратуе прадмет ад канчатковага распаду.

Па сведчанні акадэміка Ліхачова мастацтва Шагала вырасла з глебы народнай яўрэйскай культуры, народнай беларускай культуры і рускага лубка.

Яўрэйская культура і рускі лубок у гэтым сэнсе прымаюцца, вядома, адразу, а пра ўплыў беларускай народнай культуры на мастацтва Шагала ўсё ж трэба гаварыць з пэўнымі тлумачэннямі. Больш правільна казаць пра відавочную прысутнасць беларускіх рэалій на ягоных палотнах — усе гэтыя бясконцыя платы, хаты, да якіх туляцца хлявы, вокны з аканіцамі, драбіны, па якіх можна ўзлесці на вышкі...

Гэта сапраўды беларускі краявід, у якім, аднак, не ўбачыш людзей-беларусаў.

Ваша перакладчыца Марыета ведала Шагала асабіста. Яны пазнаёміліся на курорце ў швейцарскіх Альпах. У гатэлі на першым паверсе меўся вялікі незаняты пакой. Шагал наймаў яго пад майстэрню. Ніхто з наведвальнікаў курорта не бачыў, як працуе мастак. Дзверы майстэрні былі заўсёды замкнёныя. Нават для Марыеты ўваход быў «забаронены», хоць Шагал выказваў да прыгожай бельгійкі і яе дзяцей пяшчотныя знакі ўвагі.

Паводле слоў Марыеты— Шагал вельмі непрыгожа еў. Мусіць, не карыстаўся нажом і відэльцам, а толькі лыжкай, як селянін на адной з яго карцін 1913 года.