Выбрать главу

Шагал любіў кароў. Гэтыя рахманыя істоты на ўсіх яго карцінах, прынамсі, на тых, якія Вам вядомы, заўсёды стаяць. А згодна фламандскаму назіранню каровы, якія стаяць, абяцаюць дрэннае надвор'е.

Вы ехалі ў Астэндэ, і па ўсёй Усходняй і Заходняй Фландрыі каровы на пашах стаялі. Быў дождж, і чырвоныя чарапічныя дахі ахінуліся волкай смугой. Абапал шашы з'яўляліся маленькія фермы, з мініяцюрнымі трактарамі ў дварах і роўна падзеленымі палямі — на кожную сям'ю па сем гектараў.

Стракацелі замежнымі сцягамі на сваіх дашках будкі тэлефонаў-аўтаматаў. Кожны сцяг сведчыў аб той краіне, у якую можна патэлефанаваць менавіта з гэтай будкі.

Вы неаднойчы заўважалі, што пры знаёмстве з невядомым за асноўнае прымаецца нейкая раней вядомая прыватнасць. Пазней, калі з'яўляюцца непасрэдныя ўражанні, той прыватнасці адводзіцца больш сціплая роля. Але напачатку толькі яна валодае Вашымі пачуццямі. I ўлада гэтая вельмі трывалая.

У Вас спытаюць: «Што Вы ведаеце пра Парыж?» I хоць Вы ні разу не былі ў Парыжы і ніколі спецыяльна не вывучалі яго, але пэўны час будзеце расказваць пра вежу Эйфеля і Манмартр. Чаму? Таму што Вамі якраз і кіруе ўлада гэтай раней вядомай прыватнасці.

Альбо спытаюць пра невядомую навелу Мапасана. I Вы, напэўна ж, успомніце метафа-рычны партрэт пісьменніка, створаны калектыўным уяўленнем літінстытуцкага асяроддзя. Паводле таго партрэта — Мапасан спалучаў у сабе знешнюю атлетычнасць і ўпутраны фізіялагічны распад.

Так Астэндэ, радзіму Джэймса Энсара, Вы ўжо ведалі па фантастычнай птушцы, якая аднойчы зачапіла сваімі крыламі калыску будучага мастака. I вывучаючы жывапіс Энсара, гэтым «прынатным» нечаканым здарэннем Вы спрабавалі растлумачыць для сябе энсараўскую мізантропію...

Курортны Астэндэ прытуліўся да «...паршивейшего Гель-Голландского моря» (С. Ясенін). Па ўсім працягу набярэжнай тоўпяцца маленькія, амаль цацачныя рэстаранчыкі, з ружамі на століках і запаленымі свечкамі. У рэстаранчыках пуста, як у нашых вясковых клубах. У маўклівай чарзе рэстаранчыкі счакаліся, выглядваючы летнюю пару. Лета апраўдае зімняе і веснавое малалюдства. Дзеля яго, чаканага лета, варта запальваць кожнае раніцы свечкі і выстаўляць свежыя ружы. Ружы ў хмурны дзень заўсёды самотныя і нават змрочныя. Энсара яны не зацікавілі б. Ён любіў маляваць кветкі, асветленыя сонцам.

Гандляры і перакупшчыкі чакаюць на прыстані свежую рыбу. Лёгкі туман засцілае мора, у якое яшчэ да свету выйшлі на шхунах і лодках рыбакі. Бельгійцы выбіраюцца ў мора і на конях. Ламавікі, можа, нават і не адчуваючы на сабе рыбакоў-коннікаў, цягнуць па мелкай вадзе шчыльныя тралы. у якія набіваюцца паўночнаморскія крэветкі.

Пасля маўклівай бліскучасці камерцый-нага Астэндэ гарадок Дамэ ўявіцца Вам жывым, кірмашовым пляцам, дзе мае высокую цану і такая драбяза, як шчырае пачуццё. Царква Боскай маткі, заснаваная яшчэ ў XII стагоддзі. і 500-гадовая ратуша лепш за любога гіда раскажуць пра Ціля Уленшпігеля і пакажуць яго сімвалічную магілу. Прымацаваны да сцяны барэльеф выяўляе веселуна і нястомнага вандроўніка, героя Фландрыі Ціля. Тут, мусіць, самы час падумаць пра пэўную эгаістычнасць ягонага геройства. Толькі пагібель роднага бацькі абудзіла ва Уленшпігелю змагара. Магчыма, каб інквізітары не спалілі Клааса, Ціль так і застаўся б у палоне жартачак, гульняў і бяскрыўднага наіву. Змаганне вырасла з адчування не чыйго-небудзь, а ўласнага болю. I толькі пазней, пра што засведчыў Шарль дэ Кастэр на старонках сваёй цудоўнай кнігі, у высакароднасці змагання патанулі эгаістычныя памкненні Ціля.

У Дамэ над каналамі стаяць музейныя ветракі. Выгляд нерухомай крыжавіны крылаў быў скарыстаны Э. Верхарнам у зборніку «Прывідныя вёскі». як метафара смерці:

Ніхто б не знаў, ніякі двор — Пра тое, што млынар памёр, Калі б не крылы ветрака. Яны спыніліся.— тады ж Сам на сабе ўтварыўся крыж Без надпісу і без вянка.

Аднак няхай Вас ратутоць колы аўтобуса ад самотнага выгляду старавечных млыноў, што ахвяруюць паэтам змрочныя метафары. Мажліва, пакідаючы Дамэ, Вы падумаеце, што каханне Ціля да Нэле не мела спагады і неабходнай чуласці. Таму ў Вашай душы заўсёды выспяваў да героя Кастэра справядлівы папрок. I Вы па-рыцарску скарыстаеце пачуццё сваёй незадаволенасці. У Турнэ, на дыскатэцы, незнарок штурхнуўшы сучасную Нэле, Вы пацалуеце яе — такім інтэрнацыянальным спосабам папросіце прабачэння за сваю недалікатнасць і адначасова адпомсціце ўсім неспагадным Цілям. Гэта будзе ў апошні вечар развітання з Бельгіяй.