Выбрать главу

Апоўначы, вяртаючыся ў Брусель. Вас не столькі ўразіла, што на ўсім працягу ад Гента да сталіцы шаша асветлена мякка-жоўтым святлом, ад якога не стамляюцца вочы, а хутчэй за ўсё здзівіла абыякавасць таўстуна Элі да такой выгоды. Ён нават фары не выключыў, хоць мог не карыстацца імі.

Нікуды Вам не падзецца ад абавязковага параўнання Элі з Ламэ Гудзакам. Вы ж настроіліся ўспрымаць малавядомую Бельгію праз вобразы класічнай літаратуры. Элі не хто іншы, як зычлівы кастэраўскі таўстун. Чэрава яго неабдымнае, жарты, звернутыя да Вас, вядома праз перакладчыка, трапныя, і добры ён не па службовай волі, а праз сваю генетычную фламандскасць...

Развітаўшыся з савецкай групай, толькі ў гаражы ён выявіў, што нехта з нас пакінуў у аўтобусе плашч. Праз увесь Брусель на максімальнай хуткасці, каб паспець, гнаў ён сваю парожнюю машыну ў аэрапорт авіятаварыства «Сабена». I такі паспеў, і вярнуў адзежыну нядбайнаму турысту.

Зычлівасць у пераважнасці сваёй рыса інтэрнацыянальная. Няма незычлівых народаў, пра што сведчыць мастацтва і ў канкрэтнай сваёй выяве пачуццёва-манументальны жывапіс Рубенса. У Аптверпене, у доме-музеі Рубенса, з вострай незадаволенасцю падумаеце, што ўрэшце ж трэба навучыцца адрозніваць зычлівасць сапраўдную, роўную вялікаму мастацтву, ад зычлівасці гандлярскай.

Антверпен выклікае такія думкі, бо спалучае ў сабе росквіт мастацтва ў гістарычным вымярэнні з росквітам самага ходкага гандлярства ў яго цяперашнім існаванні. Гапдлярскае панаванне Антверпена пачалося ў XVI стагоддзі, з таго часу, калі мора «ўцякло» ад Бруге, і Бруге набыў статус «мёртвага горада». Антверпен ператварыўся ў сусветны порт. Ён дарэшты забрудзіў Шэльду, у якой ужо нельга купацца, замест мастоў праклаў падводныя тунелі і пабудаваў першую ў Еўропе біржу.

Калі паслухаць легенду, то некалі на месцы горада адбылася бойка: рымскі асілак Сільвіус Брабо перамог велікана-крывасмока Антыгона. Рымлянін адсек Антыгону руку і кінуў яе ў Шэльду. пасля чаго і ўзнік Антверпен, назва якога ў перакладзе значыць: той, хто кінуў руку.

Трапіўшы пад магічнае вока Гермеса, Антверпен з мінуўшчыны і па цяперашні дзень атуляе ўвагай вандроўных гандляроў. Прыняў ён і былых савецкіх грамадзян, яўрэяў, што імкнуліся да сіёнскіх схілаў, але апынуўшыся за межамі СССР, за лепшае палічылі застацца на берагах Шэльды. Вядома, не ўсе яны знайшлі прыперак у Антверпене, але частка іх укаранілася ў фламандскі грунт. Крамкі іхнія танныя, напханыя рознай таварнай драбязой і нагадваюць нашыя орсаўскія магазіны. Тут можна купіць усё — ад дзіцячых сосак да кішэнных ліхтарыкаў. На вітрынах маюцца надпісы па-руску: «Все для моряков». Маракоў нашых у Антверпене шмат. Кожныя суткі ў порт заходзіць па чатыры савецкія судны.

Месца, дзе размешчаны крамкі, не без адпаведнага эфекту пазвана Краснай плошчай. Маўляў, аддавайце свае трыццаць рублёў, размененых па 1800 франкаў, не дзе-небудзь, а на «роднай» Краснай плошчы і не каму-небудзь. а былым суайчыннікам. I Вас спецыяльна вязуць у Антверпен у гэтыя танныя крамкі, бо 1800 франкаў для брусельскіх магазінаў зусім не грошы.

За вокнамі пад шыльдай «Бадры» атайбавалася сямейка грузінскіх яўрэяў. Гандлюе адначасова ўся сям'я, нават васьмігадовы хлопчык і той каля паліц з таварамі. Гаспадар, ён і ёсць Бадры, з Кутаісі. Пытацца пра тое, як апынуўся ў Антверпене, не зусім далікатна. Бадры аднак сам засыпае пытаннямі. А пытанні проста дзіўныя. Вось ён, дыялог з Бадры:

- Ікру прывёз?

- Не.

- А рускую гарэлку?

- Не.

- Ну, а савецкія грошы маеш?

(Вядома, ёсць пекалькі рублёў. Яны абавязкова спатрэбяцца па вяртанні ў Маскву. Гэта так званыя «бутэрбродныя» грошы. I Бадры, безумоўна, не пра іх пытаецца, таму я зноў адказваю: «Не».)...

- А валюта ёсць?

- Не.

Пачуўшы столькі «не», Бадры сам здзіўляецца. Пасля, памеркаваўшы пра нешта, навучальна гаворыць: «Дарагі мой, у наступны раз, калі будзеш збірацца ў Антверпен, абавязкова бяры з сабой ікру, гарэлку, валюту і савецкія грошы. Не бойся таможні, валюта не кілім, якога не схаваеш. Валюту заўсёды можна правезці. Як прыедзеш, адразу ідзі да мяне. Помні фірму Бадры».

I ў любой іншай крамцы сустрэнуць Вас з ветлівай насцярогай і пытаннямі пра ікру, гарэлку і валюту.

Няспынныя хвалі гандлярскай зычлівасці выцякаюць з крамак, імкнуць па вуліцах Антверпена і з усіх бакоў падступаюць да помніка Рубенсу.

Але неўзабаве фландрскія краявіды зменяцца на валонскія, Вам уздыхнецца лягчэй, і хвалі Мааса пададуцца казачнымі ў параўнанні з хвалямі Шэльды. Па дарозе ў Намюр Вы спыніцеся на паўгадзіны ў Спонтэ, невялікай мураванай вёсачцы, дзе маюцца мінеральныя крыніцы з карыснай кальцыевай вадой. Далей Вас сустрэне гарадок Дзінан, радзіма Адольфа Сакса, таго самага Сакса. вядомага майстра, які ў 1845 годзе вынайшаў саксафон. Дзінанцы паблізу Мааса займаюцца гародніцтвам, таму Вам лёгка ўявіць у чужой рацэ сваю Гарынь, а ў чужых агародніках родных гарадчукоў.