Выбрать главу

I, мусіць, у той нерашучасці быў свой прыгожы сакрэт, бо праз імгненне Вы пераканалі сябе, што жанчына была амерыканкай і што трагічная сварка Рэйгана і Кадафі ні якім чынам не ўплывае на яе выхаванасць і дабрыню. Убачанае не што іншае, як праява генетычнага інтэрнацыяналізму. Менавіта пачуццё генетычнага інтэрнацыяналіз-му, мудра ахвяраванае чалавецтву прыродай, выратуе людзей ад маральнага і фізічнага вынішчэння.

Лётчыкам, што рыхтуюцца да чарговых палётаў на Лівію, Вы дорыце сваё паэтычнае назіранне — вобраз амерыканкі з арабскім дзіцём на руках, а таксама канкрэтны абразок, заўважаны паблізу ад гатэля пані Ван Веле. Вось ён — у каменных сутачках на бруку хлапчукі-арабы гуляюць у футбол.

Наш час перанасычаны інфармацыяй пра зброю. Мы прызвычаіліся да паведамленняў пра новыя віды зброі, пра гонку ўзбраенняў і г. д. Паведамленні такія ўжо выпрацаваліся ў закасцянелыя слоўныя пабудовы. Стоячы каля вітрыны зброевага магазіна, Вы шкадуеце, што на браўнінгі ў чалавецтва большы попыт, чым па паэтычныя зборнікі. Ды што зробіш, калі й самі паэты час ад часу завітваюць у зброевыя крамкі.

У Бельгіі можна набыць зброю для асабістага карыстання. Трэба толькі даведка псіхіятра і паліцэйскі дазвол на права мець зброю дома. Ёсць і яшчэ адна ўмова — неабходна прайсці стажыроўку ў ціры пад наглядам інструктара, каб засвоіць усе неабходныя правілы бяспекі.

Як бачна, «конкурс» не такі ўжо складаны, а зброевых крамак у краіне дастаткова.

Лепшая частка чалавецтва ва ўсе часы супрацьстаўляла зброі «чувства добрые». I трэба меркаваць, што яны, нашыя пачуцці, маюць даволі эфектыўную абарончасць, бо мы ж яшчэ існуём і маем магчымасць разважаць пра атамную небяспеку. Нават апынуўшыся пад чарнобыльскім ценем, захоўваем адносны спакой.

Людзі дажывуць да той пары, калі будзе створаны музей атамнай зброі. Узорам можа паслужыць льежскі музей звычайнай зброі, заснаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя П'ерам Жазэфам Леміле. Цікавая спадчына масье Леміле грунтуецца на строгай храналагічнасці. Тут прадстаўлена ўсё — ад старавечных мячоў да аўтаматычных пісталетаў.

Ёсць у музеі пакой. дзе экспануецца экзатычная зброя. З першага погляду можна памыліцца і падумаць, што гэта выстаўлены аперэтачны рэквізіт. Ствалы, прыклады, нават рамяні стрэльбаў пафарбаваны ў самыя розныя і яркія колеры. Тут убачыце спалучэнне ружова-блакітных і жоўта-чырвоных адценняў, самыя неверагодныя абстрактныя палосы і штрыхі. Сапраўды, звычайная тэатральная дэкарацый-насць. Ды не акцёры, а салдаты караля Леаполь-да II карысталіся «каляровай» зброяй. Стрэльбы не мелі трапнага бою, але сваёй парушанай цэнтроўкай рабілі страшэнны трэскат. Няцямныя жыхары Конга, здалёк убачыўшы «стракаты гром» у руках белых людзей, разбягаліся хто куды. Так бельгійцы паступова ператваралі сваю бацькаўшчыну ў каланіяльную краіну. Стэнд, на якім маецца расфарбаваная зброя, так і называецца — стэнд каланіяльнай зброі.

У музеі выстаўлены таксама алькоўны ложак у стылі ампір з прыкметнымі выявамі егіпецкага арнаменту. Кажуць, што гэта ложак Напалеона. Бапапарт любіў Льеж і падарыў гораду свой партрэт, выкананы Жанам Энграм. Пазней Напалеон заснаваў тут завод па вырабе гармат. Пасля перамогі аб'яднаных армій пад Ватэрлоо з напалеонаўскіх гарматаў быў адліты шматтонны леў. У пагрозлівай паставе льва, галавой павернутага ў бок Францыі, увасоблены палітычны і ваенны крах імператара французаў...

У Ватэрлоо Вы ўбачылі мноства партрэтаў Напалеона, выстаўленых на продаж — развешаных па сценах, намаляваных на талерках і вазах.

Статкі драўляных, медных і фарфоравых напалеончыкаў пасвіліся на шкляных паліцах вітрын. У кіёсках прадавалася літаратура пра інтымнае жыццё славутага карсіканца. Усё гэта выглядала неяк надзвычай квяціста, амаль карнавальна.

Бельгійцы любяць карнавалы. У таго, хто на карнавале сумуе, кідаюць апельсіны. Пасля такога «пакарання» хіба не ўсміхнешся?

Бельгійцы любяць святочную мітусню і стракатасць. Яны прызвычаіліся да таго, што краіна заселена самымі рознымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі сцягамі. Бельгія патанае ў плыні сцягоў, і з космасу, мусіць, здаецца вечным Ватэрлоо. Ці трэба пералічваць замежныя штандары каля будынкаў НАТО і Агульнага рынку? Няма таксама патрэбы зноў згадваць сцягі на дахах тэлефонных будак. Але вось Вы трапілі ў Турнэ і спыніліся каля ратушы. Над уваходам — святочны кветнік з рознакаляровага шоўку. Бела-чырвоным колерам вылучаецца сцяг Турнэ. Сцяг правінцыі на сваім жоўтым полі мае чатыры львы. Пасярэдзіне месціцца нацыянальны чорна-жоўта-чырвоны сцяг Бельгіі. Ён час ад часу закрываецца жоўтым сцягам Валоніі з чырвоным пеўнем. I на завяршэнне гэтага размаітага кветніка пададзены сіне-бела-чырвоныя вертыкальныя палосы французскага сцяга. Прысутнасць апошняга палотнішча сведчыць аб тым, што ў ратушы адбываецца прыём дэлегацыі з Францыі.