Выбрать главу

Я выбраў Саліску, спадзеючыся на палёгку, якую час ад часу ахвяруюць целу розныя ліфты і пад'ёмнікі. Зрэшты, мой не дужа ахвотны выбар быў яўна выпадковы. Ён узнік толькі таму, што нешта ж трэба было выбіраць.

З гэтай вяршыні, хацелі падбадзёрыць мяне сябры, можна ўбачыць Польшчу.

«А хоць сам Дапыд-Гарадок,— прыкра падумалася мне.—Малая радасць самохаць лезці анёлам пад крылы».

Прызнаюся — замест Татраў мне хацелася паехаць у Прагу, і на тое была свая прычына.

Але настояць на пражскай паездцы, ведаючы сваіх сяброў, я не мог. Яны любілі Татры, любілі апантана і былі ўпэўнены, што Татры любяць усе. Татры былі іхняй рэлігіяй. «Якая Прага, калі ёсць на свеце Татры!» — мог бы пачуць я ў адказ. I вядома ж, пачуў бы, каб засцярожліва не прамовіў: «О, Саліска, які гэта цуд...»

Мяне з асалодай убралі ў альпінісцкія транты, і мы паехалі ў горы.

Я ўзіраўся ў лацінскія літары на шыльдах, што, пагойдваючыся, як у старым кінематографе, без гуку ўзнікалі на экране вагоннага акна. Я нібыта лічыў і перагортваў старонкі, створаныя самым геніяльным стылістам — паветрам... Трнава, Леапольдаў, Пешцяні, Нове Места над Вагам, Трэпчын, Трончэске Цепліцэ, Пухаў (з гэтай станцыі рытм майго пераліку пажвавеў, бо цеплавоз памянялі на электравоз), Поважска Бістрыца, Жыліна, Кралёваны, Ружамберак...

Я не прапускаў ніводнай назвы.

Я жадаў, каб у мільгаценні шыльдаў згубілася маё памкненне, мая крыху акцёрская туга па вандроўцы ў Прагу. Трэба ж, такое несупадзенне — сябры мае па-боску ўлюбёныя ў горы, а мне асабіста горы нагадваюць гурбу непрыбранага камення.

Я сумаваў і, як неабходныя лекі, шукаў за вагонным акном запамінальнае. Прадметы, якія адразу запамінаюцца, мяне заўсёды супакойваюць. На гэты раз такімі запамінальнымі аказаліся шыльды з назвамі славацкіх гарадоў і чыгуначных станцый. Я чытаў іх самазабыццёва, шчыра спадзяваўся — а раптам убачу залатым пяром выведзенае: Praha...

Прага ў свой гістарычны букет сабрала шмат беларускіх кветак. Кветак-імён. Адно з іх — Міхал Забэйда-Суміцкі.

Прага здавалася мне другімі Шэйпічамі альбо Падароскам і з Мінска ўяўлялася геаграфічпа блізкай, як тыя Шэйпічы і Падароск — на два ўзмахі буслінага крыла.

Няўбачанае — заўсёды загадка, па-дзіцячы светлая, нібы першы, вывучаны на памяць, вершык-лічылка. Пад мільганне шыльдаў ён цудоўна падыходзіў да майго ўсё яшчэ благенькага настрою:  «Раз, два, тры, чатыры, пяць — я іду шукаць, хто не захаваўся, я не вінаваты...»

Мае сябры падумалі, што я ўжо наабвыкся і пачынаю блазнаваць, уявай ператварыўшы сумнаваты вагон ва ўтульную кавярню. Яны ведалі, што кавярня — мой ідэал адпачынку і ўнутранага спакою, таму задаволена ўсміхнуліся і на беларускую лічылку адказалі пацешнай славацкай песенькай: «Садай, слнко, садай за высоку гору, як не будэш садаць, сцяхнем ц'я за ногу».

«Будзеце не сонейка, а мяне,— паабяцаў я ў думках,— сцягваць за ногу, калі залезу на Саліску і адмоўлюся злазіць».

Песня гучала далей, і з кожным яе радком цягнік усё болей і болей аддаляў мяне ад Прагі. Мы ехалі ўздоўж няўтомнага Вага на паўночны ўсход.

Я ведаў, што Забэйда-Суміцкі жыў у Празе на вуліцы Польскай, у доме № 12. Ведаў, што пахаваны ён на Альшанскіх могілках. У «Известиях» чытаў пра гэтыя могілкі, дзе сярод іншага паведамлялася, што тут ляжыць «белорусский поэт (!) Михась Забейда».

Паэт? А ці так ужо й памыліўся пражскі карэспандэнт?..

Што яшчэ я ведаў пра Забэйду-Суміцкага?

Чытаў успаміны спевака ў літаратурным альманаху «Белавежа», слухаў ягоную пласцінку; і гэтага было дастаткова, каб зразумець, што Забэйда-Суміцкі ствараў незвычайныя вакальныя вобразы паводле класічных старонак беларускага фальклору і еўрапейскага опернага мастацтва.

Тэма Беларусі, і гэта галоўнае ў яго дзейнасці, ніколі не пакідала спевака. Ён быў упэўнены, што толькі праз нацыянальнае ўтвараецца феномен эстэтычнай еднасці, неабходнай для самастойнай творчасці, калі на паяднаныя вобразы дзяцінства і сталасці ўплывае ўвесь свет. У гэтым ланцужку — дзяцінства, сталасць, свет, з выніковай рысай, якая ўжо названа самастойнай творчасцю — першасна-асноўнае звяно належыць дзяцінству, бо ў дзяцінстве — карані нацыянальнага зроку.

Седзячы ў вагоне, я бачыў перад сабой дзве пасмяротныя постаці Забэйды-Суміцкага. Першая ўвасабляла творцу, спевака з канкрэтным імем і славай. У другой увасобілася агульнае, а менавіта — збіральны вобраз нацыянальна свядомага беларуса, якому наканавана было амаль увесь свой век пражыць на чужыне.

Шлях на чужыну для мастака заўсёды выпадковы.