Выбрать главу

Я думаю пра талент спевака, бачу ягоныя пасмяротныя постаці, чую блакітную трысцінку і пачынаю любіць гэты сумны вагон, і нават стомленая хада кантралёра-ўкраінца пачынае мне падабацца... Нехта з пасажыраў пачаставаў кантралёра трускалкамі. Трускалкі ва ўсходняй Славакіі буйныя і да краёў налітыя празрыстай спеласцю. Яны як запаленыя навагоднія свечачкі. Кантралёр прайшоў міма, трымаючы ягады ў папяровай вазе. Ён, здавалася, страціў ранейшую пільнасць і забыўся на каменны позірк бога парадку. Цяпер ужо і гэты чалавек меў рэальную радасць і зусім не баяўся ўяўнага пакарання.

Пачаліся горы, і мне вельмі хацелася, каб штосьці адбылося раптоўнае, неверагоднае, што перашкодзіла б нашай далейшай вандроўцы.

Мы сышлі з цягніка і пераселі на аўтобус. Татры былі побач, і мае сябры малітоўна глядзелі на неба. Я цішкам пасмейваўся з іх, упэўнены, што хараство Славакіі, як і любой краіны, не ў небе, а на зямлі.

Горны трамвайчык даставіў пас да Strubske Pleso — адсюль і ўзыходзяць на Саліску. Металічна пакрэктваючы на крутых пад'ёмах, трамвайчык сваім грымучым дашкам разбудзіў самую бліжэйшую з хмараў. Яшчэ сонная, яна, вядома, незадаволена адгукнулася громам, а пасля суцешыла мяне даволі спорным дажджом. З вышыні гары метэаслужба паведа-міла, што пачынаецца моцны вецер, таму падымацца наверх небяспечна. Ланоўку адключылі. Вось і здарылася тое раптоўнае і неверагоднае, чаго я так прагнуў.

Але ў маіх сяброў імгненна выспеў повы план. Яны вырашылі не марудзячы спусціцца ўніз, аб'ехаць Саліску на аўтобусе і зрабіць пад'ём з больш, на іх думку, зацішнага месца.

Дождж то дужэў, то цішэў, то хвілінай здавалася, калі аўтобус апынаўся ў тунелі, зусім пераставаў. Мы прамінулі Стары Смаковец і яшчэ нейкія станцыі, што самотна прыціхлі пад халоднымі лапамі дажджу. Горныя станцыі былі падобныя на маленькія хутары, гаспадары якіх часова пакінулі сваё жытло, напалоханыя разнамоўным нашэсцем альпіністаў.

На Татранскай Ломніцы добры настрой пакінуў мяне — тут працавала ланоўка. Нам трэба было падняцца да Skalnate Pleso. Сябры мае кінуліся да пад'ёмніка, але там замест пэўнай чаргі рванымі кругамі пластаваўся безаблічны натоўп. Нават не натоўп — разнамоўны гурт авечак. Кожны з гаралезцаў імкнуўся першым прабіцца да вагончыкаў — утульных рухомых альтанак. Ніхто ні на кога не зважаў. Пад неонавай шыльдай Nástupište аддавалася перавага здаровым рукам і шырокай спіне.

Душа захлыналася ў потнай паводцы сляпых целаў.

Дзве постаці спевака праплылі над неўтаймоўным статкам і далучыліся да Душы. Узніклі тры воблачкі згоды, як напамін пра неабходнасць увагі да асобнага чалавека. Яны сваёй эфірнай прысутнасцю заклікалі да спакою, але целы, на жаль, заўсёды безуважныя да ўсяго, што не мае матэрыяльнай абалонкі.

Я кажу пра мноства цел і пра адну Душу, бо згодзен са сваімі сябрамі: «...Існуе толькі адна душа». Целаў жа існуе безліч. I вечныя нашы трагедыі ў тым, што адной Душы,— самага неабходнага інструмента ў механізме маралі і пачуццёвай гармоніі,— на ўсе целы, а гэта значыць і на ўсіх людзей, не хапае...

Нарэшце, засмоктаныя плынню ўсеагульнай штурханіны, мы атабарыліся ў вагончыку. Нехта з ланоўшчыкаў моўчкі ўладкаваў ля нашых ног два гарачыя тэрмасы — абед для метэаслужбы і для астатніх службаў, якія знаходзіліся недзе ў тумане і холадзе.

Тэрмасы з абедам, таксама моўчкі, у нас забралі на высакагорпай пляцоўцы Lomnickỳ śtit. Адсюль на самую вяршыню вяла іншая ланоўка — ужо не ўтульныя «альтанкі», а звычайныя лавачкі-гушкалкі, прымацаваныя да траперсы ланцугамі. Я ўпэўнены быў, што ланцугі не надта надзейныя, але назад ужо не вернешся. Добра хоць пад лавачкай ёсць прыступкі для ног.

Дажджу тут гукай — не дагукаешся, навокал звыкла белы снег і крыштальны холад. Лавачкі парыпвалі і падымалі нас угару, усё вышэй і вышэй, а насустрач нам вынырвалі з густых воблакаў шчаслівыя гаралезцы — чэхі, славакі, венгры, немцы і нават арабы. Яны рухаліся ўніз паралельна нам, узбуджаныя сцюдзёнай вышынёй і радасцю, што вяртаюцца. Яны сябе паводзілі, як дзеці без бацькоўскага нагляду — бадзёра перагукваліся, гушкаліся на лаўках і ў жмут закручвалі ланцугі. Адзін нават шпурнуў долу парожнюю пляшку, пэўна ж, апрастаную на гары. Па ўсім відаць, што пасудзіна была знарок прыхоплена з сабой для гэтага эфектнага кідка. Пляшка, мякка слізгануўшы па першым камені, без гуку рассыпалася на дробныя шкельцы.

Мяне здзіўлялі жанчыны, якія плылі ў бясконцай паласе скразнога холаду ў купальных касцюмах. Яны не баяліся застудзіцца. Я, вядома, больш клапаціўся пра надзейнасць ланцугоў і троса, што перыядычна патрэскваў над галавой, таму толькі краем свядомасці адзначыў, што і на вышыні 2500 метраў адкрытыя жаночын ногі хвалююць не менш, чым на зямлі.