Выбрать главу

Дык няхай нязвыклае робіцца блізкім, хай дапаможа мне анёл згоды — самае пэўнае ўнасабленне ўдумлівай фантазіі.

У пошуме анёлавых крылаў чыстым золатам пабліскваюць сасновыя стружкі. I дасюль жывуць у тым пошуме смалістыя галасы сталяроў, чуецца наструнены шоргат лёгкіх гэблікаў. На варштатах нараджаліся знакі сонца — першыя помнікі анёлу згоды. I ці захаваўся б у памяці дзень ці хоць бы год, калі гэта пачалося, каб пе діастацтва Міхала Небы? Відаць, што не. А вось на адным з фота дата захавалася. Пасля пячаткі Foto M. Niebo. Dawidgródek ul. Słowackiego маецца пазначаны алоўкам год — 1938-мы. А на самой фатаграфіі акурат паэтычны эцюд — на высокіх драбінах стаіць давыдгарадчук і мацуе да шчыта прамяністага анёла.

Мусіць, шкодзіць мне трохі ідэалізацыя даўняга, бо абрысы мінулага ўяўляюцца серабрыста-воблачнымі і трохі пахіленымі долу, як сівая галава майго бацькі. Зрокава тыя абрысы прыйшлі да мяне якраз са спавядальна-пранікнёных фотаздымкаў Міхала Небы.

Аднойчы я ўбачыў тыя фотаздымкі...

Пад высокім шкляным дахам майстэрні яны, высыпаныя з куфра, вынятыя з розных прыстолкаў і шуфляд, ляжалі проста на падлозе ўперамешку з тамамі рускай і польскай класікі і пагрызенай пацукамі бібліяй.

Майстар памёр.

Гаспадаром у ягоны дом па лініі блізкага сваяцтва прыйшоў мой сябар,— як і ў дзяцінстве, уважліва-сур'ёзны Валодзя Вінаградаў.

Ён сказаў мне: «Усё, што падабаецца, бяры, а то можа прапасці».

Фотаздымкаў было мноства, цэлая гара пялёсткаў з кветкі гісторыі. Яны пахавалі пад сабой вялізарную сцябліну, з якой, нібы варожачы на каханне, паволі абрываў іх час. Тую кветку ўваскрасіць ужо немагчыма. Яна засохла, пакінуўшы нам здымкі-пялёсткі з выразнымі на іх адбіткамі былога.

Вось яно, тое былое, непадзельнае на значнае і нязначнае. Усё яно — мінулая музыка, якую можна бачыць. Аскетычныя, амаль скульптурныя твары маіх землякоў, графічна-строгія з запаленымі свечкамі кампазіцыі пахаванняў і вяселляў, не абцяжараныя лішнімі эмоцыямі абліччы вайскоўцаў, твары яўрэяў і цыганоў — так, усё гэта музыка, незапісаная на нотную паперу.

Дом, у якім жыў майстар, пабліскваў здалёк шкляным дахам майстэрні і блакітнай верандай. Веранда пераходзіла ў калідор, у якім было шмат філянговых дзвярэй — першыя налева і вялі ў майстэрню. Ад ранку да вечара яны хадзілі хадуном, сюд-туд скрыпалі завесамі, а здаралася, што і з усяго размаху наляталі на вушак. З грукатам уваходзілі толькі чужыя людзі. Міхалавы ж сваякі і яго заўсёдныя кліенты ніколі не стукалі дзвярыма, ведаючы пра гаспадарова павучанне — у доме, апрача іншага, трэба шанаваць і дзверы, бо яны ўпускаюць у дом і выпускаюць з яго. Па той жа прычыне Міхалава жонка, унёсшы ў хату бярэмак дроў, не кідала іх абы-як пад грубу, як тое магла зрабіць любая іншая гаспадыня. Яна абавязкова нагіналася, нібыта кланялася будучаму цяплу, і акуратна, па паленцы выкладвала дровы на кавалак бляхі, якім закрывалася падлога каля грубы.

Рознага люду перабыло ў майстэрні, у Міхалавым доме, які выгодна знаходзіўся ў самым цэнтры мястэчка.

Заходзілі да майстра маладыя шляхцюкі, не ў меру вясёлыя і. здавалася, пад моцнай чаркай. Але пілі яны трошкі, самую кроплю, а больш вылівалі сабе на грудзі, за ўлогі. Рабілася тое знарок, каб мацней пахла гарэлкай — знак таго, што ты багатыр і ў цябе ёсць грошы на выпіўку.

Нейкі дзядька тупаў паўз вокны майстэрні, падганяючы каня вішнёвым дубчыкам. Дзядька вёз на поле азімае жыта і кошык з пасвенчанымі яблыкамі. Усім ягоным памочнікам, сынам і дочкам, будзе на полі па яблыку, на якіх яшчэ, здаецца, не высахла святая вада. Добрае жыта ўродзіць, калі перад самай сяўбой з'ясі спасаўскі яблык... А пасля дасевак, памыўшыся і прыбраўшыся, усёй сям'ёй можна зайсці і да Міхала, каб «зняцца на карточку».

Фатаграфаваў майстар і наведнікаў кавярні Polonia. Які-небудзь донжуаністы пан паручнік забягаў у майстэрню, усё яшчэ не ачухаўшыся ад нядаўніх занадта шчырых позіркаў гаспадыні кавярні. Пазіруючы, ён ужо выдумляў пяшчотны надпіс на будучым фотаздымку, які меўся таемна падарыць пані гаспадыні. Пан паручнік толькі што з'явіўся ў Давыд-Гарадку, і ён, няма ніякай мовы, прыгажун, і ягоны кожны фотаздымак не звычайная pamiątka służby wojskowej, а залаты ключык, якім ужо неаднойчы даводзілася з поспехам карыстацца...

Але пакуль фотаздымка няма, а сама пані гаспадыня знаходзіцца пад пільным вокам пана гаспадара, таму паручніку застаецца адзіны шлях — да Солтанавай хаты.

Пра Солтанаву хату, якую наймалі для сваіх заняткаў пэські — мясцовыя прастытуткі,— паручнік пачуў у кавярні ад афіцэра-пагранічніка. Пагранічнік папярэдзіў, што трэба спяшацца, бо прастытутак у мястэчку мала, хапае толькі на дзесятак афіцэраў. Асабліва тое адчуваецца, калі з Нырчы прыплывае ў мястэчка кацер з маракамі. Іх, бравых марынажаў, сустракае каля Солтанавай хаты чарга нецярплівых пагранічнікаў, якія, вядома, месца не саступяць. Сам Рыдз-Сміглы не здольны тут прадухіліць рыцарскай бойкі, і ў палескі пясок шчодра ўсмоктваецца гарачая кроў абаронцаў Рэчы Паспалітай. Эрасу застаецца толькі спачувальна падміргваць анёлу згоды.