Выбрать главу
Ніхто!.. А самалюбаванне, Так неадольнае ў рабе, I найсалодкае жаданне Рабіць пакутніка з сябе.

* * *

Глыбока яго карані.

Р. Барадулін. Інтэлект зямлі
Зберагчы карані інтэлекту — Толькі так можна перамагчы I нябыт, і славутую Лету... Толькі так можна ўсё зберагчы.
Што эмоцыі? Гвалт вераб'іны. Я праз іх ненавіджу сябе... Не зярняты, а толькі мякіну Верабей неразумны дзяўбе.

* * *

Яшчэ нам не раз давядзецца Згадзіцца з высновай такой, Што т о й з нашай мовы смяецца, X т о мовы не мае сваёй —
I, значыць, ён варты спагады... I мы патураем яму, Не маючы сілы даць рады І лжэхрысціянству свайму.

* * *

Не можа нацыя сысці, Нібы вада ў пясок,— Павінна след пакінуць ці Хоць там які слядок.
I славу ўсіх сваіх вякоў Не тое што забыць, А ўліць яе ў чужую кроў, Каб тую кроў, чужую кроў, Навек сваёй зрабіць.

* * *

Ці гэта памяць узвышае нас? Ці водгулле, што вечнасцю здаецца? «Над хвалямі...»,— прамоўлю, і ў адказ: «...сінеючага Ніла...»,— адгукнецца,
Ды не заўсёды, і знікае сон. Радзіма — жвір, і гэты жвір сплывае. «Ад прадзедаў спакон...» — а што спакон? Я — ведаю, а мой сусед не знае.

* * *

Багдановіч, ратуй, Ад знікнення ратуй, ад нямоты. Пачуццём тым гаючым ратуй, Праз якое ты быў не самотны.
Багдановіч, даруй, Што ў цябе мы вучыліся мала — Мы да Коласа йшлі чарадой, Нас выводзіў у людзі Купала.
Багдановіч, пачуй. Як знясіленым лебедзем слова — Беларускае слова! — Над магілаю кружыць Стральцова.
Багдановіч, вартуй Кожны крок наш і рух недарэчны... Хай загадка твая Застаецца загадкаю вечнай.

* * *

Нарэшце зразумеў — Купала мёртвы. Яго няма, вачэй няма і слёз. Ёсць толькі шал уласнае аорты, Ёсць толькі ім пазначаны мой лёс.
Ёсць толькі спеў падманнай маладосці I будучыні кволенькі абрыс... I тое ёсць, што ўласныя пазногці Я да крыві праз гэты верш абгрыз.

* * *

I з усяго, вялікага-малога. Мяне чакае шлях адзін — да Бога...
Я не нашу крыжа і не малюся I раз на год наведваю царкву, Ды лёс Хрыста, пакутнага Ісуса, Таксама як і доля беларуса — Адзін і той вянок на галаву!
З двара свайго, з казённага парога Да Бога шлях, як да сябе самога.

ЭМІГРАНТ

Мы ў сваім чужыя.

Янка Купала
Сто англій і дзвесце францый Ніякай сваёю сілай Не зробяць з мяпе эмігранта, А наша жыццё зрабіла.
Паўсюль, ідучы па Мінску, Бачу сцяну глухую, Бо ні здалёку, ні зблізку, Таго, што хачу,— не чую.
Прайду праз усе райкомы. Аптэкі, заводы, кавярні, Кнігарні і гастраномы, Міліцыю і казармы;
Праз кожную плошчу, завулак, Кватэры, з якіх не пратураць,— Дзе ж роднаму слову прытулак? Няўжо толькі ў літаратуры?
Няўжо толькі ў ёй — адхланне, Магчымасць адна — не памерці... Тыраж у любога з выданняў Па эмігранцкай мерцы!
I гэтакія ж тым часам З'яўляюцца сціпла, нягучна Напаўбеларускія класы Па дзесяць-дванаццаць вучняў...
Даволі вярэдзіць раны! I без таго заўважаю — Глядзяць, як на эмігранта, На мяне, калі размаўляю.