Выбрать главу

Падрыхтаваны такім ладам пан паручнік ідзе да Царкоўнай гары і падзывае выпадковага хлопчыка: «Хлопак, ходзь ту. Гдзе тутай пэські?» Малы ўподбежкі праводзіць наструненага паручніка да Солтанавай хаты і зарабляе за тое дваццаць грошаў на цукеркі.

У занядбалай майстэрні засталося багата жаночых партрэтаў. З рыскай ледзьве ўлоўнага неспакою альбо з адкрытай, ну проста дзіцячай, радасцю глядзелі жанчыны ў аб'ектыў апарата. Коратка не скажаш пра іх, бо ўсе яны — рознага веку і прыгажосці, багатыя і бедныя, славянскай і неславянскай крыві.

Майстар даволі пажыў на свеце, досыць прачытаў разумных кніг, каб ведаць, што ніводзін мужчына не здатны палюбіць у жанчыне душу. Майстар лічыў тую няздатнасць грахом і гатовы быў пакаяцца за сябе перад жонкай і за ўсіх астатніх мужчын перад сваімі наведвальніцамі, але ўсё ж не рабіў таго. Ён баяўся, што тое дзіўнае пакаянне жанчыны не зразумеюць, а, не зразумеўшы, нават не хочучы таго, могуць звесці сур'ёзнае на жарт.

Каб дайсці да сябе — лепшага, сябе — дасканалага, неабходна палюбіць у жанчыне душу. Майстар верыў, што некалі так яно й будзе — кожны дойдзе да сябе лепшага. I магчыма, тое н е к а л і прыйдзе пад канец веку. бо пад канец веку, вучаць старыя людзі, здараюцца розныя дзівы. А зараз пакуль што год 1938-мы, і над майстэрняй кружыцца, глядзіцца ў яе шкляны дах нястомны анёл згоды.

Майстра цікавіла жанчына, якую ніхто не кахаў і якая за ўсё сваё жыццё не атрымала ніводнага любоўнага пісьма. Майстар разважаў, што менш за ўсё такая жанчына будзе ненавідзець жыццё і тым больш мужчын. Якраз наадварот. У нейкі момант яна памяркоўна ўспрыме сваю непазбыўную самоту, як нейкае выключнае становішча, і зразумее, што самае вялікае шчасце ў жыцці — бачыць над сабой чыстыя воблакі.

Выключнае становішча, адчутае ў сабе, прыводзіць да ўнутранай гармоніі, што адпавядае Бібліі. А выключнае становішча, створанае вакол сябе,— гэта ўжо шлях да бяды, і ён больш адпаведны пазнейшай літаратуры.

I Талстой у «Анне Карэнінай», і Блок. асабліва ў вершы «На чыгунцы», былі псіхалагічна прыгнечаны трагічнасцю таго становішча, якое стварылі іхнія гераіні вакол сябе...

Майстар быў упэўнены, што жанчына, якую ніхто не кахаў і якая за ўсё сваё жыццё не атрымала ніводнага любоўнага пісьма, менш за ўсё магла стаць гераіняй твораў Талстога і Блока. Яна сама была творцай і праз сваю пакутную выключнасць магла б стаць першай евангелісткай.

Майстар марыў пра яе партрэт.

Ён шукаў тую жанчыну ў кожнай беларусцы, у кожнай яўрэйцы і польцы. У любой каплічцы бачылася яе постаць і нават на пяці злотых, выпадкова знойдзеных у вулічным пыле, яснеў яе тонкі профіль.

Пра Міхала Небу і пра давераснёўскую Польшчу я патроху распытваў у старых людзей. Яны ахвотна расказвалі як «тоды було» і «шчо тоды робілос» і як Міхал усё гэта фатаграфаваў; як ён вандраваў са сваім апаратам па ўсёй давыд-гарадоцкай акрузе і як нічога не міналася ягонай увагі — кірмашы, крамы, цэрквы, салдацкія кашары, школы, гарынскае разводдзе, пахаванні і нават пажары. Я слухаў з удзячнасцю гэтыя расказы, уяўляючы паэтычную постаць фоталетапісца, местачкоў-ца-працаўніка, і разам з тым баяўся той катэгарычнай зададзенасці, на якую, на жаль, багатая памяць старых людзей. Кожны з маіх суразмоўнікаў лічыў, што толькі ён ведае ўсё пра той час і як ён расказвае, так трэба й пісаць.

I вось пасля кожнай такой бяседы я ўсё больш і больш пераконваўся, што акрамя жывых гутарак неабходна вывучаць дакументы. Няхай сабе і самыя нязначныя, як згаданая ўжо książka meldunkowa. Некалькі такіх «нязначных» дакументаў паказаў мне ў сваім калгасным музеі Уладзімір Якаўлевіч Куст [8].

Я радаваўся, калі да мяне траплялі ацалелыя колішнія паперы, нават выпадковыя шматкі з фрагментамі запісаў. На адным з іх. што даволі цікава, komisja egzaminacyjna mistrzowska паведамляла вяльможнаму пану Міхалу Небу. калі і дзе адбудзецца экзамен па спецыяльнасці фатаграфічнай.

Буйны звон чуўся ў хаце і рассыпаўся па доле, калі з дзіцячых рук нечакана выпадала торба з цяжкімі злотымі. Віхурылася мноства профіляў Пілсудскага. з якіх паволі выкладвалася на надлозе мазаіка даваеннай Польшчы.

вернуться

8

Старшыня калгаса «17 верасня» Столінскага раёна.