Выбрать главу

Каб была патрэба ствараць мазаічныя арнаменты з колішняй паперы, то пад рукой мелася даволі наказаў платнічых, гмінных і павятовых паведамленняў, квітоў з чырвонай круглай пячаткай пажарнай стражы і ўсялякіх купчых умоў.

I па сённяшні дзень іх могуць паказаць вам у нашым краі. Яны найбольш захаваліся, бо іх найбольш пільнавалі ад агню і чужога вока. Паперы ўсё ж тычыліся грошай, заплачаных або заробленых. таму і ашчаджаліся як грошы.

У мове маёй маці паблісквае залаты пясок паланізмаў. Пра што яна ні гаворыць, у кожным выразе чуюцца ўсе гэтыя «опініі», «скуткі», «тэчкі», «турэпкі». «плецакі» і «вуцечкі», ад якіх, здаецца, большае ў гародзе кветак, а над імі пчол.

Мала сказаць, што гэта незвычайная мова, дыялектны кветнік, вечары і ранкі майго дзяцінства. Гэта тая музыка, паслухаўшы якую, адчуваеш сябе творцам. Богам, калі рукам патрэбна гліна, а розуму яснасць.

Два гады я не чуў гэтую мову, калі служыў у войску. Вярнуўшыся, я да ўсяго быў гатовы — да слёз, да неверагодных пытанняў, нават да неразумення. Але я не падрыхтаваўся да самага простага — спакойна без узрушэння, якое ў гэтым выпадку вельмі блізкае да экзальтацыі, пачуць першыя словы, нават першыя гукі матчынай гаворкі. Яны мяне ашаламілі, ператварылі ў тое шчаслівае дзіця, якое само дайшло да разумення, што сонца не памірае, а толькі заходзіць. Мусіць, тое ж сталася і з Тувімам, калі ў Бразіліі ён нечакана праз доўгі час эміграцыі пачуў польскую мову на адной з вулак Рыо.

Міхал Неба любіў фатаграфаваць вуліцу Касцюшкі, галоўную вуліцу мястэчка, на якой стаяў дамок майго прадзеда. На фотаздымках засталіся шэрыя, непаголеныя твары брукароў, што ў 30-я гады замасцілі вуліцу шасцікантовы-мі плітамі. I па тым і па сённяшнім часе «польскі брук», як называюць яго ў нас,— цудоўны ўзор дарожнага будаўніцтва. У ягоным трывалым існаванні маецца адкрыты папрок нашаму бруку, асабліва вясковым дарогам і вуліцам.

Зрэшты, не варта ганіць сённяшніх брукароў, не яны тут вінаваты, а сістэма аплаты іхняе працы. Ім не плацяць за якасную ўкладку, а толькі за колькасць пагонных метраў. А колішнім брукарам плацілі за якасць, таму й не адным толькі колам утульна на «польскім бруку», утульна нават босай дзіцячай ножцы.

Пліта да пліты падганялася і вымошчва-лася з сапраўднай ювелірнай дакладнасцю. Стваралася не дарога, а струна, поўная мелодыі бесперашкоднай хуткасці, у якой шчасліва ўтойваецца найбольшая бяспека руху. Я так мяркую, што гэта адзіны шлях, трапіўшы на які, легкадумны Фаэтон імгненна навучыўся б кіраваць вогненнай калясніцай.

«Польскі брук» назаўсёды застанецца на фотаздымках Міхала Небы, але ці застанецца ён наяве? Некалькі ягоных кіламетраў беззваротна зніклі. У канцы 70-х было задумана пашырыць цэнтральную вуліцу. Дзеля гэтага выламалі гістарычныя пліты, а частку іх проста засыпалі пяском. Вуліцу зрабілі шырэйшай, накрылі шэрай паласой асфальту, а з вывернутых плітаў абапал асфальту скляпалі сяк-так тратуар. I, мусіць, нічога такога страшнага ў тым няма, калі не лічыць страшным, што ізноў патрэба надзённага ўзвысілася над хараством.

У той час, калі вуліцу Касцюшкі вымошчвалі плітамі, на суседняй вуліцы будавалі з чырвонай цэглы касцёл. Яго асвянцілі ў 1936 годзе. Але калі ў ім адбылася апошняя імша — цяпер ужо цяжка сказаць, таксама як і тое — калі ў ім заіграў першы гармонік. У вядомыя часы касцёлу, што называецца, надалі «свецкасці» — скінулі крыж і разбурылі вежу-званіцу. Ён стаў клубам, але і па сёння людзі называюць яго касцёлам. Не праз упартасць сваю, а толькі пакланяючыся трывалай звычцы. I таму фраза «пайсці ў клуб на танцы» вымаўляецца ў Давыд-Гарадку даволі дзіўна — «пайсці ў касцёл на танцы».

Дык вось касцёл, да якога цяпер прырабілі танцпляцоўку, падобны на самотную і, асабліва ў сонечныя дні, сумную істоту. Толькі пад дажджом ён весялее. Цэгла робіцца яснейшай, вокны набываюць вясёлкавы рух, і сама будыніна губляе цяжар адзіноцтва. Сцены ўвачавідкі вырастаюць і становяцца такімі ж невымяральнымі, як і струмені дажджу.

Мяне захапляе такое пераўтварэнне, і таму я люблю дождж. Любы — і той, які ледзьве крапае, і той шалёны, што як з вядра, і ранішні, і вечаровы, вясновы і восеньскі. У любую пару першыя кроплі дажджу, як першыя радкі Бібліі, апавядаюць пра неба і зямлю і ажыўляюць адзіны ў Давыд-Гарадку касцёл.

6 мая 1936 года дажджу не было, хоць на яго выглядалі ўжо з самае раніцы. Абыходзячы Царкоўную гару з двух бакоў, да прыстані збіраліся людзі. Яны неслі свае цяжкія клункі, а ў душы яшчэ больш цяжэйшы настрой. Людзі развітналіся з радзімай, маліліся па драўляныя сцены Уваскрасенскай царквы — яны ехалі на заработкі ў Канаду. Іх ужо чакаў Piast, рэйсавы параходзік, што нястомна курсіраваў паміж Давыд-Гарадком і Пінскам. Развітацца са сваімі прыхаджанамі прыехаў святар Бяляеў, які адначасова з'яўляўся і віцэ-бурмістрам. Неўзаба-ве ўсе заўважылі і Міхала Небу, з ягоным лёгкім апаратам на трох акаваных ножках. Са школкі прывялі дзяцей, прыбраных як на свята. Кожны школьнік трымаў развітальную галінку шпарагусу.