Выбрать главу

А дажджу ўсё не было. А людзі ж чакалі яго, бо на вялікую дарогу патрэбен дождж.

Бяляеў збіраўся сказаць развітальнае слова, як раптова загуў моцны вецер, і ў тую ж хвіліну загарэўся храм на Царкоўнай гары. З галоўнага купала выбеглі палосы агню, высока узвіліся абпаленыя вараняты. Іхнія кублы, густа абсыпаныя іскрамі, вывальваліся з дымнага купала. Вецер панёс іх на той бок Гарыні, на сухія саламяныя стрэхі. Прыстань застагнала. Цяпер ужо гарэла на абодвух берагах ракі.

Пажарная стража запазнілася, царкву маглі ўратаваць толькі вайскоўцы. Яны ўжо спяшаліся з кашараў, насцёбваючы коней — імчалі да Царкоўнай гары лёгкую палявую гармату. Людзі, што беглі да свайго храма хто з чым — з баграмі, драбінамі, вёдрамі, спыніліся. каб не замінаць жаўнерам. «Будуць збіваць купал!» — выдыхнуў натоўп... Але подбегам рушыў да артылерыстаў страшны сваім пачарнелым тварам свяшчэннік Бяляеў і забараніў страляць. Ён убачыў у гэтым пажары знак божы — і ягоная царква згарэла. З абрывістага схілу замчышча яна абрынулася на гарынскі бераг, галавешкі даляцелі да прыстані, да нізкіх бартоў апусцелага Piastа. У гэты дзень параход не дачакаўся пасажыраў, а Давыд-Гарадок дажджу.

Жаўнеры, заварочваючы коней, лаялі у душы віцэ-бурмістра з яго вар'яцкім загадам, а ён, гледзячы на пажар, ужо не валодаў мовай, уражаны ўласнай здагадкай — гэта ж царква ахвяравала сабой, каб не пусціць прыхаджан на чужыну.

У агульным гвалце не згубіў спакою толькі адзін чалавек — Міхал Неба. Майстар фатаграфаваў Уваскрасенскую царкву, яе апошнія імгненні, яе зыход у небыццё.

Кожны храм, нават самай нязначнай забудовы, займае мінімум прасторы. Калі храм знешне грувасткі — гэта ўжо не храм, а сцены для жылля. Толькі ўзнесенасць, толькі адухоўле-ная вертыкаль ратуюць прастору ад наступу глухой матэрыі.

I кожны партрэт, выкананы Міхалам Небам, сімвалізуе тую ж самую думку — чалавек панінен займаць мінімум прасторы. У партрэтах гэта дасягаецца перш за ўсё праз вытанчанасць ліній твару.

У пэўныя моманты майстар мусіў рабіць свядомы падман. Ён знарокава аскетызаваў паўнаватыя твары, падначальваў плоцкую гарызанталь вертыкалі. А кліентам не заўсёды тое падабалася. Яны не плацілі і пакідалі партрэты ў Небавай майстэрні. Паўната і мажнасць чалавека, лічылі яны, гэта й ёсць прыгажосць і шчыра пасмяяліся б з кожнага, хто развёў бы з імі гаворку пра «мінімум прасторы».

I сённяшнім гарадчукам, чытачам рамана Г. Марчука «Крык па хутары», зразумела хваляванне старога папа Шыдлоўскага, які баяўся, што пасля смерці ў яго западуць шчокі і ў дамавіне ён будзе непрыгожа выглядаць. У рамане поп Шыдлоўскі просіць дзяцей, каб тыя не забыліся пакласці яму, нябожчыку, у рот ваты.

Мае землякі прымалі ў Міхалу Небу толькі чыстага фатографа і ніякага мастака бачыць не хацелі. Майстар не крыўдаваў на тое. Пакінутыя партрэты ён акуратна збіраў і захоўваў у розных сваіх прыстолках і шуфлядах.

У нейкім без вокладак польскім часопісе за 1930 год яму пашчасціла сярод розных здымкаў, падабраных да 50-годдзя Блока, убачыць апошні партрэт паэта, зроблены Напельбаўмам. Гэта быў магічны партрэт, на якім ужо ляжаў цень ад Харонавага вясла. Вочы схімніка, што вытрымаў вялікі пост, глядзелі на давыд-гарадоцкага майстра.

Вядома, Міхал таго не ведаў, толькі мог здагадвацца, што Блок верыў у прамую залежнасць гармоніі ад выразнасці твару самога творцы. Выказваючыся пра нямецкіх рамантыкаў (Ціка, Наваліса, Гофмана), Блок заўважаў: «У іх невыразныя твары. З такімі тварамі немагчыма здабыць велічы...»

Міхал Неба ўспрымаў выразнасць, як мінімум, як кветку, на якой павінна быць толькі пяць, а не шэсць пялёсткаў.

Ён меў рацыю. Сапраўды, выразнасць — гэта арганізаванае хараство, якое заўсёды было цэнтрам прасторы. I фатаграфуючы давыд-гарадчука, што пакідаў на шчыце сваёй хаты памятку пра анёла згоды, Міхал Неба фатаграфаваў цэнтр прасторы.

1988

* * *

Не ў цішыні палескага сяла, А ў цішыні Заходняга Берліна Над Хафелем чырвоная каліна Зусім па-беларуску расцвіла.
Я пе здзівіўся, што ў яе была Кара гарынская, і вершаліна, I ягады, і кожная галіна, I тое ж лісце, поўнае святла.