Выбрать главу
Раён як хутар. Цішыня плыла Шматколерная, нібы хвост паўліна. У бары італьянскім мандаліна Адрыятычны спеў распачала...
Здалося мне? Ці памяць падвяла Пад манастыр? О прыкрая хвіліна! Вядома ж, не... Не камень, не цагліна — Здагадка, нібы тонкая ігла.
На ўсё гляджу я са свайго вугла. Даліна Хафеля, пясок яе і гліна — Купалаўская сумная даліна! Так бачу я. За гэта мне хвада.
Бывай, Берлін. Хай век майго стала Не абыходзяць піва і вяндліна... Над Хафелем чырвоная каліна Зусім па-беларуску расцвіла.

АДЗІН РАДОК ГЁТЭ

ego-essai

Ты азірнуўся і не ўбачыў доктара Хамерштайна. Ён, мусіць, недзе прыпыніўся на хвіліну пагартаць каталог ці проста прысеў адпачыць на мяккім музейным пуфе. У доктара, старога чалавека, напэўна ж, болем балелі ногі. I не дзіва — столькі пахадзіць, столькі без ліфта з паверха на наверх падымацца... А ў цябе балелі вочы. Як жывы, у тваіх вачах стаяў слуп каляровага пылу. Каб разбурыць яго, ты пайшоў да выхаду...

«...квадрат — відавочны антыкруг, а круг — антыквадрат. Але паміж гэтымі фігурамі існуе вельмі блізкая залежнасць, дзякуючы якой утвараецца самая простая схема аўтамабіля. Квадрату патрэбен круг, каб рухацца ў прасторы».

Не, гэта не зусім ты. Гэта ў табе разважае нехта пабочны, магчыма, твой двайнік, якому геаметрыя здаецца найвышэйшаю гармоніяй...

«...цырк абраў сваім цэнтрам круг — арэну, каб як мага бліжэй наблізіць чалавека да заўсёды святочнай дзеі. Адлегласць паміж арэнаю і самым дальнім гледачом мінімальная. Арэна ўвасабляе дэмакратызм цыркавога мастацтва.

Тэатр менш дбае пра гледача. Ад ягонай, будзем лічыць, квадратнай сцэны глядач знаходзіцца толькі па адзін бок. Зразумела, хто бліжэй да сцэны, той лепей бачыць, ш т о на ёй адбываецца. Тэатральныя гледачы пазбаўлены прасторавай роўнасці».

Ты выйшаў з музея на Лансштрасэ. Цябе нібыта вынялі з вялізнага бяздоннага куфра. Усё славутае і неверагоднае, бачанае толькі ў сне і ніколі нідзе нябачанае сабраў гэты куфар пад сваё века. Хто зазіраў пад яго — губляў спакойнае дыханне.

Няхай цырк — гэта круг, няхай тэатр — квадрат, а вось музей — і круг і квадрат, а болей за ўсё — непадуладная геаметрыі плынь святла.

Святло рухалася, плыло, як човен у асацэ, з празрыстым акварэльным шамаценнем. Павольна зала пераплывала ў залу — японская ў кітайскую, іранская ў егіпецкую, інданезійская ў індыйскую... Твае ўражанні, як падлеткі, усчыналі паміж сабой бойку. На вачах утвараўся амаль дзядалаўскі лабірынт, у якім па-дзіцячы страшна было згубіцца.

Табе драпежна ўсміхаліся рытуальныя маскі жыхароў Акіяніі, а ўкамянелыя кавалачкі гліны з ацалелымі фрагментамі шумерскага клінапісу наводзілі на сумныя думкі пра немінучы распад матэрыі. Цябе душыла шалёнае буянне ўзораў на іранскіх дыванах і зусім не цешылі фрывольныя сюжэты з жыцця каралёў на французскіх габеленах. Макеты таіцянскіх буданоў, ці, дакладней — хацін, накрытых пальмавым лісцем, апавядалі пра апошнія дні Гагена. А можа, гэта былі не макеты, а сапраўдныя хаціны? Іх прывезлі сюды за тысячы кіламетраў. У гэта лёгка паверыць, калі побач гучыць гранітная нямецкая мова.

З рускай парцаляны на саксонскую грацыёзным ланцужком пераляталі японскія журавы — жывыя іерогліфы прыроды, несучы на тонкіх крылах спрадвеку далікатныя вішнёвыя пялёсткі.

Журавы праляцелі праз цябе, як праз воблака, і ты нават не варухнуўся. Вось тады ён і вырас — слуп каляровага пылу, і, напэўна, у тую самую хвіліну доктар Хамерштайн застаўся недзе ў суседняй зале...

Фундаментальныя паліцы музея! Вобразы, вобразы... Японскія, кітайскія, іранскія, егіпецкія... Свет напоўнены ўсходнімі матывамі! Арыенталізм — вечны донар еўрапейскага мастацтва.

Усход і побытава абжывае Еўропу. Магчыма, у гэты самы момант, у які ты аглядаеш вузенькую, як на старажытнарымскую калясніцу, Лансштрасэ, на другім канцы Заходняга Берліна, у Кройцбергу, нічога не ведаючы пра цябе, пра тваю Беларусь і беларускую мову, не прыпыняючыся каля кірхі, ідзе ў мячэць турчанка. На ёй — лёгкая блакітная хустка і доўгая ружовая спадніца, паўзверх якой накінуты чорны, амаль мужчынскі пінжак. Магчыма, яна замужам за немцам і яе дзеці размаўляюць на нямецка-турэцкім жаргоне...

Каляровы слуп рассыпаецца, але стомленыя вочы бачаць толькі ружовае. Усё астатняе здаецца чорным, нават поліэтылена-выя мяшкі апельсінавага колеру, што ляжаць пад дрэвамі і чакаюць смецяроў.