Выбрать главу

Раніцай з паўкруглага вакна евангелічнай акадэміі на Ванзее бачыў зеленаватае бярозавае голле, на якім яшчэ моцна трымалася пабітае лёгкімі васковымі плямкамі па-восеньску халоднае лісце.

Побач, як неразгорнутая цукерка, залацела вада Хафеля.

Па беразе ішла дзяўчына ў чорных панчошках — вярталася з начнога спаткання. Чорныя панчошкі — жалоба па каханню. Яно, каханне, ужо ніколі не будзе такім, якім толькі што было. Яно будзе іншым. але т а к і м, як у гэтую ноч,— ніколі!

На тым беразе ў лесе стралялі амерыканскія салдаты.

На тым беразе быў палігон, а на гэтым — спакой. Самая сярэдзіна восені. Па ўсім, нават па прыглушаных адлегласцю аўтаматных стрэлах, угадвалася, што гэта сапраўды сярэдзіна восені, што да карнавальнай пары нястрымнага ліставею яшчэ далёка. Рэдка які лісток адрываўся, на развітанне бліскаў свайму дрэву сіняватым агеньчыкам нябачнай свечкі і падаў на брукаваную, слізкую ад расы сцежку, на якую неяк бокам выкочвалася сытая вавёрка. Менавіта сытая. Інакш яе не назавеш. Пысачка — шакаладна задаволеная; бакі — як навітыя карункі, пад імі хаваліся ўсе чатыры лапкі, а хвост — тонкай кравецкай работы пышны шлейф, на які ні разу не наступілі гжэчныя велікасвецкія кавалеры.

Футра на вавёрцы ззяла, як сапраўдная дыядэма.

Не, гэта была зусім нелютэранская вавёрка. Яна выпадкова забегла ў Германію, з нейкай чыста каталіцкай краіны. Няцяжка здагадацца, што яе раскошнае футра зрабілася раскошным толькі таму, што яго няраз аблашчыла шыкоўная пампезнасць касцёлаў і патрыцыянскіх хвояў, якія раслі паблізу.

Што ёй рабіць, каля сціплых заходпебер-лінскіх кірхаў? Каля стрыманай на хараство архітэктуры? Гэтая вавёрка недарэчы тут, усё роўна як ампірны сфінкс у сялянскай хаце...

Пакуль вочы адпачываюць, ты прыслу-хоўваешся да сябе — твой двайнік вырастае з цябе, як дрэва, ператвараецца ў нябачнага ўпартага апанента. Ты не згаджаешся з ім, аспрэчваеш кожнае слова. Ты не згаджаешся з сабой. Няма ў жыцці такога імгнення, калі бывае з самім сабою абсалютная згода.

Двайнік прамаўляе: «Страсць узвышае чалавека...»

Смяешся з гэтых слоў.

Узвышае?..

Страсць паступова знішчае чалавека. і прыкладаў таму самых розных не пералічыць... Паэзія знішчае паэта. Гаспадарка знішчае гаспадара. Паляванне — паляўнічага. У рамане К. Гамсуна «Пан» лейтэнант Томас Глан, для якога паляванне — найвышэйшая страсць, не памірае ў ложку, не гіне пад коламі цягніка. Ён гіне на паляванні...

I ўсё ж у нейкія шчаслівыя моманты ты забываеш свайго двайніка, пакідаеш спрачацца і проста думаеш. На гэтай вуліцы з добра абжытымі асабнякамі, з маўкліва паважнымі прахожымі — сапраўднымі сярэдневяковымі бюргерамі, з лёгкім ветрыкам, які, нібы бесклапотнае кацяня, ловіць сам сябе,— ты думаеш пра невыпадковую грунтоўнасць музея. У гэтай грунтоўнасці — выратаванне. Калі здарыцца самае страшнае — народы страцяць сваю культуру, яны ўсё ж успомняць пра гэты музей і прыйдуць сюды, дбаючы пра сваё самааднаўленне.

У хаосе разбурэння павінны ўцалець музеі.

У Давыд-Гарадку музея няма, а знак разбурэння прымацаваны да чыстай кашулі мястэчка. Але да той пары Давыд-Гарадок застанецца Давыд-Гарадком, пакуль будуць гароды, а ў гародах, як вокам кінуць, грады, а на градах, як душой абняць,— кветкі, а над кветкамі — нябесныя постаці гаспадынь.

Нашыя гароды — гэта й ёсць выратаваль-ныя музеі, поўныя чалавекаадраджэнскага хараства.

I тады яшчэ будзе Давыд-Гарадок, калі застанецца адзін гарод, а ў ім — адна града, з адною кветкай, з апошняй гаспадыняй...

Лансштрасэ не першая вуліца, якую ты запомніў у Заходнім Берліне. Спачатку была надзіва чалавечная на назве Беерэнштрасэ — Ягадная вуліца. На яе цябе прывязлі ўночы, калі сеяўся, не ўціхаў нудны дожджык, аднолькава непрыемны на любой зямлі. Трохпавярховы асабняк доктара Хамерштайна — твой першы ў Заходнім Берліне прытулак — патанаў у экспрэсіўным сутонні.

Флегматычны доктар Хамерштайн меў алімпійскі позірк патрыцыя. Ты пасля даведаўся, што ягонае прозвішча пачыналася са спрадвечна шанаванай часцінкі «фон».

У спальні на трэцім паверсе на маленькім століку цябе чакала ваза з буйным вінаградам...

Спальня была пад самым дахам; мусіць, гаспадар называў гэты пакой мансардай і быў, напэўна ж, неабыякавы да жывапісу. У дальнім куце стаяў складзены мальберт, а на сценах, як упаляваныя чайкі, бялелі аматарскія нацюрмор-ты...

Мусіць, кожны, хто нечакана трапляе ў мансарду — у пакой, самы блізкі да неба, хоць трошачку, але ўсё ж адчувае сябе мастаком... Ты хочаш, каб чалавек заўсёды трапляў у мансарду і ніколі — у падвал.