Выбрать главу

Першая нямецкая ноч прайшла, ні крыкам, ні шолахам не крануўшы твайго слыху.

Ты адчыніў акно і ўбачыў унізе адкрытую тэрасу,— ярка-белы квадрат,— выстуджаную дажджом і застаўленую лёгкай мэбляй. Тэраса сіратліва ўздыхала, вядома ж — ні людзей, ні летняга цяпла. Яе мініяцюрныя сходцы вялі ў травяны дворык з маленькім, як балея, басейнам. Вада ў басейн падавалася па жоўтым, гумовым шлангу.

Вочы за ноч адпачылі, і табе прыемна было глядзець у адну плоскасць, змяшчаць у гэтай рухомай маленькай разлегласці крывую лінію жоўтага шланга...

Вораг ранішняй гімнастыкі, ты глядзеў тым часам і на свае худыя рэбры і з задавальненнем пацвельваў сябе — паспрабуй знайсці на сабе ідэальна роўную плоскасць ці, абсалютна дакладны квадрат?

Зрэшты, можаш не спрабаваць — не знойдзеш!

Але ўсё ж паглядзі на свае рукі.

Некалі, аслеплены промнямі шчырай графаманіі, параўноўваў рукі з крыламі. А цяпер думаеш, што гэта яшчэ і лініі, прыдатныя для ўтварэння розных геаметрычных фігур.

Ды што ні вырабляй рукамі, як ні згінай локці — усё роўна не ўтворыш ні просты, ні востры вугал. Утворыш нешта далёкае ад геаметрыі.

Калі геаметрыя — не найвышэйшая гармонія, дык ужо пэўна тое, што яна — самы непадкупны раздзел матэматыкі.

Крокі на першым паверсе — з кута ў кут. Далей — яны пачалі набліжацца да цябе. Чалавек марудна падымаўся па стромкай лесвіцы. Хвілінная пярэрва. Вось яны зноў пачуліся, а пасля заціхлі зусім. Мусіць, чалавек перадумаў падымацца і паволі сышоў уніз.

Гэта, няма сумнення, гаспадар. Ён непакоіцца, каб не пахалодала снеданне... Можа, гаспадар — гэта і ёсць той чалавек, які заўсёды непакоіцца?..

З трэцяга паверха на першы ты спусцішся хутка, не пройдзе і хвіліны. Дый гэтага часу досыць, каб свае геаметрычныя развагі давесці да кропкі.

Прырода, лепячы цела чалавека, абсалютна не зважала на матэматыку. У прыроды былі і, дзякуй богу, пакуль застаюцца свае ўяўленні пра лінію, форму, аб'ём.

Паміж чалавекам і прыродай — чыстае паветра мастацтва. Віно чалавечых пачуццяў яно заўсёды захоўвае ў геаметрычным посудзе.

Мастацтва не тое каб з парога адпрэчыла матэматыку. Якраз наадварот — запрасіла ў свой хорам, дало месца на покуці. I так здарылася толькі таму, што свечку мастацтва запаліў чалавек, а не прырода...

Выдыхнутае прыродай, чалавечае цела — антыгеаметрычнае. Геаметрычны — чалавечы дух. Ён стварае геаметрыю. Будуе, напрыклад, дом — вобраз ідэальнай геаметрыі...

Ад землятрусу ці агню дом разбураецца, губляе матэматычны парадак сваіх формаў. Утвараецца частка знявечанай прыроды.

Чалавек вяртаецца да разбуранага і гэтай «частцы прыроды» зноў надае геаметрычныя рысы. А пасля зноў можа здарыцца тое самае — вялікая прырода пераможа малую геаметрыю.

Шлях ад стыхіі (прыроды) да гармоніі (геаметрыі) — шлях чалавечага духу.

Пра гэты шлях у кожнага сваё ўяўленне.

У доктара Хамерштайна, як у сапраўднага настаўніка — хрысціяніна, яно мела павучальны сэнс: удумлівае чытанне Бібліі прыводзіць да гармоніі, таму кожны чалавек у хрысціянскім свеце дзеля свае ж карысці павінен стаць удумлівым чытачом Бібліі, самай чалавечнай кнігі ў гэтым жыцці. Біблія чалавечная таму, што адказвае на ўсе пытанні... Доктар Хамерштайн скардзіўся — Біблію мы чытаем павярхоўна, а то й зусім не чытаем — і гэта наша бяда...

Пра мяне, свайго госця, доктар Хамерштайн клапаціўся не як гаспадар, а менавіта як настаўнік. Рабіў ен гэта з нейкай незразумелай мне далікатнаю сілай, нібы прадчуваў маю думку, што ўсё далікатнае надакучыць не можа. Былы дырэктар евангелічнай акадэміі, ён паходзіў з тых педагогаў-прапаведнікаў, у якіх не бывае благіх вучняў. У ім жыла не будзённая абачлівасць, згодна якой — размаўляй з чужым ласкава, і ўсё будзе добра. У ім жыла святочная неабходнасць быць ласкавым з кожным...

Нарэшце ты пачынаеш заўважаць на Лапсштрасэ іншыя колеры. Вочы ажываюць, яны бачаць гарызантальную глыбіню вуліцы. Твая самота робіцца змястоўнай.

Ты абыдзешся без перакладчыка, бо не збіраешся распытваць берлінцаў пра Берлін. Ты збіраешся проста глядзець, глядзець уважліва. I таму ты заўважаеш дэкаратыўную падкову на радыятары «мерседэса», прымацаваную, вядома ж, на шчасце, і адзначаеш, што роўная, як напяты шнур, дарожка для ровараў, дбайна ўмуравана ў тратуар. Настолькі дбайна, што хвілінай здаецца — яна не ўмураваная, а прышытая нейкай адмысловай, вядомай толькі немцам, ніткаю...

Калі б на тваім шляху лёг камень з надпісам «Палітычныя праблемы» — ты не прыпыніўся б каля яго. Усё тое. у чым няма хараства — не тваё. Ты ненавідзіш нават само гэтае слова — п р а б л е м а, фізічна адчуваеш на яго ўкамянелым старагрэчаскім корані мёртвую глебу.