Зірнуўшы навокал радуешся, што на возеры Ты адзін і што а д н о над табой неба і ўдалечыні а д з і н, як зярнятка ў эфірнай глебе космасу, Твой гарадок.
Ты глядзіш на неба і гаворыш сабе: «Неба не мае пачатку і не мае канца...»
Твой гарадок пачатак мае, пазначаны ў гістарычна летапіснай прасторы. Неба нідзе не пазначана. Усіх звестак толькі, што створана яно было на другі дзень...
Па выслізганай палазамі сцежцы Ты вяртаешся дахаты, цягнучы за сабой сані з рэштай вішу і дзвюмя запасовымі тычкамі.
Заўтра, яшчэ да свету, Ты вернешся на возера хажаць (зноў Тваё слова) рашамэты. Ты пакінуў іх толькі на адну ноч, на больш не трэба. У адлігу і за адну ноч уюноў набіваецца процьма...
Раніцай адкінеш лапатай снег, рассунеш у бакі віш, прымеш тычкі і з натугай выцягнеш першую рашамэту, для перасцярогі затуліўшы далоняй уверсе адтуліну, праз якую ўсю ноч адзін за адным набіваліся ў вярбовую пастку ачамрэлыя ўюны. У злубянелы на холадзе мех вытрусіш іх усе да аднаго і паволі пойдзеш да другой палонкі.
Зноў будзеш на возеры адзін, і возера атуліць Твой клопат прыемным ценем гаючай забыўлівасці. Апошнія зоркі, збаяўшыся Тваёй маўклівай самоты, патухнуць без пары.
Будзе днець.
Калі зусім развіднее, Ты раскладзеш на беразе агонь, утыкнеш каля агню расошкі і пачнеш класці на іх уюны, нанізаныя на лазовыя мэткі (яшчэ адно Тваё слова). Уюны абпякуцца да звонкай хрусткасці, да тонкага смаку, у якім будзе чуцца, нават бачыцца — і агонь, і возера, і па-царкоўнаму чысты ранак.
Падварушваючы вуголле, раптам падумаеш, што і каханне, як неба, таксама не мае пачатку. I толькі адно неба ведае першыя пісьмёны кахання. і зразумела, чаму папірусы і летапісы ўсіх стагоддзяў зайздросцяць небу.
Мая маладая мама прыйдзе да агню, і ты аддасі ёй увесь набытак, усе мэткі — па трыццаць уюноў на кожнай. I, як пра самае важнае, Ты ёй скажаш, што з уюнамі добра варыць разкі (не толькі Тваё новае слова, але і Твая любімая страва) — разкі без крупаў.
Яна ад душы пасмяецца з Тваіх кухарскіх ведаў...
А Ты зноў будзеш думаць: што ж яшчэ зрабіць, каб Яна стала Тваёй жонкай у Тваім гарадку.
* * *
* * *
* * *
ЧОРНЫ СОН
ЦЮТЧАЎСКІ ТРЫПЦІХ