Янка Купала
ТУТЭЙШЫЯ
Трагічна-смяшлівыя сцэны ў 4-х дзеях
АСОБЫ
• МІКІТА ЗНОСАК (НІКІЦІЙ ЗНОСІЛОВ) — калежскі рэгістратар, 25—28 г., у першых трох дзеях барада выгалена, у 4-й крыху барадаты.
• ГАНУЛЯ ЗНОШЧЫХА — яго маці, у вольны час робіць панчоху.
• ЯНКА ЗДОЛЬНІК — настаўнік, 25—28 г.
• ЛЯВОН ГАРОШКА — паважаны селянін, заўсёды з люлькай, агонь да яе крэсіць крэсівам.
• АЛЕНКА — яго дачка, 17—19 г., крыху жвавая і вясёлая дзяўчына, адзяецца чысценька і скромна.
• НАСТА ПАБЯГУНСКАЯ — дзяўчына няведамых заняткаў, 23—25 г.; стараецца адзявацца з шыкам, але без густу.
• ГЭНРЫХ МОТАВІЧ СПІЧЫНІ — Мікітавы настаўнік, сярэдняга веку, бараду і вусы голіць.
• УСХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць велікарускую вопратку — «падзёўку», «касаваротку» і доўгія боты, барада калматая.
• ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць польскі строй — кунтуш і «конфэдэратку», барада голеная, вусы завесістыя.
• ДАМА. ПОП. СПРАЎНІК. ПАН. НЕМЕЦ.
• ЧЫРВОНААРМЕЕЦ.....\
• НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ..} у адной асобе.
• АБАРВАНЕЦ.........../
• НЕМЕЦ, ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ, ГРАМАДЗЯНЕ, ГРАМАДЗЯНКІ і інш.
Усё дзеецца ў Менску. 1-я дзея адбываецца ў лютым 1918 г., 2-я — у снежні 1918 г., 3-я — у ліпені 1919 г., 4-я — у чэрвені 1920 г. 1, 3 і 4-я дзеі адбываюцца ў Мікітавай хаце, 2-я дзея — на Катэдральным пляцы, называным мянчанамі «Брахалка».
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Час вячэрні. Даволі абшырны пакой, беднаваты, па-дробнамяшчанску абстаўлены. 3 правага боку — бліжэй да рампы — адны дзверы, з левага — двое. Напроць два вакны на вуліцу. Справа ў належным месцы стол, у іншых мясцох — пара малых столікаў, на адным з іх грамафон, крэслы венскія і мяккія плюшавыя. У кутку злева вялікае люстра (трумо). На сценах у рамах колькі тандэтных абразоў — партрэтаў высокапастаўленых асоб, балалайка, пажарніцкая куртка і каска.
З'ява I
Гануля, Янка.
ГАНУЛЯ (сядзіць і робіць панчоху; чуваць стук у дзверы з левага боку, што далей ад рампы). Калі ласка! Заходзьце!
ЯНКА (уваходзіць). Выбачайце, цётачка, што так часта назаляюся вам, але, бачыце, неяк моташна зрабілася аднаму сядзець, дык вось і прыйшоў да вас у госці.
ГАНУЛЯ. Ды што за цэрамоніі! Можаце гасціць у мяне хоць кожны дзень ад рання да вечара — мне самой весялей, бо хоць вы ў нас нядаўна закватаравалі, а ўжо лічу вас як свайго чалавека. Толькі не стукайце там па-панску ў дзверы, а проста ўваходзьце, і ўсё тут.
ЯНКА. Дзякую вам за шчырасць і ласку, хоць і сам не ведаю, чым я на ўсё гэта заслужыў. (Паўза.) Дзе ж гэта гаспадар ваш малады?
ГАНУЛЯ. Паляцеў у горад таго-сяго купіць. Сягоння імяніны яго, дык мо той ці сёй здарыцца ў хату.
ЯНКА. Шкада, што я раней аб гэтым не ведаў. То ж належала і аб падарунку якім падумаць.
ГАНУЛЯ. Э, мой сынок! Не тыя цяпер часы на падарункі. Гэтая вайна ды бязладдзе, ці, як там кажуць, рэвалюцыя, пахавалі тыя хвіліны, калі людзі маглі думаць і аб падарунках.
ЯНКА. А во, сын ваш не забыўся, аднак, аб імянінах?
ГАНУЛЯ. Не забыўся, бо малады яшчэ і ў галаве пуста. Падумайце, скасавалі чыноўніцтва, застаўся без службы, і хоць бы што, ні на грош таей сталасці. Адно маракуе ўсё аб тым, як гэта ізноў вернуцца нейкія там яго рангі і клясы і ўсялякае дабро само пасыпецца з неба.
ЯНКА. А што ж ён, па-вашаму, павінен рабіць у гэтае чыноўніцкае безрабоцце?
ГАНУЛЯ. Што? Хоць бы ўзяў, як іншыя, ды падвучыўся боты шыць або хоць латаць. Ну латаў бы, і капейка жывая была б у хаце, а так... (Махнула рукамі.)
ЯНКА. Трудна такому далікатнаму панічу за гэтакую чорную работу ўзяцца.
ГАНУЛЯ. Які там ён далікатны! Я сама з ягоным бацькам — людзі вясковыя. Мой нябожчык гаспадар жыў пры бацькох на маленькім надзеле. Адзін яшчэ сяк-так мясціўся ў сям'і, а як жаніўся, дык і не хапіла абаім месца. Тады мы ўзялі і пайшлі сюды ў Менск шукаць службы. Спачатку было вельмі цяжка, а пасля нічога сабе. Я мыла людзям бялізну, а ён прыстроіўся ў акружным судзе: быў там пры вешалках і кур'ерам. А вядома, у судзе: народу ўсялякага прыходзіць шмат, ды пакуль там хто дойдзе да вышэйшага начальства, пачынаць мусіў спярша ад ніжэйшага. Гэткім ладам недастачы вялікай не цярпелі ды нават хлопца свайго праз усялякія там навукі да чыноўніцтва давялі. Пасля мой памёр, вечны яму пакой, а я засталася адна са сваім Мікіткам. Так што, як бачыце, ніякай далікатнасці нямашака.
ЯНКА. А я спачатку меркаваў іначай. Бо дзе ж там! Ён гэтак заўсёды хоча сябе паказаць, як бы сам губарнатар.
ГАНУЛЯ. Гэта, мабыць, ён наглядзеўся, бо служыў у губарнатарскай канцэлярыі за нейкага там рэгістратара.