ГАНУЛЯ (складваючы манаткі). Толькі пільнуйся, сынок, каб ён не ўздумаў цягнуць цябе ў палон і пры адступленні, як тады — пры наступленні.
МІКІТА. Не бядуйце, меджду протчым, мамаша, — я заўсёды знайду выхад з найгоршага крытычнага становішча. Ды я ж прасіў вас, мамаша, не ўспамінаць мне аб гэтай трагедыі майго жыцця.
Гануля маніцца выходзіць.
Ага! Калі спаткаеце профэсара гэр Спічыні, то напомніце яму, што я ўжо яго чакаю на практычную лекцыю аратарскага мастацтва, вось толькі схаджу на мінутку на Койданаўскую вуліцу паслухаць, як там стаіць курс на валюту. (Пайшоў.)
ГАНУЛЯ, а за ёй ПАНІ з манаткамі шнурам выходзяць. Па хвілі ўваходзяць ЯНКА І АЛЕНКА.
З'ява II
Янка, Аленка.
АЛЕНКА. Здаецца, мы ўгаварыліся тут пачакаць на татку?
ЯНКА. А так — тутака. Пакуль прыйдзе, можам хвіліну пасядзець.
АЛЕНКА (сеўшы на лаўку, пасля паўзы). Як вы заўсёды, дзядзька настаўнік, мудра вельмі разважаеце, ажно мяне часам страх бярэ! Вось, напрыклад, ідучы сюды, сказалі вы, што мы павінны дабівацца, каб быць не толькі гаспадарамі самі над сабой, але і над сваёй воляй.
ЯНКА. А як іначай, Аленка. Якімі б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, зніштожыць даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім «я», у сваёй самабытнасці і смела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім «я».
АЛЕНКА. Але цярністы шлях мусіць прайсці душа народная, пакуль збавіць гэта сваё «я» ад чужой няволі.
ЯНКА (не слухаючы). Зірні, Аленка, на Менск! Тут калісь,— як сказана ў нашай песні аб паходзе Ігара, — продкаў нашых галовы снапамі на таку слаліся, душу ім ад цела веялі, а чырвоныя берагі Нямігі не зернем былі песеяны, а касцямі гэных жа продкаў нашых. 3 гэтага бачым, што яны за нешта змагаліся, каб пад сценамі роднага гнязда косці свае пасеялі... А ўміралі, відаць, і славай, бо ў песні іхняе ўміранне засталося вечна жыць. А ці ж увекавечыць песня змаганне і ўміранне патомкаў? Не! Бо мы змагаемся і ўміраем за чужое.
АЛЕНКА. Шмат хто і з нас ужо змагаецца і ўмірае не за чужое, а за сваё, а песня аб іх ужо не забудзе.
ЯНКА. Гэта адзінкі, мілая Аленка. А душа агульнаграмадская яшчэ дрэме.
АЛЕНКА. Скіне сваю дрымоту і душа. Абы толькі гэтыя адзінкі, што ўжо змагаюцца, больш ясных паходняў распалілі і асвяцілі сцежкі ўсе для паўстаючай грамады.
ЯНКА. Што ж, можа, і праўда твая, Аленка. Мы як бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці гэтай паганай маны, што мы не ёсць мы. Але яшчэ хістаемся то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты не можам сабе ўявіць. А мэта ў нас адна: калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасць, напісалі на сваім сцягу несмяротныя словы: «Амэрыка для амэрыканцаў». I гэта памагло: сягоння Амэрыка вольная. Павінны пайсці і мы па яе слядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сцягу: «Беларусь...»
Уваходзіць МІКІТА.
З'ява ІІІ
Янка, Аленка, Мікіта.
МІКІТА (да Янкі, падышоўшы да яго пры апошніх словах і не пазнаўшы). Пане мусье, можа, патрабуеце маркі? (Пазнаўшы.) Ах, гэта вы, меджду протчым, пане профэсар!
ЯНКА. Во, неспадзяванае спатканне. Як маецеся, пане рэгістратар?
МІКІТА. Дзякую, меджду протчым. Так сабе. Нічога сабе. Што ж вы тут парабляеце?
АЛЕНКА. Мы прыехалі татку з палону вызваляць. Бачыце, немцы яго ў абоз пагналі, дык мы, баючыся, каб яго ў Нямеччыну не загналі, паехалі ўслед на падмогу. То ж у мяне адзін татка на цэлым свеце, павінна ратаваць!
МІКІТА. Так, так! Было б няважна, каб звезлі з хаты апошняга, меджду протчым, бацьку.
ЯНКА. А што вы тут парабляеце, пане рэгістратар: маркі людзям раздаяце?
МІКІТА. Меджду протчым, не раздаю, а прадаю, а гэта вялікія дзве розніцы. Але, як уважаю, то вы яшчэ не ведаеце, што я для стварэння сабе новай кар'еры пакінуў чыноўніцтва і перайшоў на свабодную профэсію.
ЯНКА. Што ж гэта? па-вашаму — гандаль на Койданаўскай біржы валютай — свабодная профэсія?
МІКІТА. А чаму ж бы не так? Па-мойму, зусім свабодная. Вось хоць бы судзіць з таго, што калі я перайшоў на яе, то пачуўся, як птушка тая, зусім свабодным. Меджду протчым, змалку дзён мяне цягнула да свабоды і гандлю.