ДАМА. Мусье беларус, вы, як я ўважаю, напоўнены навевамі новага часу і належыце, мабыць, да новай партыі стоікаў, якія не паддаюцца эвакуацыі і застаюцца на месцы?
ЯНКА. Паддаецца эвакуацыі ў сягонешні час толькі той, у каго або нячыстае сумленне, або ён сядзеў тут збоку прыпёку, не раўнуючы, як пустазелле на сялянскай градзе.
ДАМА (да Мікіты). А вы, мусье рэгістратар, калі прыняць пад увагу довады мусье беларуса, то пэўна заставацца тут не будзеце і нашым шляхам пойдзеце?
МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы не згадалі: я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і руска-ісціных інтарэсаў. Хоць, можа, я гэтак рызыкую нават сваёй, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць.
ЯНКА. Мне здаецца, пане рэгістратар, што вы так запуталіся ў сваіх рангах, клясах і свабодных профэсіях, што ўжо не здольны да ніякае місіі — нават да тэй сваёй роднай, ісціна-рускай місіі.
МІКІТА. Меджду протчым, не забывайце, пане беларус, што я найздальнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі й Саланевіча. Апрача таго, нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў і, ад'язджаючы, на гэтую місію благаславіў.
Паўза.
ГАРОШКА. А вы, бацюшка, таксама за імі (махнуўшы пугай) туды — упрочкі?..
ПОП. Нет, чадо мое. Акі пастыр, я должэн остацься пры агнцах своіх, я только провожаю сірых сіх, дабы іх напутствоваць на пуць неведомый.
СПРАЎНІК. Але, панове, час нам ужо ў дарогу! Вораг не спіць і ўжо блізка: можа адрэзаць нам усе ходы для адступлення.
ГАЛАСЫ. А так! Праўда! Час!
МІКІТА. Пагасцілі б, мадам-сіньёра і мусьі, яшчэ хоць з хвіліну!..
ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН устаюць, раскланьваюцца і шнурам выходзяць у праціўны бок, з якога прыйшлі былі.
Поп (ідучы ўслед за адходзячымі, паказваючы на іх рукой). Акі пціцы небесныя, отлетаюшчы на зімнее время в жаркія страны. Да храніт іх в странствіі мацер неопалімыя купіны і мацер крупіцкая!
З'ява VI
Мікіта, Янка, Аленка, Гарошка.
МІКІТА (як тыя выйшлі). Ах, забыўся запрапанаваць ім купіць у мяне маркі! Пэўна з «царскімі» эвакуюцца.
ЯНКА. Не турбуйцеся! Яны, як праўдзівыя патрыоты, з «царскімі» не разлучаюцца.
МІКІТА. Вы, пане настаўнік, як я заўважыў, чагосьці недалюбліваеце нашай чыстай інтэлігенцыі.
ЯНКА. Для вас, як для рускага колежскага рэгістратара, яна, можа, й чыстая, але для мяне яна — «Варшавске смецце, гразь Масквы», як сказаў вешчы Шаўчэнка.
ГАРОШКА (паказваючы пугай). А во яшчэ два дапатопы!
Уваходзяць ВУЧОНЫЯ — адзін з аднаго боку, другі з другога, разглядаючы праз свае падзорныя трубы.
З'ява VII
Тыя ж, Усходні вучоны, Заходні вучоны.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ (стукнуўшыся з Заходнім). Чорт подзеры!
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пся крэв!
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Ізвініце, судар!
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пшэпрашам пана!
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. I вы здзесь?
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. I пан ту?
Кланяюцца адзін аднаму і прысутным.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ (да Янкі). Очэнь кстаці, что вы, господзін белорус, здесь. Необходзімо почэрпнуць от вас сведенія касацельно церрыторыяльных данных обласці, іменуемой вашым племенем — Белорусь.
ЯНКА. О, наша тэрыторыя, пане вучоны, вельмі вялікая — і вокам не дастаць! Уся Менская Брахалка, на якой вы, як бачу, гэтай тэрыторыі шукаеце, ды яшчэ далей.
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. А чы не можэце, пане бялорусін, поінформоваць венцэй шчэогулово о тэм вашым «далей»?
ЯНКА. З гэтага нічога не выйдзе, пане вучоны. Бо абхапіць гэтае «далей» закораткі вашы пяты.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Так, так! (Запісваючы ў нататнік) Пры опросе аборыгенов Северо-Западного края о процяжэніі занімаемой імі церрыторыі выяснілось, что таковая включает в себе всю обласць Мінской Брэхалкі да ешчо далей... На вопрос, как далеко распространяетя оное «далей», мой собеседнік із племені белоруссов об'ясніл на местном обшчэрусском говорэ, что для постіжэнія сего «далей» у наукі вообшчэ і в частносці ў западной наукі короткі пяткі.
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Так, так! (Запісваючы ў нататнік уперамежку з Усходнім вучоным.) Падчас баданя тубыльцув, осядлых на Всходніх Крэсах польскіх, о розмярах замешкалэго пшэз ніх тэрыторыуму зостало высветлёным, іж данэ тэрыторыум вхланя в себе цалкем провінцыён Мінскей Брэхалкі і ешчэ далей... На запытане, як сень далеко распостшэня овэ «далей», муй інформатор походзонцы од бялорусінув ожэкл в огульнопольскім мейсцоным нажэчу, іж для осёнгненця онэго «далей» наука наогул, а в шчэгульносці наука Всходня посяда за крутек пенты.