УСХОДНІ ВУЧОНЫ (скончыўшы пісаць). Благодару покорно!
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ (скончыўшы пісаць). Дзенькуен упшэйме!
Абодва раскланьваюцца і выходзяць — кожны ў праціўны бок, з якога прыйшоў быў.
З'ява VIII
Мікіта, Янка, Аленка, Гарошка.
АЛЕНКА. На гэтых дык няма ніякага ўпынку! Шныраць і шныраць, як свінні ў чужым агародзе.
МІКІТА. Мудрыя людзі — гэтыя вучоныя. Я заўсёды схіляю перад імі сваю, меджду протчым, галаву.
ЯНКА. Асабліва перад гэтымі вы павінны як найніжэй схіляць.
МІКІТА. Чаму так?
ЯНКА. Бо вы ад гэткіх вучоных чэрпаеце сабе ўдзяткадайны клёк для падтрымання сваіх рэгістратарскіх кар'ераў у тутэйшым краі.
АЛЕНКА. Ці не час ужо, дзядзька настаўнік, пакінуць гамонку ды йсці ў заезд, а то, чаго добрага, Шая замкне браму?
ЯНКА. Ой, час, час! (Да Гарошкі.) А ці вы, дзядзька, пакупкі свае зрабілі?
ГАРОШКА. Дзе там! Дарма толькі вытаптаў з паў-Менску — як у шабас, усе крамы пазачыняны. Паеду без табакі.
АЛЕНКА (жартаўліва). Якое няшчасце! Гэта ж як у таткі пачнецца вялікі табачны пост, дык задасць ён усім нам табакі!
ГАРОШКА (дабрадушна). Табакі не табакі, а перцу калі-небудзь дастанеш ты ў мяне за свой доўгі язык.
ЯНКА. Хаця не пабецеся стары з малой за табаку. Мушу хутчэй вас адгэтуль весці. (Да Мікіты, адвітваючыся.) Бывайце здаровы, пане рэгістратар! Жычу вам у новай аратарскай профэсіі дастукацца асэсарскай рангі.
МІКІТА. I вам таго самага, пане беларус, у вашай, меджду протчым, беларускай профэсіі.
Янка, Аленка і Гарошка выходзяць. Па хвілі
ўваходзіць Спічыні.
З'ява IX
Спічыні, Мікіта.
СПІЧЫНІ. Даруйце, мусье Зносілов, што змусіў вас крыху на сябе чакаць. Але апошнія дні так многа маю лекцыяў па аратарству, што папасці ўсюды ў свой час няма аніякай змогі.
МІКІТА. Я вельмі рад, што ўсё ж такі вам, гэр профэсар, удалося ка мне папасці. Бо выступаць, меджду протчым, з трыбуны без практычнай лекцыі неяк ні сёе ні тое.
СПІЧЫНІ. Цяпер ужо будзеце магчы выступаць хоць і заўтра. Можам пачынаць, мусье рэгістратар!
МІКІТА. Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар!
СПІЧЫНІ. Узлазьце на трыбуну, мусье рэгістратар.
Мікіта становіцца на лаўцы.
СПІЧЫНІ. Цяпер зрабеце позу. Крыху не так — прасцей фігуру і вышэй галаву, вочы — удаль. Левую руку абапрыце на левы клуб. Так! Так! Правая рука застаецца свабоднай — гэта, каб у патрэбных момантах вашай араторыі можна было, заціснуўшы кулак, патрасаць ёю над аўдыторыяй. Цяпер, калі зрабілі сабе аратарскую паставу, пачынайце прамову. Спачатку кажаце ціхім-ціхім голасам, пасля штораз — мацней, а пад канец бухаеце грамабойным голасам і, разумеецца, на чым свет патрасаеце кулакамі. Ну, цяпер пачынайце араторыю на тэму: «Пролетарыят і буржуазія».
МІКІТА. Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплёатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок і пальцам не ківаў; усёй работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсцела — казаў той — расла не ўвышкі, а ўпапярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго (трасучы кулаком) далоў!.. далоў!..
СПІЧЫНІ. Затрымайцеся на мінутку. У сваёй араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва не любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усё, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі якследную асэсарскую кар'еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: «Рэволюцыйная самадысцыпліна».
МІКІТА. Ша... Шан... Не так... Меджду протчым, мае панечкі і мае паночкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна... рэволюцыйная самадысцыпліна... гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б'е, то яе ўсе б'юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна не спіць у шапку. 3 гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна не мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай праспіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага (трасучы кулакамі) далоў... далоў... I так, меджду протчым...