Уваходзіць МІКІТА ў вынашанай і палатанай «зашчытнага» колеру вопратцы, цягнучы за сабой каламажку, у якой: тры тоўстыя вялізныя партфелі, а чацвёрты — меншы; пад імі: колькі малых мяшэчкаў з прадуктамі, два селядцы, звязаныя лыкам, тры воблы, нанізаныя на аборку, невялічкая стограмовая пляшка з газай, вялікае, быццам з-пад капелюша, пудэлка з пудрай, некалькі сучкоў дроў, букетнік для кветак, тры чаркі.
З'ява III
Гануля, Гарошка, Аленка, Янка, Мікіта.
МІКІТА (уцягнуушы каламажку, вітаючыся з Янкам). Якое прыемнае, меджду протчым, спатканне, таварыш профэсар! Колькі лет! Колькі зім!
ЯНКА. I ні колькі лет і ні колькі зім, а ўсяго восем месяцаў, пане рэгістратар, як мы бачыліся. Але, мабыць, цяжкія вашы справы, што так цяжка вам час плыве: месяцы ў цэлыя леты і зімы замяніліся?
МІКІТА. Так сабе, нічога сабе, меджду протчым, плыве.
ЯНКА. Дый што гэта з вамі? Ці не ўпісаліся вы ў менскія свабодныя гэрцум-сролікі? — як тачнік які, тарабаніце гэту брычку з сабой.
ГАРОШКА. Мусіць, яны пазайздросцілі конскаму хлебу.
ГАНУЛЯ. Гэта Мікітка кожны дзень гэтак на службу ездзіць.
МІКІТА. А так, пане профэсар. Пры сучасным політычным і экономічным становішчы Расійскай, меджду протчым, імпэрыі няможна йначай. Цяпер так: калі конь можа цягаць павозку, то чалавек і пагатове. На тое ж у нас і абсалютная свабода, каб усё жывое мела абсалютнае раўнапраўе.
ЯНКА. Раўнапраўе-то раўнапраўе, але ж хіба яно вам не загадвае быць штодзень за нейкага саматужнага вазюра?
МІКІТА. О не! Каламажку я цягаю з сабой толькі дабравольна і толькі для ўласнай выгады. Па-першае: на службу і са службы важу патрэбныя сабе офіцыяльныя, меджду протчым, паперы; па-другое: важу, але ўжо толькі са службы, усялякія пайкі, коопэрацыйны тавар і іншае; па-трэцяе: вось пападаецца па дарозе якая-небудзь контрабанда, іначай кажучы — рэчы, якія ўвозіць у Менск забаронена: мука, крупы, бульба, сала, масла, цыбуля, рэдзька і гэтаму, меджду протчым, падобнае. Значыцца, выгандляваў цішком, каб ніхто не бачыў, тое-сёе з гэтай контрабанды на якую-сякую панчоху ці шкарпэтку, палажыў сабе, меджду протчым, на воз і вязі сабе ў сваёй каламажцы. Ну, і ці ж невыгодна?
АЛЕНКА (прабуючы падымаць паасобку партфелі ў каламажцы). Ну і цяжкія ж гэтыя торбы! Ці не каменне ў іх напакавана?
МІКІТА. Не каменне, меджду протчым, мамзэль, а наш хлеб штодзенны. (Дастаючы першы партфель.) У гэтым портфэльчыку ўсялякія асабістыя пасведчанні: на маю асобу, на маю кватэру, на ваду, на апал, на яду, на хадзьбу і гэтак далей, і яшчэ дакуманты на права ўставаць рана і не ўставаць рана, хадзіць на службу і не хадзіць на службу, насіць вопратку і не насіць вопратку, трымаць грошы і не трымаць грошы, мець сабе жонак і дзяцей і не мець сабе жонак і дзяцей, свістаць, меджду протчым, на...
ЯНКА (перабіўшы). А ў гэным другім лантуху?
МІКІТА (дастаючы другі партфель). А ў гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзолюцыі, інструкцыі аб раўнапраўі ўсіх расаў і падрасаў, усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці партфель.) У гэтым толькі грошы — мая пэнсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца і за два тыдні наперад. (Дастаючы чацвёрты, апошні партфель.) А ў гэтым карапузіку важнейшыя дакуманты: профсаюзу, біржы працы, культасветы, нашага № 157 348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым, далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі.) Далей ідуць мае за месяц чэрвень, за першыя дзесяць дзён ліпня і за два тыдні наперад дармовыя, меджду протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, не ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей, здаецца, нічога няма.
ЯНКА. Як уважаю, дойная каза выйшла з вашай свабоднай профэсіі аратара: столькі грошай, ды яшчэ дармовыя пайкі!
МІКІТА. Бачыце, пане профэсар, як вам сказаць, меджду протчым, я ўжо махнуў рукой на ўсе свабодныя профэсіі: штосьці мне яны не шанцуюць.
ГАНУЛЯ. Не шанцуюць, бо не за сваё бярэшся. Гэта ж, трэба вам ведаць, чуць не наклікаў на сваю галаву безгалоўя. Як толькі немцы выйшлі, то ён ужо на другі дзень палез на Трэку недзе на вышкі і давай на чым свет падбухторываць людзей. Спачатку ўсе здзівіўшыся глядзелі, смяяліся, а пасля давай шпурляць у яго чым хто папала. Сцягнулі гвалтам з вышак і немаведама куды б зацягнулі. Але, на шчасце, заступілася мамзэль Наста і сяк-так выпутала з гэтай бяды.