ГАНУЛЯ. Я так і падумала, але не сказала, бо пабаялася, што не патраплю вучоным па-вучонаму адказаць.
ЯНКА. А болей нічога не пыталіся?
ГАНУЛЯ. Нічога, толькі паміж сабой тое-сёе па-вучонаму пагаманілі, праз свае падзіральнікі туды-сюды зірнулі ды пайшлі. Усходні вучоны сказаў, што пойдзе на Захад, а Заходні сказаў, што пойдзе на Усход.
ЯНКА. Ну, цяпер яны не скора з сабой спаткаюцца.
ГАНУЛЯ. I я так падумала, але не паспела гэтага ім сказаць.
Уваходзіць МІКІТА. На шапцы ў яго вялікі значок з белым арлом — брыль абабіты бляхай; фрэнч і галіфэ новыя, з цёмна-жоўтага сукна, боты жоўтыя. Уваходзіць з напоўненым вядром.
З'ява II
Гануля, Янка, Аленка, Мікіта.
МІКІТА (паставіўшы вядро). А, меджду протчым, пан профэсар завітаў да нас. Маё ўшанаванне! Як я рад, як я рад, што з вамі спаткаўся. Ах, і мамзэль Аленка тут?! Дзень добры, мамзэль, меджду протчым.
АЛЕНКА. Дзень добры, пане рэгістратар! (3 удаваным смуткам.) Толькі ж я не мамзэль, а ўжо мадама.
МІКІТА. Тым лепей, меджду протчым. Віншую!
ЯНКА (паказваючы на вядро). А гэта што ў вас за такая зацірка ў ражцы?
МІКІТА. Не зацірка, дзядзька беларус, не зацірка, а праўдзівая цэнтра-белсаюзаўская, меджду протчым, патака. Добрыя людзі адчынілі склад з ёю на Нізкім рынку і — бяры хто хочаш і колькі хочаш. Можаце і вы набраць, меджду протчым.
ЯНКА. Дзякую за такія дары данайскія!
ГАНУЛЯ. А нашыя некаторыя мянчане, асабліва з Камароўкі і Пярэспы, гэткім спосабам апошнія гады і жывуць. Як толькі ўлада мяняецца, робяць сабе запас да новай перамены; мяняецца ўлада зноў — зноў робяць сабе запас да новай перамены, і гэтак ужо каторы год. А сёлета, апрача ўсяго іншага, дык яшчэ і дровы з Ваньковічава лесу самакатам коцяць і коцяць на вяроўках.
ЯНКА. Бачыў, бачыў. Такая праца йдзе, якраз як пры будове егіпецкіх пірамідаў.
МІКІТА. Меджду протчым, такое ўмелае скарыстанне перамен політычных сытуацый — надта лёгкі спосаб забяспечыць сябе на чорны дзень.
ЯНКА. А вы гэта забяспечанне пачалі, як відаць, ад патакі?
МІКІТА. Ад большага чаго я не паспеў, бо, меджду протчым, сапошні час заняты быў эвакуацыйнымі справамі, довадам чаго служаць вось гэтыя запакаваныя рэчы.
ЯНКА. Дык вы, пане рэгістратар, маніліся пакінуць усе свае руска-ісціныя варты і ўцякаць з роднага гораду?
МІКІТА. А так, пане профэсар, маніўся, меджду протчым.
ЯНКА. Што ж, можа, гэта акурат падходзячая была б для вас профэсія. Ездзі сабе са сваімі манаткамі ды ездзі сабе, як гандляр з козамі з кірмашу на кірмаш, туды-сюды ездзі сабе ды ездзі. Але ўсё ж такі, чаму вы не паехалі?
МІКІТА. Выйшла малая мітрэнга. Гэты, меджду протчым, рэдактар Гізульскі, што жыў да апошняга часу ў нашай кватэры, абяцаў мне вылатвіць «пшэпустку» на выезд, але падашукаў. Сам як пан выехаў, а мяне без «пшэпусткі» пакінуў. Дарма толькі на вакзал з рэчамі сцягаўся.
АЛЕНКА. I вы гэта, пане рэгістратар, так да сэрца ўзялі, што ажно барада ў вас вырасла, бо дагэтуль, здаецца, вы не насілі яе?
МІКІТА. А гэта, меджду протчым, яна вырасла ў звязку з політычнымі хмарамі на нашым Менскім горызонце. Мамзэль Наста загадзя папярэдзіла мяне з пэўных крыніц, што пры новай політычнай сытуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі і дабравольна адпраўляць іх на Урангелеўскі фронт. Вось я, не зважаючы на тое — выеду ці не выеду, і пастараўся не выглядаць маладым.
ЯНКА. Цяпер вам, пане рэгістратар, застаецца толькі прыдумываць новую свабодную профэсію ці новую клясавую рангу.
МІКІТА. Ды я ўжо прыдумаў, меджду протчым, толькі вы мне павінны ў гэтым памагчы.
ЯНКА. 3 вялікай ахвотай, калі патраплю.
МІКІТА. Патрапіце — гэта ваша профэсія. Справа ў тым: я пастанавіў перайсці ў вашу, меджду протчым, партыю.
ЯНКА. Ды я ж беспартыйны.
МІКІТА. Ну, як вам сказаць? Наогул, меджду протчым, хачу перайсці на ваш беларускі бок, ці як там. Адным словам, я надумаўся дабівацца беларускага асэсарства.
ЯНКА. О так! зусім зразумела. Цяпер гэта наймаднейшая свабодная профэсія, і кожны жук і жаба хоча на Беларушчыне рабіць сабе кар'еру.
МІКІТА (як бы не зразумеўшы прытычкі). Меджду протчым, пане профэсар, новая політычная сытуацыя і ўсё такое прымусілі мяне падумаць аб гэтай кар'еры. Бо як мне казала з пэўных крыніц мамзэль Наста, дык у вас заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Рэспубліка. Ужо нават едзе і старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў — толькі затрымаўся недзе за Менскам на папаску.
АЛЕНКА. А я чула, што і цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленску.