З'ява IV
Гануля, Дама, Спраўнік.
ДАМА (вітаючыся з Гануляй). Ах, мадам, да чаго мы дажыліся?!
СПРАЎНІК. Да чаго дажыліся?!
ГАНУЛЯ. Так! Не важна, паночкі, як бачу, дажыліся: зусім скромна выглядаеце ў гэтым бядацкім адзенні.
ДАМА І СПРАЎНІК. Занадта скромна!
ГАНУЛЯ. Што ж гэта вам так прыйшлося абяднець?
ДАМА. Ды не абяднець, мадам! Гэта мы так сабе... з прычыны перамены політычнай сытуацыі.
СПРАЎНІК. Усё былое вялічча прыйшлося загнаць у казіны рог і дапасоўвацца да новага часу і новых людзей.
ГАНУЛЯ. А я думала... што ж гэта я думала? Ага, што вы паехалі з тымі, як і з немцамі.
СПРАЎНІК. Пшэпустак усім не хапіла.
ДАМА. А я мела пшэпустку, але на адвітальным рауце неяк згубіла.
ГАНУЛЯ. I прыйшлося вам застацца!
ДАМА І СПРАЎНІК. Прыйшлося застацца.
ГАНУЛЯ. Бедныя ж вы! Мой Мікіта таксама застаўся. А той пан, што быў з вамі, — паехаў?
СПРАЎНІК. Яму хапіла пшэпусткі.
ДАМА. Ён не згубіў яе.
ГАНУЛЯ. Паехаў, а вас пакінуў — не па-кампанейску ён зрабіў.
СПРАЎНІК. Але я надта не бядую. Кажуць, сам Брусілаў ідзе побач з нашымі новымі гаспадарамі, дык не павінен жа ён папусціць у крыўду такіх вэтэранаў старой гвардыі, як я.
ДАМА. А я маю ўсе даныя на дармовую соцыяльную апеку. Апрача таго, бацюшка, які з намі ў вас гасціў, абяцаў, калі што якое мяне прыцісне, дык зробіць протэкцыю ў Прэображэнскі жаночы манастыр.
ГАНУЛЯ. Значыцца, бацюшка таксама не выехаў?
ДАМА. Не, не выехаў.
СПРАЎНІК. Толькі што пайшоў адбіраць у беларусаў ключы ад Юбілейнага дому.
ГАНУЛЯ. I чаго бацюшка палез у гэтую палітыку? Пільнаваў бы лепей ключоў ад архірэйскага дому.
Уваходзіць МІКІТА — босы і без курткі, у руках кошык з пляшкамі і два рэвальверы.
З'ява V
Гануля, Дама, Спраўнік, Мікіта.
ГАНУЛЯ. А мой жа ты сыночак! Хто ж цябе гэта абалваніў?
ДАМА (прыглядаючыся праз лёрнэтку на Мікіту). У вас, мусье рэгістратар, фасон касцюму, як і ў мяне з іх родзіем, — а ля-ба-сяк.
МІКІТА (стаўляючы кошык з пакупкамі і кладучы на стале рэвальверы, вітаючыся з гасцьмі). Меджду протчым, мадам-сіньёра, цалую ручкі! Іх родзію чэсць! Але, пардон, мадамы і мусьі! Выбачайце за мой нештодзенны выгляд. Мяне толькі што спаткала ў дарозе смешная прыгода. Калі бег я па гэтыя, меджду протчым, пакупкі, на Зыбіцкай вуліцы спаткалі мяне два, мабыць, апошнія ўцякаючыя паны, папрасілі мяне пастаяць, самі знялі куртачку, сказаўшы, што гэта з іхняга сукна, потым папрасілі пасядзець і таксама самі знялі боты, сказаўшы, што гэта з іхняй скуры.
ДАМА. А далей?
МІКІТА. А далей таксама хацелі тое-сёе, меджду протчым, знімаць, але пачалі падыходзіць людзі, дык падзякавалі і пайшлі.
ДАМА. Ах, якія ж усё-такі яны джэнтльмэны! Нават падзякавалі.
СПРАЎНІК. О, так, так! Пазнаць адразу пана па халявах.
ГАНУЛЯ. А грошы не адабралі?
МІКІТА. Меджду протчым, мамаша, не адабралі: бачыце, пакупкі прынёс. Гляньце!
ГАНУЛЯ (зірнуўшы ў кошык). А матачкі ж мае! Гэта ж гарэлка!..
МІКІТА. Але, меджду протчым, мамаша, — гарэлка. Бо гэта будзе самая цяпер даходная стацця. Новая ўлада гарэлку забараняе, а што забаронена, тое смачна і дорага каштуе.
ГАНУЛЯ (паказваючы на рэвальверы). А гэты качарэжкі на якое безгалоўе?
МІКІТА. Гэта таксама даходная стацця, прытым яны мне нічога не каштуюць: па дарозе адзін мой знаёмы пёрся з імі недзе ў чыстае поле і са страху сунуў іх мне, меджду протчым, дарма.
ГАНУЛЯ. Гарэлка... пісталеты... зусім не сэзонны тавар у гэты час.
МІКІТА. Меджду протчым, мамаша, пакіньце гэту справу на маю галаву, глядзеце вось лепей, ці не снуе хто няпэўны каля вакон. (Вымае з кошыка, то стаўляе назад бутэлькі.)
ГАНУЛЯ (углядаючыся ў вакно, пасля паўзы). Здаецца, ужо пачынаецца.
МІКІТА (устрывожаны). Што пачынаецца?
ГАНУЛЯ. Чагосьці прэцца сюды мамзэль Наста.
МІКІТА. Так бы адразу, меджду протчым, і сказалі, а то толькі пужаеце...
Убягае, засопшыся, НАСТА.
З'ява VI
Гануля, Мікіта, Дама, Спраўнік, Наста.
НАСТА (вітаючыся). Дзень добры! Дзень добры! Як маецеся? Смутную вам прыношу навіну. 3 пэўных крыніц я напэўна даведалася, што йдуць да вас трэсці.
МІКІТА. Што вы кажаце, мамзэль Наста: трэсці?
ГАНУЛЯ. Во няшчасце на нашу хату.
МІКІТА І ГАНУЛЯ (разам). Што рабіць? Што тут рабіць? Райце, мамзэль Наста!
НАСТА. Вывешвайце хутчэй праз вакно чырвоны сцяг. У падобных несамавітых сытуацыях такое вывешванне часам памагае. Хутчэй вывешвайце! А я пабягу. Мушу яшчэ дапасці там-сям — у пэўныя крыніцы. (Выйшла.)